Расследавальнікі: Абмежаванні на выезд з Беларусі закрануць не менш як 126 000 чалавек


Закон «Аб парадку выезду і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь» быў апублікаваны 16 траўня. Згодна з ім абмяжоўваецца права на выезд з краіны адразу некалькім катэгорыям грамадзянаў. Беларускі расследавальніцкі цэнтр падлічыў, што новыя абмежаванні на выезд з краіны закрануць як мінімум 126 000 чалавек.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі / Telegram

З падлікаў журналістаў-расследавальнікаў вынікае, што самая шматлікая катэгорыя грамадзянаў, якіх закрануць абмежаванні, – гэта вайскоўцы. Паводле даследавання «Military Balance 2022», колькасць войскаў Беларусі – 48 000 чалавек. Яшчэ 12 000 беларусаў служаць у памежных войсках.

Другая з колькасці катэгорыя беларусаў, якіх закрануць абмежаванні, – супрацоўнікі МУС. У сакавіку 2021 года «Белсат» паведамляў, што Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі налічвае 69 000 супрацоўнікаў і цывільнага персаналу. Аднак, паводле інфармацыі BYPOL, штатная колькасць ведамства на кастрычнік 2020 года – 46 128 чалавек.

Пад абмежаванне трапілі і супрацоўнікі КДБ. Паводле звестак на 2022 год, іх колькасць не перавышае 10 000 чалавек. Абмежаванні на выезд таксама закрануць работнікаў іншых сілавых ведамстваў, аднак дакладна ацаніць колькасць немагчыма. БРЦ мяркуе, што гаворка можа ісці пра не менш за тысячу беларусаў.

Апроч гэтага, 18 найвышэйшых чыноўнікаў Беларусі будуць узгадняць замежныя паездкі асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам.

Таксама ў законе прапісана, што абмяжоўваецца права на выезд з краіны асобам, якія стаяць на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, людзі, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі», аднак хто і на якіх падставах трапіць у гэтую катэгорыю, у дакуменце не пазнача. У тым ліку абмежаванні ўводзяцца ў дачыненні асобаў, супраць якіх вядзецца адміністратыўны працэс за правапарушэнні супраць парадку кіравання: непадпарадкаванне патрабаванню міліцыянтаў, парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых акцыяў і інш.

Новаўвядзенні набудуць моц праз шэсць месяцаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў