Беларусы будуць абавязаныя паведамляць пра атрыманне замежнага грамадзянства ці дазволу на жыхарства


Абавязак падачы ў дзяржаўныя органы інфармацыі пра атрыманне замежнага грамадзянства ці ВНЖ замацаваны ў абноўленым «Законе аб грамадзянстве» Рэспублікі Беларусь, які бярэ сілу 11 ліпеня. Пра гэта паведаміў начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Беларускі пашпарт і польскі праязны дакумент для замежніка
Беларускі пашпарт і польскі праезны дакумент для замежніка.
Фота: Белсат

Грамадзяне Беларусі з 11 ліпеня будуць абавязаныя паведамляць у беларускія дзяржаўныя органы пра атрыманне грамадзянства іншай дзяржавы, віду на жыхарства або іншага дакументу, які дае льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі або рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасцю.

«Цяпер мы атрымліваем шматлікія звароты наконт таго, навошта і з якой мэтай гэтая норма ўводзіцца. Маўляў, вы што, збіраецеся абмежаваць нашыя правы? На самой справе закон «Аб грамадзянстве» Рэспублікі Беларусь у гэтым плане непахісны: за грамадзянінам Беларусі не прызнаецца іншага грамадзянства. То бок тыя асобы, якія атрымалі грамадзянства і дазвол на жыхарства ў замежнай дзяржаве, у любым выпадку для нас ёсць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь з усім комплексам правоў і абавязкаў, прадугледжаных для іх Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь», – зазначыў Аляксей Бягун.

Паводле чыноўніка, інфармацыя пра наяўнасць у грамадзяніна дакументаў іншай краіны патрэбная пры прыняцці рашэння аб прызначэнні на дзяржаўную службу або на пасаду, праца на якой звязаная выключна з прыналежнасцю да грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, такая інфармацыя патрэбная для статыстычнага збору, каб ацэньваць мабільнасць беларусаў і з мэтай фармавання адпаведнай міграцыйнай палітыкі.

Пакуль што паведамляць пра ВНЖ ды іншыя дакументы замежнай дзяржавы трэба ў добраахвотным парадку цягам трох месяцаў з моманту іх атрымання. Санкцыі за непаведамленне не прадугледжаныя. Разам з тым улады маюць намер паглядзець, як беларусы будуць выконваць гэтае палажэнне і пры неабходнасці могуць быць уведзеныя санкцыі. Інфармацыю пра замежнае грамадзянства і ВНЖ можна падаць праз МУС, МЗС і праз электронны партал дзяржаўных паслугаў.

«Калі актыўнасць грамадзянаў будзе не вельмі высокая, то ў любым выпадку Міністэрства замежных справаў унясе прапановы дзеля таго, каб неяк стымуляваць грамадзянаў накіроўваць у наш адрас адпаведнае апавяшчэнне: ці ўвядзенне адпаведнай адказнасці, ці прызначэнне пэўных кантрольных мерапрыемстваў у дачыненні гэтых асобаў, якія маюць адпаведныя дакументы», – сказаў Бягун і выказаў надзею, што беларусы будуць добраахвотна выконваць патрабаванні абноўленага закону.

Hавiны
МУС запрашае беларусаў вярнуцца і адсядзець за «экстрэмісцкую дзейнасць», каб не страціць грамадзянства
2023.07.10 14:01

Паводле новага закону, ахвочыя атрымаць беларускае грамадзянства будуць абавязаныя скласці прысягу. Калі прэтэндэнт адмаўляецца ад прысягі, гэта можа стаць падставай для адмовы ў грамадзянстве.

Таксама абавязковым пры атрыманні грамадзянства стане пісьмовы тэст на ўзровень валодання адной з дзяржаўных моваў Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў