Мабілізацыя ў Беларусі гатовая на 100 %. Інтэрв’ю з Паўлам Латушкам


Аляксандр Лукашэнка абяцаў Уладзіміру Пуціну дазволіць новы наступ на Украіну з тэрыторыі Беларусі. Дыктатар падрыхтаваў мабілізацыю ў нашай дзяржаве. Калі яна можа пачацца? Ці загадаюць беларускаму войску ўступіць у вайну? Як пасля вайны вывесці войскі Расеі з Беларусі? Падрабязнасці ў інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Паўлам Латушкам, беларускім амбасадарам, экс-міністрам культуры, а сёння віцэ-кіраўніком Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Сяргей Пеляса: На вашую думку, пасля візіту Уладзіміра Пуціна ў Менск рызыка ўдзелу беларускага войска ў адкрытай вайне супраць Украіны вырасла ці зменшылася?

Павел Латушка: Ці хтосьці лічыць, што букет кветак, які падараваў Лукашэнка Пуціну ў аэрапорце «Менск», быў дармовы? Ці заплаціў Пуцін Лукашэнку за той букет кветак? Калі паглядзець на публічныя вынікі гэтых размоваў, мы разумеем, што было дасягнутае пагадненне пра новы кошт паставак газу на рынак Беларусі. Гэты кошт, як казаў яшчэ перад сустрэчаю Пуціна і Лукашэнкі міністр энергетыкі Лукашэнкі, можа скласці 60–80 долараў. Мы пачуем бліжэйшым часам, але думаю, гэта будзе больш нізкі кошт у параўнанні з еўрапейскімі краінамі.

Лукашэнка казаў пра неабходнасць неабмежаванага доступу ўсіх беларускіх тавараў на расейскі рынак. Нават згадваў 50 прадпрыемстваў. Гэтае пытанне таксама вырашана. Пытанне пабудовы чарговага блоку атамнай электрастанцыі – пры тым, што Лукашэнка атрымаў 10 млрд долараў крэдыту ад Расеі на пабудову беларускай атамнай электрастанцыі і яшчэ не пачаў разлічвацца, гэта нават яшчэ не фігуруе ў беларускіх даўгах. Значыць, яшчэ дадатковыя ўкладанні. Фактычна ён атрымлівае энергетычныя рэсурсы і магчымасць доступу для беларускіх тавараў на самых карысных для рэжыму ўмовах. Чаму гэта зрабіў Пуцін? Не за букет кветак. Значыць, ён атрымаў штосьці ўзаемна. І гэтае ўзаемна мы пачулі.

Мы раней, яшчэ больш за паўгода таму, казалі пра гэта, і я звяртаўся і да Берліну, да Парыжу, Лондану, і з амерыканцамі былі размовы пра тое, што Лукашэнка з Пуціным плануюць размясціць ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі. Яны пацвердзілі, што самалёты Су-25 ужо мадэрнізаваныя, пілоты навучаюцца. Хоць я перакананы, што яны ўжо прайшлі навучэнне. «Іскандэры» і С-400 пастаўленыя на баявое дзяжурства. «Іскандэры» падвойнага прызначэння, якія могуць мець снарады тактычнай ядравай зброі. Мы ведаем з нашых крыніцаў, што афіцэры ракетных войскаў Беларусі выязджалі некалькі месяцаў таму ў Расейскую Федэрацыю, каб навучыцца лагістыцы захоўвання і дастаўкі тактычнай ядравай зброі. Мы стаім за крок да таго, як гэтае рашэнне будзе рэалізаванае, – пра размяшчэнне тактычнай ядравай зброі.

ВІДЭА
Ці даціснуў Пуцін Лукашэнку?
2022.12.22 19:55

Пуцін сказаў, што будуць вылучацца сродкі на імпартазамяшчэнне. Што такое імпартазамяшчэнне ў разуменні Лукашэнкі і Пуціна? Гэта інвестыцыі ў вайскова-прамысловы комплекс Беларусі. Перадусім вытворчасць дронаў. І мы маем інфармацыю, што менавіта гэта абмяркоўвалі Макей і прэм’ер Галоўчанка ў Тэгеране падчас апошніх візітаў. Там былі беларускія вайскоўцы. Мы памятаем, што і Лукашэнка наведваў адпаведны завод каля Баранавічаў. Гэта будуць дроны паводле іранскіх тэхналогіяў, балістычныя ракеты. На мінулым тыдні была апублікаваная інфармацыя амерыканцамі, што яны ведаюць пра падпісанне адпаведнага пагаднення паміж Расеяй і Іранам. Мы таксама маем інсайды, што гэты праект будзе рэалізаваны з удзелам рэжыму Лукашэнкі. Гэта «Паланэзы», якія таксама хацела б замовіць Расея.

Гэтага ўсяго дастаткова, каб сказаць, што Лукашэнка ўдзельнічае ў гэтай вайне.

Пытанне, ці ўвойдуць беларускія войскі, ці будзе дадзены загад. Апошнія інсайды нам кажуць, што менавіта падчас сустрэчы Шайгу і Хрэніна, а пазней размоваў Пуціна і Лукашэнкі, якраз закраналі і тое, каб Лукашэнка даў згоду на паўторнае ўваходжанне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі расейскіх Узброеных сілаў. І гэтую згоду Лукашэнка даў. Ці войдуць беларускія войскі? Мы таксама маем інфармацыю, што з улікам таго, што падрыхтаваная мабілізацыя ў Беларусі, яны фактычна робяць пераправерку – адпаведныя сілавыя структуры. Пераправяраюць Міністэрства абароны адносна падрыхтоўкі да мабілізацыі. Яны могуць толькі націснуць кнопку, і найбліжэйшым часам мабілізацыя можа пачацца.

Мы можам думаць, што мабілізацыя можа пачацца пасля праваслаўных святаў, 7 студзеня.

Я б не выключаў такога сцэнару, які будзе звязаны з закрыццём межаў для беларускіх вайсковаабавязаных, якія не змогуць пасля гэтага пакінуць Беларусь. Рызыка такога сцэнару рэальная. Ці пойдуць беларускія войскі разам з расейскімі – і калі пойдуць па тэрыторыі Украіны, залежыць ад шмат якіх фактараў. Залежыць ад развіцця сітуацыі на Данбасе, іншых дзеянняў РФ, але тое, што Лукашэнка даў згоду і за гэта атрымаў вялікія эканамічныя, фінансавыя бонусы, – гэта пэўна. Беларускія войскі, найхутчэй, будуць выкарыстаныя другім эшалонам, не ў першых шэрагах. Сцэнар, пра які мы казалі і некалькі месяцаў кажам нашым украінскім партнёрам, – гэта правакацыі на мяжы з Украінай, якія дазволяць расейцам сцягнуць як мага большую колькасць украінскіх сілаў да мяжы з Беларуссю і адцягнуць іх дзеянні на ўсходнім кірунку.

Што яшчэ можна зрабіць вам, як беларускаму альтэрнатыўнаму ўраду, заходнім партнёрам да моманту, калі Беларусь яшчэ глыбей будзе зацягнутая ў гэтую вайну? Напрыклад, генерал Ходжэз, былы камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе, прапанаваў падчас нарады ў Атлантычнай радзе, каб NATO правяло побач з межамі Беларусі непланавыя вучэнні. Такім чынам дапамагчы Лукашэнку з адгаворкай не ўвязвацца ў вайну. Маўляў, глядзіце – Захад ладзіць вучэнні, я не магу ўвязвацца ў вайну. Я дапамагу інфраструктурай, тэхнікаю, але мае войскі не пойдуць, бо мы мусім абараняць заходнія межы саюзнай дзяржавы. Як вы ставіцеся да такой ідэі, каб правесці такія нечаканыя вучэнні і гэтак дапамагчы? Ці мае гэта сэнс, ці мо нейкія іншыя ідэі варта падказаць заходнім партнёрам, каб мінімізаваць магчымы ўдзел беларускіх войскаў у адкрытай агрэсіі?

Мне падаецца, заходнія партнёры робяць базавую памылковую ацэнку сітуацыі, ролі і магчымасцяў Лукашэнкі ў гэтым сцэнары. Вельмі часта мы чуем тэзіс, які паўтараюць заходнія палітолагі і заходнія медыі, і гэта падхопліваюць нашыя партнёры на Захадзе, у тым ліку ў ЗША, ЕЗ і Вялікай Брытаніі, што нібыта Лукашэнка лавіруе паміж Усходам і Захадам. Што ў яго ёсць поле для манеўру і ён яшчэ можа зрабіць выбар. Так, я пагаджуся, Лукашэнка лавіруе, але Лукашэнка лавіруе паміж Пуціным і Пуціным. Ён лавіруе дзеля таго, каб атрымаць больш выгодаў, бонусаў фінансава-гаспадарчых ад Расеі і Пуціна, каб выканаць стратэгічныя задачы, якія ставіць яму Пуцін. Тут магчымасцяў для манеўру ў яго не існуе.

Пытанне сёння ў тым, ці трэба Пуціну націснуць на Лукашэнку, каб беларускія войскі пайшлі ва Украіну? Мой адназначны адказ – не. Чаму ён у гэтым не зацікаўлены? Бо калі беларускія войскі пойдуць ва Украіну, яны атрымаюць у лоб. Гэта прывядзе да ахвяраў, да трыгернай сітуацыі ўнутры краіны. Лукашэнка не зможа прадаваць беларусам легенды, што ён заўсёды за мір і такі міралюбівец і не хоча ваяваць. Гэта трыгер у Беларусі – і гэта праблема для Лукашэнкі і Пуціна. Ці патрэбная Пуціну праблема ў Беларусі?

Ён кантралюе гэтую марыянетку, выкарыстоўвае яго так, як яму трэба.

Па-другое, гэтага не хоча і сам Лукашэнка. Таму сёння казаць, што ёсць мэта ў Расеі – прымусіць Лукашэнку накіраваць беларускія войскі, – нельга. Адзіная мэта – стварэнне пагрозы. Тое, што мы бачым апошнімі днямі. Эшалоны расейскіх танкаў перамяшчаюцца па тэрыторыі Беларусі. Колькасць узброеных сілаў павялічваецца. Гэта стварае пагрозу ўжывання сілы, што парушае Канстытуцыю Беларусі. Лукашэнка ўвогуле Канстытуцыю не чытае і чытаць не хоча. Гэта ўжо злачынства і агрэсія. Пытанне, ці пяройдзе гэтая пагроза ў дзеянні? Пяройдзе – але толькі тады, калі будзе сфармаваная ўдарная групоўка расейскіх Узброеных сілаў і да гэтага далучацца беларусы. Выхаду ў Лукашэнкі не будзе.

Я згодны, што трэба рабіць розныя захады, але робіцца памылка: са жніўня не ўводзяцца санкцыі супраць Лукашэнкі, амерыканскія і еўрапейскія. Так, канадцы ўвялі, Польшча ўвяла. Дзякуй, што прыслухоўваюцца да нашага меркавання. Але яны як бы даюць дадатковы час Лукашэнку і Пуціну лепш падрыхтавацца да другой фазы вайны. І гэта стратэгічная памылка. Я прытрымліваюся гэтага падыходу і тлумачу – на жаль, пакуль нас не чуюць. Нават калі я памыляюся, я лічу, што ціск на Лукашэнку ні ў якім разе не справакуе ягонага жадання накіраваць беларускіх жаўнераў ва Украіну. Для яго гэта палітычная смерць. Трэба ціснуць, уводзіць санкцыі, паказаць яму дарогу ў Гаагу – як Мілошэвічу. Ён сам згадвае ў гутарках са сваімі сябрамі з хунты, што ён гэтага лёсу не хоча. Не ўжываюцца інструменты міжнароднай крымінальнай адказнасці, універсальнай адказнасці, санкцыйнай палітыкі. Лукашэнку вывелі з полю ціску. І гэта памылка.

1-я частка інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» ад 22.12.2022. Працяг неўзабаве.

Стужка навінаў