Як атрымаць польскі праязны дакумент. Памятка для тых, хто не можа паехаць у Беларусь за новым пашпартам


У сувязі з выхадам указу Лукашэнкі, які робіць немагчымым абмен беларускага пашпарту за мяжой, кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская апублікавала пакрокавую інструкцыю атрымання польскага праязнога дакументу для замежнікаў.

Беларускі пашпарт і польскі праязны дакумент для замежніка
Беларускі пашпарт і польскі праязны дакумент для замежніка.
Фота: Белсат

У якіх выпадках можна атрымаць польскі праязны дакумент:

  • пашпарт згублены
  • пашпарт пашкоджаны альбо непрыдатны для выкарыстання
  • скончыўся тэрмін дзеяння пашпарту
  • пашпарту ніколі не было (датычыць толькі грамадзянаў Беларусі)

Які статус трэба мець:

  • часовы від на жыхарства на любых падставах (толькі для грамадзянаў Беларусі)
  • сталы від на жыхарства
  • дазвол на знаходжанне доўгачасовага рэзідэнта ЕЗ
  • дадатковая абарона
  • дазвол на знаходжанне па гуманітарных прычынах
  • польскі праязны дакумент выдаецца тэрмінам на 1 год.

Што трэба, каб атрымаць:

  • запоўніць заяву
  • прыкласці 2 фотаздымкі
  • прадставіць пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу і грамадзянства
  • прадставіць копію дазволу на знаходжанне
  • пацверджанне рэгістрацыі па месцы жыхарства (zameldowanie)
  • дакументы, неабходныя для пацверджання абставінаў, указаных у заяве (напрыклад, дакументы, якія пацвярджаюць немагчымасць атрымання пашпарту ў краіне паходжання, рашэнне аб прадстаўленні дадатковай абароны на тэрыторыі Польшчы і т.п.)
  • гербавы збор (грамадзянам Беларусі не трэба)

Заяву і камплект дакументаў трэба падаваць у Ваяводскае ўпраўленне па месцы жыхарства.

Разбор
Што трэба ведаць пра адмову выдаваць і працягваць беларускія пашпарты за мяжой
2023.09.05 19:21

Якія спрашчэнні існуюць для грамадзянаў Беларусі:

  • не трэба плаціць дзяржаўную пошліну
  • атрымаць праязны дакументы могуць і тыя беларусы, якія ніколі не мелі пашпарту (напрыклад, дзеці, якія нарадзіліся ў Польшчы)
  • не трэба даказваць немагчымасць атрымання пашпарту ў краіне паходжання
  • можна мець часовы від на жыхарства на любых падставах (праца, навучанне, гуманітарная віза, аб’яднанне з сям’ёй і т.п.)

У Цэнтры беларускай салідарнасці можна атрымаць бясплатную кансультацыю па атрыманні польскага праязнога дакументу: @cbshelp (Telegram).

6 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў афіцыйна апублікаваны Указ Лукашэнкі № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Дакумент змяняе парадак ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў, а таксама натарыяльныя дзеянні, якія маюць права ўчыняць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы. Указ забараняе амбасадам і консульствам выдаваць пашпарты беларусам.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў