news
Разбор
FAQ. Выдача пашпартоў за мяжою, даверанасці, шлюб і дзеці – шукаем адказы паміж радкоў указу
Як жыць за мяжой у новых умовах?
08.09.202316:47

Указ Лукашэнкі аб скарачэнні функцыяў дыпламатычных прадстаўніцтваў нарабіў праблемаў 15 % беларусаў: цяпер за мяжою нельга памяняць пашпарт і зрабіць даверанасць на продаж кватэры на радзіме, а заключыць шлюб цяжэй. «Белсат» сабраў тое, што вядома, але шмат чаго яшчэ не ведаюць нават беларускія чыноўнікі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза.
Фота: Белсат

Амбасады і консульствы Беларусі перасталі выдаваць і мяняць пашпарты. Адпаведны ўказ набыў моц 7 верасня 2023 года. Атрымаць ці абмяняць пашпарт Беларусі можна толькі «ў органах унутраных справаў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства» – гэта значыць, у Беларусі. Выглядае на тое, што нават пашпарты серыі PP для тых, хто стала жыве за мяжою, будуць выдаваць або мяняць толькі ў Беларусі. Затое консулы маюць права канфіскаваць пасведчанне асобы (пашпарт).

Шмат якія даверанасці, складзеныя за мяжою, перастануць працаваць у Беларусі. Заявы аб адміністрацыйных працэдурах у Беларусі цяпер трэба падаваць асабіста або праз прадстаўніка на падставе даверанасці, аформленай у Беларусі. То бок паводле «замежнай» даверанасці цяпер нельга прадаць кватэру ці аўтамабіль (нават калі даверанасць рабілі ў амбасадзе), нельга нават аднавіць страчанае пасведчанне аб нараджэнні або атрымаць даведку з ЗАГСу аб адсутнасці заключанага шлюбу, каб заключыць новы шлюб за мяжою. Указ не забараняе паводле «замежнай» даверанасці рэпрэзентаваць інтарэсы чалавека ў дзяржаўных органах, атрымліваць за чалавека карэспандэнцыю, распараджацца маёмасцю, што не падлягае рэгістрацыі… Значыць, прадаць кватэру з «замежнаю» даверанасцю нельга, але прадаць умоўны тэлевізар з гэтай кватэры можна.

«Непалітычным» таксама небяспечна ездзіць у Беларусь. Асноўныя праблемы з усім гэтым – у тых, хто не можа паехаць на радзіму, бо можа трапіць пад палітычны пераслед. Але ў Беларусі пасадзіць могуць і тых, хто не лічыць, што парушае законы. «Народныя амбасады» сабралі спіс нагодаў для рэпрэсіяў: гэта не толькі ўдзел у пратэстах ці ахвяраванні ў фонды салідарнасці, але і, напрыклад, камбінацыя белага і чырвонага колеру на аватарцы ў сацсетцы або «лайкі» пад звычайнымі навінамі медыяў, названых «экстрэмісцкімі» (спісы «экстрэмізмаў» непрадказальныя). У якіх выпадках захочуць, а ў якіх не захочуць пасадзіць, прадказаць немагчыма, дый калі захочуць, знайсці нагоду не будзе праблемай: «лайк» пад навіною з Tut.by таксама «злачынства». Больш за тое, бывае «агонь па сваіх» – затрымаць за «экстрэмізм» у Беларусі могуць нават праўладных актывістаў. А могуць незаконна забараніць выезд з Беларусі за тое, што чалавек не паведаміў уладам пра замежны від на жыхарства.

Некаторыя функцыі ў амбасадаў і консульстваў засталіся. Работнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі за мяжою змогуць рабіць менш натарыяльных дзеянняў: толькі засведчыць сапраўднасць шэрагу дакументаў ці дакладнасць іх копіяў або перакладаў, засведчыць тоеснасць чалавека з асобаю, выяўленаю на фота, а таксама выдаць дублікаты натарыяльных дакументаў, якія захоўваюцца ў дыпламатычных прадстаўніцтвах (поўны спіс дзеянняў ёсць ва ўказе).

Чыноўнікі і самі не ведаюць, што могуць і чаго не могуць. Мяркуючы з публікацыяў журналістаў і простых карыстальнікаў сацсетак, амбасады, консульствы і нават Міністэрства замежных справаў не можа даць адказаў на ўсе пытанні аб указе. Напрыклад, радыё «Свабода» спрабавала высветліць, ці можна зарэгістраваць або скасаваць шлюб у консульстве, калі ўказ гэтага не забараняе, дык працаўнікі консульства прызналіся, што не ведаюць.

Заключыць шлюб без даведкі з ЗАГСу насамрэч можна. Не ўва ўсіх краінах для заключэння шлюбу трэба мець даведку аб адсутнасці заключанага шлюбу – напрыклад, у Грузіі гэтага не патрабуюць. А ў Польшчы можна падаць заяву ў суд і патлумачыць, чаму такую даведку немагчыма атрымаць. У некаторых штатах ЗША можна заключыць шлюб не толькі без даведкі, але і дыстанцыйна праз відэасувязь – пара беларусаў расказвала пра гэта выданню «Мост».

Што з атрыманнем спадчыны ў Беларусі, незразумела. З аднаго боку, пасведчанне аб праве на атрыманне спадчыны выдаецца натарыусам па апошнім месцы пражывання памерлага, і цяпер, калі няма аформленай у Беларусі даверанасці, для атрымання ў спадчыну кватэры ці аўтамабіля трэба ехаць да натарыуса асабіста. З другога боку, на час пандэміі каронавіруса Беларуская натарыяльная палата дазваляла скіроўваць з-за мяжы поштай або факсам заявы аб прыняцці спадчыны або выдачы пасведчання на спадчыну. На інфармацыйнай лініі Натарыяльнай палаты «Белсату» сказалі, што гэтая норма мае дзеяць, але пэўнасці не мелі і параілі звярнуцца з пытаннем таксама да канкрэтнага натарыуса па месцы жыхарства. Ды нават калі ўдасца здабыць права на спадчыну, каб распараджацца атрыманай кватэрай ці аўтамабілем, трэба будзе прыязджаць у Беларусь або мець атрыманую ў Беларусі даверанасць, у якой прапісаныя паўнамоцтвы на гэта.

Жыць за мяжою без пашпарта шмат дзе незаконна, але ёсць «замяняльнікі» пашпарта. Законы розных краінаў патрабуюць розных дакументаў ад замежнікаў, але абсалютная большасць патрабуе ад замежніка мець не пашпарт, а які-небудзь падарожны дакумент. Такім дакументам можа быць як пашпарт Рэспублікі Беларусь, так і «пашпарт замежніка» або падарожны дакумент замежніка, які дае краіна побыту. Пакуль дэмакратычныя сілы не сабралі на адной старонцы ўсіх магчымых варыянтаў для розных краінаў, але інструкцыі для шэрагу краінаў публікуюць на сайце Pashpart.org. Большасць краінаў, куды эмігравалі беларусы, выдаюць нейкія падарожныя дакументы, але ўмовы выдачы розныя.

Найпрасцей атрымаць падарожны дакумент у Польшчы і Літве. У Польшчы прынамсі да канца 2023 года беларусам з любым відам на жыхарства бясплатна даюць польскі падарожны дакумент – вось як яго атрымаць (праўда, ён дзее толькі адзін год – юрысты спрабуюць пераканаць польскія ўлады падоўжыць гэты тэрмін). У Літве беларусам таксама лёгка атрымаць пашпарт замежніка, маючы любы від на жыхарства, але трэба абгрунтаваць немагчымасць атрымаць «родны» пашпарт (агульныя інструкцыі аб міграцыі ў Літву для беларусаў – тут у фармаце PDF). Дэпартамент міграцыі Літвы абяцае не абмяжоўваць выдачы пашпартоў замежніка беларусам, якія маюць падставы асцерагацца пераследу на радзіме.

У іншых краінах – па-рознаму. Гэтак, у Латвіі, як расказаў «Белсату» прадстаўнік асацыяцыі беларусаў Латвіі «Суполка», проста з відам на жыхарства не дадуць падарожнага дакументу – трэба падавацца на міжнародную абарону (могуць даць статус уцекача або «альтэрнатыўны статус» – гэта як дадатковая абарона ў Польшчы). Сітуацыя ў розных краінах «не інтуітыўная»: напрыклад, у Фінляндыі беларусу на момант публікацыі прасцей атрымаць падарожны дакумент, чым у Эстоніі, хоць і там, і там падарожны дакумент маюць выдаваць любому ўладальніку віду на жыхарства, які не можа атрымаць пашпарта краіны свайго грамадзянства. У шэрагу краінаў ёсць шмат варыянтаў падарожных дакументаў і шмат аспектаў іх атрымання – напрыклад, вось гадзінная лекцыя пра ЗША. А недзе, як у Нямеччыне, пакуль не ведаюць, што рабіць з беларусамі, якія засталіся без пашпартоў, хоць магчымасць атрымаць падарожны дакумент для ўцекачоў там ёсць.

Аналітыка
Помста за нелюбоў да Лукашэнкі. Навошта эмігрантаў пазбаўляюць пашпартоў і даверанасцяў
2023.09.06 19:13

Шмат праблемаў можа быць у Грузіі і Украіне. Шэраг экспертаў непакоіцца за беларусаў у Грузіі. Туды з’ехала шмат нашых суграмадзянаў, бо ў Грузіі беларусам можна жыць без візы і віду на жыхарства (хіба што раз на год трэба рабіць «візаран»). Але Грузія не выдае падарожных дакументаў тым беларусам, хто не мае статусу ўцекача, а атрымаць такі статус там складана – нават дадатковую абарону даюць рэдка. Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак раіць рыхтавацца да пераезду з Грузіі ў Еўразвяз. Мяркуючы з каментароў пад гэтай парадай, падобная праблема і ў беларусаў ва Украіне – там таксама не выдаюць падарожных дакументаў грамадзянам Беларусі без статусу ўцекача.

Грамадзянства не дадуць за тое, што ты беларус. Падобна, ніводная краіна свету яшчэ не гатовая прыняць беларусаў у грамадзянства проста з прычыны рэпрэсіяў і скарачэння функцыяналу амбасадаў. Колькасць краінаў, якія даюць «залаты пашпарт» за набыццё маёмасці ці інвестыцыі, пастаянна скарачаецца, дый патрэбныя сумы – сотні тысяч долараў. Параўнальна нядорага можна купіць «пашпарты» непрызнаных мікранацыяў, але яны не дадуць правоў, што дае сапраўдны пашпарт прызнанай дзяржавы. Беларусам па-ранейшаму даюць грамадзянства іншых краінаў пры выкананні пэўных умоваў (напрыклад, атрыманне дазволу на жыхарства і пражыванне ў краіне пэўны час), але шэраг краінаў можа патрабаваць адмовіцца ад старога грамадзянства перад атрыманнем новага – і для гэтага недзе можа спатрэбіцца не толькі від на жыхарства, але і дзейны беларускі пашпарт.

Камплект «ВНЖ + падарожны дакумент» амаль заўсёды заменіць пашпарт. Без аднаго з гэтых дакументаў могуць узнікнуць праблемы пры замежных падарожжах, адкрыцці рахункаў у банках або прыёме на працу, але разам від на жыхарства і падарожны дакумент замяняюць пашпарт у абсалютнай бальшыні сітуацыяў. Хіба ў падарожны дакумент не ставяць пячатак аб шлюбе і не ўпісваюць дзяцей – трэба быць гатовымі паказаць пасведчанні аб шлюбе ці нараджэнні (а атрыманне іх копіяў у выпадку страты ці псавання цяпер немагчымае за межамі Беларусі).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Падарожнага дакументу могуць не зразумець. Сітуацыя, калі чалавек не можа атрымаць пашпарта краіны свайго грамадзянства, усё ж даволі рэдкая: трэба рыхтавацца адстойваць свае правы, калі чыноўнік ці работнік кампаніі кажа, што так нельга, хоць у законах прапісана, што так можна. Напрыклад, чытач «Белсату» нядаўна сутыкнуўся з тым, што яго не пусцілі на самалёт «Ryanair» з «жэнеўскім пашпартам» – падарожным дакументам уцекача. Паводле ўсіх законаў і правілаў, былі абавязаныя пусціць, але адмовілі ў пасадцы без тлумачэнняў і не захацелі вяртаць грошай за прапушчаны палёт.

Некаторых падарожных дакументаў могуць не прызнаваць пэўныя краіны. Тэарэтычна, беларусы ў Турэччыне могуць звярнуцца па падарожны дакумент ці пашпарт замежніка, але з такімі дакументамі не пусцяць у шэраг краінаў – іх, напрыклад, прызнае Польшча і не прызнае Літва, а Латвія прызнае турэцкі пашпарт замежніка, але не турэцкі падарожны дакумент замежніка. Табліцамі прызнання падарожных дакументаў падзяліўся з «Белсатам» прадстаўнік кампаніі Алеся Міхалевіча UAB «Legal Status». І напісанае ў гэтых табліцах часам выклікае здзіўленне: напрыклад, Францыя не прызнае падарожных сертыфікатаў і спецыяльных пашпартоў для замежнікаў, выдадзеных Харватыяй, хоць прызнае падарожныя дакументы Харватыі для ўцекачоў і асобаў без грамадзянства – а Францыя і Харватыя ж ёсць саюзнікамі ў Еўразвязе і NATO, жорстка супернічаюць хіба ў футболе. Частыя неспадзяванкі таксама ёсць у прызнанні падарожных дакументаў Іспаніяй. Ды ўсе краіны Еўразвязу прызнаюць літоўскі пашпарт замежніка і польскі падарожны дакумент (хіба Францыя і Іспанія не прызнаюць часовага польскага падарожнага дакументу, які наўрад ці будзе прасіць шмат беларусаў). У табліцах прызнання асобна пазначана, на якую дату звесткі: з часам яны могуць стаць неактуальнымі, таму варта перад паездкай цікавіцца ў міграцыйных службаў, ці пусцяць у канкрэтную краіну з канкрэтным відам дакументу.

Падарожны дакумент замежніка не дае аўтаматычнага «бязвізу». Права наведваць пэўныя краіны дае або грамадзянства (і пашпарт грамадзяніна), або від на жыхарства, але не падарожны дакумент, які выдаюць замежніку замест пашпарта. Каб атрымаць падарожны дакумент замежніка, часцей за ўсё трэба мець нейкі легальны статус у краіне выдачы, а від на жыхарства ў Польшчы ці Літве дае права ездзіць па краінах Шэнгенскай зоны без візы цягам 90 дзён у 180-дзённы перыяд. Пры гэтым у паездцы лепей мець з сабою і падарожны дакумент, і картку ВНЖ, а для паездак па-за «шэнген» трэба атрымліваць візу ў падарожны дакумент.

Агляд
Куды беларусы звярталіся па шэнгенскія візы і колькі адмоваў атрымалі. Статыстыка Еўракамісіі
2023.09.04 13:06

Міжнародная абарона – гэта не страшна, але ёсць нюансы. Юрысты Цэнтру беларускай салідарнасці не раз наракалі: беларусы ў Польшчы не хочуць падавацца на міжнародную абарону, бо не лічаць сябе ўцекачамі, або таму, што хочуць захаваць магчымасць ездзіць у Беларусь. Юрысты настойваюць, што беларусам за мяжою варта атрымліваць міжнародную абарону (і падрабязна тлумачаць, што яна дае), хіба перад яе атрыманнем трэба паклапаціцца пра дазвол на працу, бо ў першыя паўгода разгляду заявы такога дазволу не дадуць. Сам факт атрымання міжнароднай абароны не забараняе ўезду ў Беларусь, але за візіт на радзіму такой абароны могуць пазбавіць.

З легалізацыяй народжаных за мяжою дзяцей могуць быць праблемы. Некаторыя краіны, як Злучаныя Штаты, выдаюць грамадзянства па месцы нараджэння, але шмат якія – не выдаюць. Напрыклад, у Польшчы дзіця грамадзянаў Беларусі (а такіх за мінулы год нарадзілася звыш 700) без праблемаў атрымае пасведчанне аб нараджэнні, польскі падатковы нумар (PESEL) і тую ж легалізацыю, што маюць бацькі (калі ў бацькоў часовы ВНЖ або дадатковая абарона, то і дзіця атрымае часовы ВНЖ або дадатковую абарону). Але каб атрымаць польскі замяняльнік пашпарта, трэба ўжо мець нейкі падарожны дакумент – у выпадку Польшчы такім дакументам прызнаюць пасведчанне ад амбасады на вяртанне ў Беларусь. Такія пасведчанні амбасады і консульствы ўсё яшчэ мусяць выдаваць, але каб іх атрымаць, трэба асабіста ісці ў амбасаду, а палітычныя ўцекачы могуць лічыць гэта небяспечным – юрысты Цэнтру беларускай салідарнасці пакуль працуюць над тым, каб Польшча спрасціла працэдуру. Аднак у іншых краінах атрыманне першага пашпарта для дзіцяці можа быць прасцейшым ці цяжэйшым.

Пашпарт новай Беларусі можа быць выйсцем, але ён яшчэ не гатовы. Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні 2023 года Аб’яднаны пераходны кабінет паказаў праект альтэрнатыўнага беларускага пашпарта. Можна чакаць, што пашпарт прызнаюць прынамсі краіны Еўразвязу: Еўракамісія «станоўча ўспрыняла» праект, дзве краіны ўжо далі папярэднюю згоду. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка кажа, што выдаваць першыя такія пашпарты пачнуць ужо ў пачатку 2024 года. Але дамаўляцца аб прызнанні такіх пашпартоў трэба будзе з кожнай асобнай краінай. Некаторыя юрысты раяць планаваць жыццё і атрыманне падарожных дакументаў з разліку на найгоршы сцэнар – так, нібы пашпарта новай Беларусі не прызнае ніхто, каб не застацца раптам без дакументаў, калі будзе ўжо позна.

У беларусаў ужо былі «пашпарт грамадзяніна N.R.M.» і «пашпарт Вейшнорыі». Беларусы ў сацсетках адрэагавалі на ўказ Лукашэнкі пераважна сарказмам і мэмамі – панічных допісаў амаль не было. Шмат хто згадваў музычны альбом «Пашпарт грамадзяніна N.R.M.» – так супала, што ўказ Лукашэнкі выйшаў якраз у дзень 25-годдзя альбому. І не толькі Незалежная Рэспубліка Мроя (так расшыфроўваецца N.R.M.) выдавала беларусам неафіцыйныя пашпарты: выдуманая аўтарамі вучэнняў «Захад-2017» Вейшнорыя сіламі звычайных беларусаў выдавала віртуальныя пашпарты і нават пластыкавыя ID-карты. Выходзіць, ідэя пашпарта іншай Беларусі была ў галовах беларусаў ужо шмат гадоў.

Алесь Наваборскі belsat.eu