Дональд Туск анансаваў аднаўленне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю


Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 29 траўня падчас прэс-канферэнцыі ў Дубічах Царкоўных заявіў пра планы аднавіць буферную зону на мяжы з Беларуссю шырынёй каля 200 метраў, а таксама накіраваць усе даступныя сродкі на абарону мяжы, піша Onet.pl.

Плот на польска-беларускай мяжы.
Фота: Grzegorz Dąbrowski / Agencja Wyborcza.pl

«Я хачу, каб гэта дайшло да кожнага. Тут няма месца ні для якіх перамоваў. Можна выкарыстоўваць усе даступныя метады, польскую мяжу трэба абараняць», – сказаў Дональд Туск.

Гэты заклік паўтарыў віцэ-прэм’ер Польшчы, кіраўнік Мінісэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш:

«Усе сродкі ў вашым распараджэнні».

Візіт прэм’ер-міністра, кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны і кіраўніка МЗС на мяжу выкліканы нядаўнім інцыдэнтам, падчас якога польскі жаўнер атрымаў нажавое раненне.

Здарэнне адбылося ў аўторак, 28 траўня, на польска-беларускай мяжы, недалёка ад Дубічаў Царкоўных у Падляскім ваяводстве. У выніку нападу мігрантаў пацярпелі афіцэры польскай памежнай службы. Аднаго з іх ударылі разбітай бутэлькай, яшчэ аднаго паранілі інструментам, да якога быў прымацаваны нож. Вайсковец павінен быў перашкодзіць мігранту перасекчы мяжу, пасля чаго на яго напалі. Інцыдэнт адбыўся прыкладна ў 4.30 па польскім часе.

«Падчас выканання заданняў, патрулявання ўздоўж мяжы, салдат атрымаў нажавыя раненні ад мігранта, які знаходзіўся з беларускага боку», – паведаміла маёр Магдалена Касціньска, прэс-сакратарка 16-й Паморскай механізаванай дывізіі. Яна дадала, што зламыснік прасунуў руку ў шчыліны паміж пралётамі сталёвага барʼеру і такім чынам нанёс жаўнеру ўдар у вобласць рэбраў.

Hавiны
Мігрант параніў польскага салдата нажом на мяжы з Беларуссю
2024.05.28 11:36

Дональд Туск паведаміў, што паранены салдат і ягоная сям’я знаходзяцца пад добрым наглядам. Па словах намесніка кіраўніка Міністэрства нацыянальнай абароны Цэзары Томчыка, стан жаўнера цяжкі.

Віцэ-прэм’ер і кіраўнік Міністэрства нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш назваў напад на польскага жаўнера «бандыцкім»:

«Гэта сітуацыя, якая з кожным днём становіцца ўсё больш складанай, гэта арганізаваная аперацыя, якую праводзяць беларускія службы», – сказаў віцэ-прэмʼер.

Паводле польскай Памежнай аховы, з 24 па 27 траўня больш за 630 чалавек спрабавалі незаконна мінуць польска-беларускую мяжу. Паводле Падляскага памежнага атраду, з пачатку года на ўчастку мяжы ў гэтым рэгіёне былі зафіксаваныя больш за 13 тысяч спробаў незаконнага пераходу мяжы.

З 24 да 27 траўня польскія памежнікі і паліцыя затрымалі 11 чалавек за дапамогу ў арганізацыі незаконнага мінання мяжы. Сярод іх шасцёра грамадзян Украіны, два – Туркменістану і тры беларусы. З пачатку 2024 года затрыманыя 176 памагатых і арганізатараў незаконнай міграцыі.

Як пісаў «Белсат», для мігрантаў плот на мяжы Польшчы з Беларуссю не ёсць праблемаю. Яны рассоўваюць загароды і з дапамогаю лесвіцы праходзяць калючы дрот за плотам. Гэта здымаецца на відэа і публікуецца ў адкрытых групах для мігрантаў у «Telegram». У гэтых групах таксама пішуць рэкамендацыі наконт праходжання мяжы, арганізатары нелегальнай міграцыі знаходзяць кліентаў, публікуюць свае прапановы ды іншае.

Буферная зона на мяжы – тэрыторыя, якая раздзяляе дзяржавы і забяспечвае адсутнасць агульнай мяжы і кантакту ўзброеных сілаў.

Разбор
«На тысячу платоў ёсць дзве тысячы рашэнняў». Як мігранты ідуць у Еўропу праз Беларусь
2024.05.28 07:17

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў