Старшыня армянскага парламента Ален Сіманян выказаў незадаволенасць дзеяннямі Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі (АДКБ) у адказ на запыт Арменіі з канфлікту з Азербайджанам. Пра гэта паведамляюць «Новости Армении».
«Нашы чаканні не апраўдваюцца. Мы не зможам працяглы час тлумачыць нашаму народу, чаму АДКБ не робіць тое, для чаго прызначана. Мы ўжо зрабілі свае высновы з гэтага», – сказаў Сіманян.
Аднак, паводле яго, зараз «не час рабіць рэзкія рухі».
Сіманян заявіў, што чакае ад расейскіх партнёраў «нашмат больш адчувальных крокаў, а не рэакцыі на ўзроўні заяваў ці паўсловаў».
«Але я здзіўлены і выказваю сваю нязгоду з тым, што іх грамадскае тэлебачанне паказвае рэпартажы, у якіх у адрас кіраўніцтва Арменіі гучаць правакацыйныя заявы… Мы шчыра не разумеем сэнсу гэтай рыторыкі і такой тактыкі», – сказаў спікер парламенту.
У ноч на 13 верасня Азербайджан абстраляў Арменію, патлумачыўшы гэта «дыверсіяй» з армянскага боку. Завязаліся баі.
Арменія звярнулася да Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы і да Расеі па дапамогу (у АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, але не Азербайджан). АДКБ склікала пазачарговую сесію, але пастанавіла пакуль толькі назіраць.
У сесіі ўзялі ўдзел Уладзімір Пуцін, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, кіраўнікі Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану. Беларусь рэпрэзентаваў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
У АДКБ выказалі спачуванне Арменіі і дамовіліся накіраваць туды місію на чале з генеральным сакратаром арганізацыі Станіславам Засем (былы дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі) і з удзелам начальніка Аб’яднанага штабу АДКБ Анатолем Сідаравым (колішні начальнік Заходняй вайсковай акругі Расеі) ды іншых прадстаўнікоў краінаў-чальцоў.
Якуб Хруст belsat.eu