За што беларусаў найчасцей затрымліваюць на мяжы?


За апошнія месяцы колькасць выпадкаў затрымання на мяжы значна павялічылася. Праваабаронцы кажуць пра прынамсі 36 асуджаных пасля затрымання на мяжы ў чэрвені 2023 года. Прычым людзі папросту знікаюць дзесьці на памежных пунктах, іхным сваякам ды сябрам застаецца толькі здагадвацца, што адбылося падчас правярання ў пункце пропуску. Чаму адбываюцца затрыманні і ці можна ад іх засцерагчыся?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

Быў бы чалавек, а за што затрымаць, знойдзецца

Узмацненне правяранняў на мяжы адбываецца ўжо не першы месяц. І гэтыя правяранні ўсё часцей маюць сумны вынік: у лепшым выпадку – штрафы, у горшым – содні або завядзенне крымінальнай справы з перспектывай адправіцца ў турму надоўга.

Прычынамі затрыманняў могуць стаць любыя факты, што звязваюць чалавека з пратэстамі 2020 года або паказваюць ягоную нязгоду з «афіцыйнай лініяй»: фотаздымкі, што захаваліся ў тэлефоне, падпісанасць на тэлеграм-каналы, названыя ўладамі «экстрэмісцкімі», «няправільныя» допісы ў сацыяльных сетках  (з крытыкай уладаў ці падтрыманнем Украіны ў вайне), «экстрэмісцкая» сімволіка (найчасцей пад гэтым маецца на ўвазе нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг, выява Пагоні або ўкраінскія сцяг ды герб) і шмат чаго іншага.

Так, стала вядома, што яшчэ 31 сакавіка на Віцебскай мытні (пункт пропуску «Грыгароўшчына») за вымпел з Пагоняй, размешчаны на пярэдняй панэлі кабіны аўтамабіля, быў затрыманы дальнабойнік Аляксандр Каваленка. Мужчыну абвінавацілі ў пікетаванні і прысудзілі 10 содняў арышту.

За распаўсюд «экстрэмізму» быў аштрафаваны на 1110 рублёў працаўнік «Нафтану» Мікіта Белавусаў. На памежным пункце беларуска-расейскай мяжы каля вёскі Завольша памежнікі знайшлі, што ён падпісаны на тэлеграм-канал выдання «Зеркало», пра што паведамілі ў Лёзненскае аддзяленне міліцыі.

Паводле паведамленняў праваабарончага цэнтру «Вясна», у Астраўцы некалькі разоў на месяц разглядаюцца справы людзей, затрыманых на беларускай мяжы з Літвой. Так, у траўні адбылося некалькі разглядаў судовых справаў: двум мужчынам прысудзілі штрафы 1110 рублёў, яшчэ аднаму – 5 содняў за тое, што яны былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы.

Увогуле праваабаронцы ўжо цягам некалькіх месяцаў паведамляюць, што на мяжы людзі ў цывільным адвольна выбіраюць кагось з пасажыраў і адводзяць на спецыяльныя гутаркі, дзе дапытваюцца пра мэты паездак у Беларусь, прычыны побыту за мяжой, пра наяўнасць грошай, удзел у пратэстах і пры гэтым абавязкова правяраюць змесціва тэлефонаў. Вядома, што правяраюць як тых, хто едзе наземным транспартам, так і тых, хто прылятае ў Беларусь самалётам.

Новая хваля правяранняў супала з пачаткам контрнаступу Украіны

З новай сілай, паводле паведамленняў праваабаронцаў, правяранні на мяжы актывізаваліся прыблізна з пачатку лета 2023 года. Так, 20 чэрвеня на памежным пункце «Катлоўка» была знятая з аўтобуса і затрыманая жанчына. 22 чэрвеня стала вядома, што па вяртанні з Польшчы ў Беларусь пасля правярання тэлефонаў былі затрыманыя яшчэ некалькі асобаў.

Пазней пачалі з’яўляцца ўсё новыя і новыя падрабязнасці такіх затрыманняў: усіх, хто праязджае, звяраюць з «палітычнымі» базамі, частку адводзяць на допыты і асабісты агляд, правяраюць тэлефоны на прадмет падпісанняў і фотаздымкаў. Супрацоўнікі, якія праводзяць допыт, цікавяцца, ці маюць людзі сваякоў за мяжой, як тыя там апынуліся, выпытваюць, чаму людзі самі ездзяць за мяжу, ці бывалі яны ва Украіне.

Пазней тактыка ў дачыненні некаторых падарожнікаў змянілася: паведамлялася, што пасля доўгіх і ўзмоцненых правяранняў на мяжы людзей адпускалі, але ўжо наступным днём да іх дадому прыходзілі прадстаўнікі сілавых органаў з ператрусамі.

Пры гэтым, паводле сцвярджэнняў праваабаронцаў, такія правяранні праводзіліся не толькі на заходняй мяжы Беларусі, але і на беларуска-расейскіх пунктах пропуску. Пасля пашпартнага кантролю некаторым падарожнікам казалі чакаць прыходу супрацоўнікаў КДБ, маўляў, таму, што асоба ёсць у «базе экстрэмістаў». Як адзначае «Вясна», «у гэтай базе ёсць і тыя, хто трапляў пад цікавасць сілавікоў да 2020-га года. Падчас размовы супрацоўнік КДБ патрабуе тэлефоны людзей, глядзіць сацсеткі, запытваецца, дзе людзі атрымліваюць інфармацыю і на якія каналы падпісаныя».

Уладальнікі карты паляка на асаблівым рахунку

Пад асаблівую ўвагу памежнікаў трапілі ўладальнікі так званай карты паляка. Як паведамлялася, у пунктах пропуску беларускія памежнікі вызначаюць такіх людзей паводле катэгорыі візы. Калі ў ёй ёсць пазнака «мэта выдання 24», значыць, атрыманая яна на падставе карты паляка. Такіх грамадзянаў адпраўляюць на размову з супрацоўнікамі КДБ, якія, у сваю чаргу, прапануюць ім напісаць на імя польскага консула заяву з адмоваю ад дакументу.

Аб’ектыў
Пры пераходзе мяжы КДБ дае беларусам выбар: карта паляка – або содні
2023.07.06 22:14

Праваабаронцы ведаюць каля дзясятка падобных выпадкаў, прычым на адрас тых, хто не пагаджаецца на такую прапанову, пачынаюцца пагрозы.

Натуральна, што юрыдычных падставаў для патрабавання адмовіцца ад карты паляка няма, адзначае праваабаронца Раман Кісляк, але пры гэтым ён зусім не выключае, што тых, хто не захоча адмовіцца ад гэтага дакументу, могуць чакаць содні арышту, бо «Беларусь не ёсць прававой дзяржавай».

А могуць і не пусціць

Паводле сведчанняў «BYPOL», некаторых грамадзянаў дык і ўвогуле не пускаюць пасля правяранняў на мяжы.

Вядомыя прынамсі два дзясяткі такіх выпадкаў, казаў на пачатку чэрвеня прадстаўнік «BYPOL» Аляксандр Кабанаў.

Сцвярджаецца, што пасля правярання тэлефонаў, сканавання відаў на жыхарства ў іншых краінах беларускім грамадзянам папросту забараняюць праезд на тэрыторыю Беларусі.

«Вядома прынамсі пра 20 такіх выпадкаў. Шмат сітуацыяў, калі чалавеку прад’явіць і няма чаго, але нейкія да ягонай асобы падазрэнні ўзнікаюць – і прымаецца рашэнне не пускаць яго ў Беларусь. Прычынаў не тлумачаць», – адзначаў Аляксандр Кабанаў у каментары выданню «Зеркало».

Навошта яны гэта робяць

Пра мэты такой актыўнай працы лукашэнкаўскага рэжыму на мяжы мы пацікавіліся ў кіраўніка фонду «BYSOL» Андрэя Стрыжака.

На думку нашага суразмоўцы, найлепш тлумачаць логіку ўладаў словы начальніка Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна, які раскрытыкаваў «грамадзянаў, калі яны ўхіляюцца ад выканання законнага выраку суда». Нагадаем, гэтыя словы Аляксей Бягун сказаў з нагоды таго, што грамадзяне Беларусі, асуджаныя за «экстрэмісцкую» дзейнасць, могуць вярнуцца ў краіну і адбыць прызначаны тэрмін пакарання, каб не страціць грамадзянства.

«У іхнай логіцы так: калі ты хочаш надалей мець права насіць сіні пашпарт, то ты мусіш падпарадкоўвацца ўсім, нават самым ідыёцкім, правілам і рашэнням сённяшняй улады і добраахвотна мусіш прыехаць, сесці і адседзець», – кажа Андрэй Стрыжак.

У святле гэтай «салдафонскай, фельдфебельскай логікі» яны, маўляў, ловяць бандытаў, парушальнікаў закону, злачынцаў – і для іх гэта натуральны стан існавання. Канечне, адзначае кіраўнік «BYSOL», ёсць у іх і асабістая зацікаўленасць у атрыманні чарговых зорачак на пагоны, але агулам уся логіка карнай сістэмы Беларусі пабудаваная на тым, што «яны мусяць дайсці да кожнага, пакараць кожнага, хто, на іхную думку, парушыў закон».

Часта бывае, адзначае Андрэй Стрыжак, што ў размовах і допытах следчыя абсалютна спакойна кажуць: «Калі трэба будзе дзесяць гадоў вас шчыміць, мы будзем дзесяць гадоў вас шукаць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

«Таму не чакайце ніякай літасці ад улады Беларусі, не верце прапагандысцкім хітрыкам, што прыедзеш, сходзіш на допыт, адмовішся ад усяго і пойдзеш дахаты. Не пойдзеце вы дахаты. Пойдзеце вы ў новую «хату», у якой ніколі не будзе гаснуць святло і будзе шмат розных суседзяў, якіх вы не выбіраеце», – кажа наш суразмоўца.

Андрэй Стрыжак адзначае, што менавіта ў такой парадыгме і трэба глядзець на гэтае пытанне, бо шмат хто з беларусаў пасля ад’езду з краіны думае, што за тры гады нешта сцішылася. Але, на думку кіраўніка «BYSOL», улады маюць дакладны намер: вынішчыць абсалютна ўсё, што ёй супраціўлялася і супраціўляецца дагэтуль.

Што рабіць, калі блізкія «знікаюць» на мяжы

Але апошнім часам у сацыяльных сетках з’яўляюцца паведамленні, што, маўляў, чалавек ехаў праз мяжу, а праз пэўны час не выходзіць на сувязь. Можна сабе ўявіць, якія эмоцыі перажываюць ягоныя сваякі і сябры, якім даводзіцца расшукваць зніклага на мяжы блізкага чалавека і з ускосных сведчанняў высвятляць, што ж сапраўды з ім сталася.

Мы пацікавіліся ў Андрэя Стрыжака, што рабіць у такіх сітуацыях родным і сябрам «зніклых на мяжы» людзей.

«Першасны пункт уваходу, – адзначае Андрэй Стрыжак, – гэта гарачая лінія «Вясны». Бо яны зафіксуюць сам факт, што адбылося гэтае затрыманне. Што чалавек, хутчэй за ўсё, можа пайсці паводле палітычнага артыкулу на крыміналку або на адміністратыўны пераслед. Плюс яны падкажуць, якім чынам сябе паводзіць: дзе шукаць, куды званіць, што пытаць, у каго пытаць, наколькі будзе адэкватным залучэнне адвакатаў у гэтую гісторыю, у залежнасці ад гораду, у якім усё адбываецца. Бо, на жаль, адвакатаў засталося на тры дні ў Беларусі і далёка не кожны з іх гатовы брацца за палітычныя справы».

Другое, што трэба, гэта трымаць пад рукой кантакт гарачай лініі «BYSOL» або адразу Telegram-акаўнт службы эвакуацыі «BYSOL» на той выпадак, калі «адбудзецца цуд і сваяка адпусцяць – пад падпісанне аб нявыездзе, або варыянт задатку, або штосьці яшчэ, што могуць прапанаваць сілавікі». Калі чалавек выбера эвакуацыю, то «BYSOL» зможа паспрыяць у гэтай справе, калі будзе магчымасць.

Гэта тое, што трэба памятаць тым, хто збіраецца ехаць у Беларусь і мае пэўны бэкграўнд: удзельнічаў у акцыях, меў пратэсныя допісы ў сацыяльных сетках або нават рабіў гэта за мяжой. Бо такія людзі застаюцца ў зоне рызыкі. Фактычна, адзначае Андрэй Стрыжак, цяпер амаль кожны другі беларус так ці інакш у гэтай зоне рызыкі, бо цяжка сказаць, хто не быў падпісаны на той жа TUT.by некалі або не пакідаў каментароў ці не ставіў лайкаў у сацыяльных сетках.

Парады тым, хто збіраецца ехаць у Беларусь

«Самае першае, што ёсць небяспекай, – гэта ваш акаўнт і ваш дэвайс», – адзначае Андрэй Стрыжак. Да іх сілавікі могуць атрымаць доступ як падчас затрымання, так і дыстанцыйна, калі вывучаюць сацыяльныя сеткі асобы.

Самая распаўсюджаная парада, адзначае кіраўнік «BYSOL», гэта проста выдаліць акаўнт з усімі захаванымі сведчаннямі ўдзелу ў акцыях пратэсту.

«Адзінае, што я яшчэ раю: апошнім часам мы сутыкаемся з праблемай, што людзі, выконваючы гэтае правіла, рэальна вычышчаюць абсалютна ўсе свае архівы. І калі ў іх пачынаюцца рэальныя праблемы і пераслед, у іх няма дакументальных доказаў удзелу ў пратэстах. Гэта вельмі моцна ўскладняе верыфікацыю іхных гісторыяў», – кажа Андрэй Стрыжак.

У якасці парады ён прапануе знайсці за мяжой чалавека, якога можна папрасіць захоўваць на воблачным сховішчы або на вонкавым носьбіце вашыя фотаздымкі з пратэстаў або пратаколаў ды іншых дакументаў, што могуць пацвердзіць ваш пераслед. Гэта можа прыдасца ў будучыні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dominika Zarzycka / Zuma Press / Forum

У той жа час Андрэй Стрыжак адзначае, што на самой справе ніхто не ведае, на якія кадры вы трапілі ў іншых людзей, бо падчас пратэстаў у натоўпе шмат хто рабіў фота- і відэазапісы. Таму трэба заўсёды памятаць, падкрэслівае наш суразмоўца, што, калі вы актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выходзілі на вуліцы, на праезную частку, то, хутчэй за ўсё, у сілавікоў гэтыя дадзеныя ёсць. У іхным распараджэнні ёсць тэрабайты інфармацыі, якую яны апрацоўваюць у тым ліку і з дапамогай тэхнікі, спецыяльных праграмаў, што вызначаюць твары людзей. І гэта, безумоўна, вялікая небяспека.

І нарэшце, тыя, хто рабіў данаты праз «Фэйсбук» або праз нейкія беларускія карты, таксама ўваходзяць у катэгорыю рызыкі, адзначае Андрэй Стрыжак. Бо цяпер пайшла маштабная кампанія пераследу людзей, якія данацілі ў тыя ці іншыя структуры, што на момант данату не былі «экстрэмісцкімі» і не ажыццяўлялі (як і не ажыццяўляюць цяпер) ніякай супрацьпраўнай дзейнасці. Але пры гэтым тыя структуры трактуюцца ўладамі Беларусі як «экстрэмісцкія» або нават «тэрарыстычныя». Таму гэты момант таксама стварае вялікую небяспеку для тых, хто вызначаецца, ехаць ці не ехаць яму ў Беларусь.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў