З Беларусі не выпускаюць, тых, хто не паведаміў пра другое грамадзянства? Гэта незаконна


У адной з мігранцкіх Facebook-суполак беларуска расказала, што ейнага знаёмага «развярнулі» пры спробе выехаць у Літву, бо той меў беларускае і італьянскае грамадзянства, а не паведаміў аб гэтым у міграцыйную службу. Такі «разварот» незаконны, але цалкам верагодны: на мяжы і раней парушалі законы.

Беларускі памежнік
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі памежнік.
Фота: Gpk.gov.by

Гісторыя, паводле жанчыны, такая: чалавек меў беларускі і італьянскі пашпарты, у жніўні хацеў выехаць у Літву, каб адтуль паляцець у Італію, але беларускія памежнікі не выпусцілі яго з краіны, сказаўшы, што той мусіў паведаміць пра другое грамадзянства ў міграцыйную службу. Жанчына таксама расказала, што тэлефанавала ў міграцыйную службу – там сказалі, што адпаведны закон набыў моц паўтара месяца таму. Яна таксама згадала, што нядаўна сама выязджала з Беларусі ў Літву, маючы амерыканскі пашпарт: у мінулы раз памежнікі адсканавалі ейны пашпарт, на гэты раз прасілі сканаваць пашпарты і ў ейных дзяцей, але з краіны выпусцілі.

Калі гэтая гісторыя праўдзівая, то памежнікі парушылі законы адносна беларуса з італьянскім пашпартам. Рашэнне аб часовым абмежаванні права на выезд можа прыняць суд, а ў некаторых выпадках яно бывае аўтаматычным, але замежнае грамадзянства – не нагода забараняць выезд. Праўда, у ранейшых падобных парушэннях памежнікі не прызнаваліся, адрыналі шматлікія абвінавачванні.

Так ці іначай, гэтая гісторыя з Facebook-суполкі – нагода рабіць у сваіх планах папраўку на магчымыя незаконныя дзеянні памежнікаў. Нават калі гісторыя непраўдзівая, трэба ўлічваць, што за памежнікамі раней заўважалі аналагічныя парушэнні.

Чаму памежнік парушыў закон

Часова забараніць выезд з Беларусі могуць па шматлікіх прычынах, апісаных у артыкуле 7 закону «Аб парадку выезду»: тым, хто валодае дзяржаўнай таямніцай; хто атрымаў павестку ў ваенкамат і не адзначыўся ў ваенкамаце; хто падазраваны ці абвінавачаны ў крымінальнай справе; хто асуджаны за злачынствы і адбывае пакаранне; каму выстаўленая грамадзянская позва ў судзе; супраць каго вядзецца адміністратыўны працэс за «правапарушэнні супраць парадку кіравання» (фактычна – палітычны пераслед); чый выезд супярэчыць «інтарэсам нацыянальнай бяспекі»; за кім усталяваны прэвентыўны нагляд; хто мае запазычанасць па камунальных плацяжах, аліментах, падатках, крэдытах…

З нядаўнімі праўкамі выезд неўзабаве абмяжуюць вайскоўцам, супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржаўнай бяспекі, шэраг найвышэйшых чыноўнікаў, але гэтыя змены набудуць моц толькі ў сярэдзіне лістапада.

Разбор
Што трэба ведаць пра адмову выдаваць і працягваць беларускія пашпарты за мяжой
2023.09.05 19:21

Сярод іншага ў законе ёсць пункт, які можа даваць права забараніць выезд за амаль што любое «непадпарадкаванне» ўладам: не выпускаць могуць тых, хто «не выконвае без паважных прычынаў маёмасныя, падатковыя або іншыя абавязкі перад Рэспублікай Беларусь, ейнымі адміністратыўна-тэрытарыяльнымі адзінкамі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі». Пад гэты пункт можна было б «падагнаць» непаведамленне аб другім грамадзянстве, але ёсць нюанс: забараніць выезд на гэтай падставе можа толькі суд, а не выпадковы памежнік.

Адметна, што закон мае асобны артыкул 5 аб недапушчальнасці абмежавання правоў грамадзянаў у сувязі з пастаянным пражываннем за межамі Беларусі або з афармленнем такога пражывання. Гэты пункт не тычыцца замежных пашпартоў, але агулам закон забараняе сябе парушаць. Хоць у ім не прапісаная адказнасць за парушэнне права на выезд, але пазначана, што скардзіцца можна вышэйшым службовым асобам або ў суд.

Праверыць, ці мае грамадзянін абмежаванне на выезд з Беларусі, можна на сайце Міністэрства ўнутраных справаў: там ёсць спецыяльны сэрвіс, дзе трэба пазначыць грамадзянства, імя і прозвішча, дату нараджэння і электронную пошту.

Да чаго тут паведамленне пра замежныя дакументы

З 11 ліпеня беларусаў абавязалі паведамляць уладам пра атрыманне замежнага грамадзянства, віду на жыхарства ды іншых дакументаў накшталт карты паляка. Адказнасці за непаведамленне яшчэ не прыдумалі – хіба прыдумалі сайт, куды на сябе даносіць.

Цалкам верагодна, што ўлады Беларусі думаюць над пакараннем за адмову паведаміць аб другім грамадзянстве – раз ужо ўвялі абавязак аб ім паведамляць. Але на момант публікацыі законнага пакарання няма. Правапарушэннем не з’яўляецца не толькі адмова паведамляць, але і сам факт набыцця такога грамадзянства.

Агляд
Куды беларусы звярталіся па шэнгенскія візы і колькі адмоваў атрымалі. Статыстыка Еўракамісіі
2023.09.04 13:06

Беларусь не прызнае за сваімі грамадзянамі другога грамадзянства: паводле артыкулу 11 закону «Аб грамадзянстве», проста не лічыць, што ейны грамадзянін з’яўляецца адначасова грамадзянінам іншай краіны, калі гэта толькі не прадугледжана міжнароднымі дамовамі Беларусі. Гэта значыць, што другое грамадзянства не вызваляе ад абавязкаў і адказнасцяў перад Рэспублікай Беларусь і не дае правоў замежнага грамадзяніна чалавеку ў Беларусі.

Набыццё другога грамадзянства нават не вядзе да пазбаўлення грамадзянства Беларусі. Толькі з 1991 па 2002 год набыццё другога грамадзянства вяло да страты грамадзянства Беларусі. Але калі другое грамадзянства было здабытае пасля 17 жніўня 2002 года (дата набыцця моцы праўкамі ў закон «Аб грамадзянстве»), ніякіх пакаранняў за яго не прадугледжана.

Незаконна, але калі вельмі хочацца, то можна

Чыноўнікі і сілавікі ў Беларусі неаднаразова парушалі ўласныя законы, у тым ліку закон «Аб грамадзянстве» і законы адносна пераходу мяжы.

Так, у 2020 годзе ў Беларусь адмаўляліся ўпускаць грамадзяніна Беларусі – арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Законных падставаў для гэтага не прыдумалі і называлі ягоны пашпарт «несапраўдным». Пусцілі толькі пасля таго, як ён напісаў прашэнне аб адстаўцы.

Беларускія памежнікі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія памежнікі.
Фота: Gpk.gov.by

Паводле праваабаронцаў, памежнікі выпраўляюць на «размову» з КДБ уладальнікаў карты паляка – а тыя даюць выбар: або карта паляка, або арышт. Памежны камітэт адмаўляе, што такое адбываецца.

Патрабаванне адмовы ад карты паляка відавочна незаконнае, але юрыст і праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк не раіць адстойваць свае правы ў такіх выпадках: нязгодных могуць затрымаць за тое, што яны «лаяліся матам» і «не падпарадкоўваліся законным патрабаванням».

Магчымым выйсцем можа быць выезд з Беларусі праз Расею: калі забарона на выезд з Беларусі законная, то могуць не выпусціць і з Расеі, але калі незаконная, то расейцы могуць выпусціць, а памежнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы няма.

Агляд
За што беларусаў найчасцей затрымліваюць на мяжы?
2023.07.13 09:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў