Канфліктныя Азербайджан – Арменія, Кыргызстан – Таджыкістан. Глядзім, ці закончыліся баі і дзе АДКБ


Таджыкістан і Кыргызстан падпісалі 20 верасня пагадненне аб урэгуляванні канфлікту. Арменія і Азербайджан дамовіліся спыніць агонь тыдзень таму, цяпер іх спрабуюць прымірыць ЗША і ААН. Але прычыны канфліктаў не зніклі, а зніклі надзеі на Крэмль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні АДКБ. Цэнтр «Эдэльвейс», Кыргызстан. 7 верасня 2021 года.
Фота: odkb-csto.org

Чаму выбухнулі канфлікты

Баі як між Азербайджанам і Арменіяй, так і між Кыргызстанам і Таджыкістанам распачаліся неўзабаве пасля адступлення войскаў Расеі з Харкаўскай вобласці Украіны. Наўпрост гэтыя падзеі не звязаныя, але эксперты адзначаюць (тут, тут або тут), што дзякуючы вайне ва Украіне Расея страціла ўплыў у рэгіёне, а гэта стала як мінімум дадатковым фактарам цяперашніх баёў.

Прычыны канфліктаў жа значна даўнейшыя і звязаныя з тым, што народы «перамяшаныя» і не аддзеленыя адназначнымі і дэлімітаванымі межамі, а фактычны кантроль над тэрыторыямі не супадае з этнічнымі межамі.

Азербайджан і Арменія канфліктуюць праз Нагорны Карабах – самаабвешчаную і непрызнаную рэспубліку Арцах на тэрыторыі Азербайджану, населеную армянамі. Этнічныя канфлікты трываюць там больш за сто гадоў, буйная вайна была ў 1991–94 гадах, некалькі месяцаў трываў крывавы канфлікт у 2020 годзе.

Гарады і сёлы Арменіі, з якіх паведамлялі пра абстрэлы 13 верасня 2022 года. Мапа на аснове выявы: Golden / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

У выніку частка тэрыторыі Нагорнага Карабаху перайшла пад кантроль Азербайджану, частку Арцаху і лачынскі калідор ад яго да Арменіі праз тэрыторыю Азербайджану кантралююць расейскія «міратворцы».

Фармальна цяперашні канфлікт не звязаны з НКР. Паводле версіі Азербайджану, была дыверсія з боку Арменіі, на якую адказалі ўдарамі па тэрыторыі Арменіі (а не непрызнанай НКР). Арменія ж заяўляе, што Азербайджан хоча адбіць памежныя тэрыторыі і «праціснуць» стварэнне зангезурскага калідору на тэрыторыі Арменіі – між буйной часткай Азербайджану і Нахічэванскай Аўтаномнай Рэспублікай у складзе Азербайджану «па іншы бок» Арменіі. Пры тым у Азербайджане неафіцыйна (але нярэдка) выказваюцца прэтэнзіі на паўднёвую частку Арменіі – рэгіён Зангезур.

Аналітыка
Хто спрабуе «перавярнуць стол» у Закаўказзі? Што стаіць за канфліктам паміж Арменіяй і Азербайджанам
2022.09.13 18:00

Кыргызстан і Таджыкістан канфліктуюць праз сем дзясяткаў участкаў мяжы – каля паловы мяжы між імі не дэмаркавана, бакі лічаць правільнымі савецкія мапы розных гадоў, а людзі розных народаў жывуць поплеч «у шахматным парадку». Канфлікты пачаліся з распадам СССР (у савецкі час межы між рэспублікамі Саюзу не мелі такога значэння), нярэдка перарасталі ў перастрэлкі і ледзь не прывялі да буйной вайны ў 2014 годзе, яшчэ адзін буйны канфлікт быў у 2021 годзе.

Канфлікты на лакальным узроўні ўзнікаюць праз доступ да вады (асабліва важнай у горным сельскагаспадарчым рэгіёне) і пашаў для жывёлы, а таксама праз гаспадарчыя і будаўнічыя работы, якія фармальна забароненыя на спрэчных тэрыторыях да канчатковай дэмаркацыі мяжы, а фактычна ладзяцца зноў і зноў. Канфлікт можа пачацца праз зусім дробную справу ці нават праз славесныя абразы – так, у 2021 годзе дзясяткі чалавек загінулі праз тое, што таджыкі паставілі камеру назірання каля водазабору, а кіргізы паспрабавалі спілаваць слуп з камерай.

Цяперашнія баі пачаліся ў раёне таджыкскага эксклаву Ворух праз абстрэл таджыкскіх памежнікаў у тым раёне: Таджыкістан заяўляў, што кіргізы абстралялі іх без прычыны, а Кыргызстан – што памежнікі зайшлі на непадзеленую тэрыторыю. Пазней баі разгарнуліся і на іншых адцінках мяжы.

Тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў цяперашнім кіргізска-таджыкскім канфлікце не такія маштабныя, як у армянска-азербайджанскім. Прынамсі публічна вядзецца пра спыненне агню на спрэчных тэрыторыях і працяг дэмаркацыі мяжы. Але Таджыкістан не прызнае Ворух эксклавам, а лічыць, што ён злучаны з астатняй тэрыторыяй Таджыкістану.

Аналітыка
Напад Расеі на Украіну змяніў сітуацыю ў Цэнтральнай Азіі і на Каўказе. Рэгіён у пошуку новага гаранта бяспекі
2022.09.15 12:01

На чым спыніліся

  • Арменія налічыла са свайго боку 207 загінулых або зніклых (загінулі ў тым ліку тры цывільныя, яшчэ два зніклі), 300 параненых (з іх сем – цывільныя), 20 палонных вайскоўцаў. Армянскі бок заяўляе, што мае доказы катавання палонных азербайджанскімі вайскоўцамі.
  • Азербайджан заяўляў аб 80 загінулых і 281 параненым вайскоўцы са свайго боку, а таксама аб двух пацярпелых цывільных.

Бакі дамовіліся спыніць агонь яшчэ 14 верасня. Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган 17 верасня расказаў, што кіраўнік Азербайджану Ільхам Аліеў паведаміў яму аб «завяршэнні аперацыі». Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен у ноч на 20 верасня зладзіў беспасярэднія перамовы між міністрамі замежных справаў Арменіі і Азербайджану, а генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыш сустрэўся з міністрам замежных справаў Азербайджану на Генасамблеі ААН. У Арменію нядаўна лятала спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі, збірацца ў Арменію і генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась.

  • Кыргызстан налічыў 59 загінулых (з іх 40 – вайскоўцы) і 198 параненых (з іх не менш за 70 – вайскоўцы), у ліку пацярпелых – 12 дзяцей.
  • Таджыкістан заявіў аб 41 загінулым і дзясятках параненых, з якіх большасць – мірныя жыхары.

Бакі канчаткова дамовіліся спыніць агонь і адвесці войскі ад мяжы 19 верасня. Кіраўнікі Таджыкістану і Узбекістану сустракаліся яшчэ 16 верасня на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы, заявілі аб дамове спыніць агонь, але баі працягваліся. Цяпер жа частку эвакуяваных жыхароў Кыргызстану пускаюць назад у іхныя дамы. Гэты канфлікт атрымаў меншы міжнародны розгалас, чым армянска-азербайджанскі, і прынёс менш смерцяў. Праўда, стаў больш крывавым, чым леташні кіргізска-таджыкскі канфлікт, у якім загінулі агулам 55 чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пахаванне вайскоўца Сабухі Ахмедава, які быў забіты ў памежных сутыкненнях паміж Азербайджанам і Арменіяй. Баку, Азербайджан. 14 верасня 2022 года.
Фота: Aziz Karimov / Reuters / Forum

Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы – ці аб калектыўным бяздзеянні?

У склад АДКБ уваходзяць шэсць краінаў, з якіх у верасні не ваяваў адзін толькі Казахстан. Расея напала на Украіну, Беларусь выступіла ў гэтай вайне суагрэсарам, Арменія ваявала з Азербайджанам (які выйшаў з АДКБ у 1999 годзе), а Кыргызстан і Таджыкістан ваявалі між сабой.

«Міратворцы» АДКБ у студзені былі ў Казахстане. Вядома, што падчас пратэстаў яны ахоўвалі аб’екты інфраструктуры (напрыклад, аэрадромы і цеплаэлектрастанцыі), але ці бралі яны ўдзел у здушэнні пратэстаў, невядома. На просьбу кіраўніка Казахстану Касым-Жамарта Такаева, які ўтрымаў уладу, «міратворцаў» вывелі.

Пасля Казахстану АДКБ у канфлікты не ўмешвалася. На просьбу Арменіі АДКБ адказала выпраўленнем назіральнай місіі, перадавая група пакінула краіну 19 верасня. Арменіі не спадабалася: чакалі «больш адчувальных крокаў» і «зрабілі высновы», але пра выхад з АДКБ пакуль не заяўлялі (хоць такія заклікі былі на мітынгах).

На кіргізска-таджыкскі канфлікт АДКБ адрэагавала яшчэ слабей: выказалі надзею на замірэнне, генеральны сакратар правёў перамовы з кіраўнікамі Радаў бяспекі Кыргызстану і Таджыкістану – і ўсё. Расея асобна падкрэсліла, што Кыргызстан і Таджыкістан не выносілі свайго канфлікту на абмеркаванне нават у ШАС.

Праз слабы ўдзел Расеі ў пераадоленні гэтых канфліктаў і малы інтарэс Уладзіміра Пуціна да гэтых рэгіёнаў больш гучнымі робяцца размовы аб інтарэсах іншых краінаў, як то Турэччыны і Кітаю, а то нават аб «развароце» Арменіі да ЗША або зацікаўленасці Еўразвязу ў азербайджанскім газе. Пакуль «новага міратворца» ў абодвух канфліктах не з’явілася, а старыя праблемы з межамі застаюцца непераадоленымі.

Hавiны
Кадыраў раскрытыкаваў краіны АДКБ за адмову падтрымаць уварванне ва Украіну
2022.06.19 08:42

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў