Беларусы ў Польшчы губляюць пільнасць. КДБ можа нашкодзіць і там


Цэнтр беларускай салідарнасці заклікае беларусаў у Польшчы не спрашчаць працы сілавікам і не саромецца звяртацца па міжнародную ахову. Наўпроставай пагрозы палітычнага пераследу ў Польшчы няма, але Камітэт дзяржаўнай бяспекі ведае, як ускладніць жыццё.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сведкі на пасяджэнні суда над журналісткамі Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

У Польшчы ўжо два з паловаю гады дзеіць Цэнтр беларускай салідарнасці: арганізацыя дапамагае беларусам, якія былі вымушаныя з’ехаць з радзімы, надае юрыдычную дапамогу, падтрымлівае рэпрэсаваных у Беларусі, падказвае адукацыйныя праграмы, ладзіць культурніцкія імпрэзы. ЦБС супрацоўнічае са створанаю летась працоўнаю групаю дапамогі беларусам пры Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы.

16 лютага ЦБС запрасіў журналістаў на размову са сваёй юрысткай Вольгаю Дабравольскаю.

Юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская. Варшава, Польшча. 16 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

Міжнародная абарона – гэта не сорамна, а без яе КДБ можа дастаць нават у Еўразвязе

Юрыстка спасылаецца на афіцыйную статыстыку: беларусы – найбуйнейшая група палітычных уцекачоў у Польшчы. Але вялікая частка беларусаў не хоча атрымліваць адпаведнага статусу, міжнароднай аховы. Гэтая ахова – або статус уцекача, які надаюць даволі рэдка і пераважна добра вядомым актывістам кшталту кандыдатаў на прэзідэнцтва, або гэтак званая дадатковая абарона ў выпадках пагрозы смерці, катаванняў або іншай сур’ёзнай небяспекі на радзіме. Розніца між статусамі невялікая.

Хоць 99 % беларусаў ведаюць пра такую магчымасць, шмат хто яе ігнаруе: Дабравольская расказвае, што часта чуе ад беларусаў, што тыя хочуць проста жыць і працаваць, а не атрымліваць нейкія выплаты. Выходзіць, што 66 % грамадзянаў Беларусі ў Польшчы легалізуецца на падставе працы і навучання, а з 2020 года толькі каля 5 тысячаў чалавек атрымалі ад Польшчы міжнародную абарону.

Разбор
Беларусы яшчэ маюць праблемы з легалізацыяй у Польшчы. Працоўная група пры МУС дапамагла не ўва ўсім
2022.11.07 07:33

ЦБС, кажа экспертка, заўсёды заахвочвае беларусаў атрымліваць менавіта міжнародную абарону, бо без яе беларусаў не прызнаюць аўтаматычна нейкаю групаю пад пагрозаю, рэпрэсаванымі ці палітычнымі ўцекачамі. А гэта дае лукашэнкаўскім спецслужбам шанец нашкодзіць – зладзіць трансмежныя рэпрэсіі.

Дабравольская згадвае нядаўнія публічныя выпадкі трансмежных акцыяў беларускіх сілавікоў.

  • 30 ліпеня 2021 года ў Вугоршчыне затрымалі беларуса Валянціна Уласіка, які дапамагаў затрыманым на Акрэсціна ды іхным сваякам, пасля адміністратыўнай справы з’ехаў у Польшчу з гуманітарнаю візай, але быў абвешчаны ў вышук нібыта праз нясплату аліментаў. Вугоршчына разглядала ягоную экстрадыцыю ў Беларусь, але ўрэшце адмовіла і вызваліла мужчыну.
  • 12 верасня 2022 года ў Польшчы затрымалі беларуса Макарыя Малахоўскага: атрымалі ліст ад пракуратуры Беларусі, пратрымалі мужчыну дзень пад вартаю, тэарэтычна маглі нават экстрадаваць. У выніку беларуса вызвалілі, бо справа была палітычна матываваная. Ад затрымання не абараніла наяўнасць гуманітарнай візы.
  • 7 лютага 2023 года ў Італіі затрымалі беларуса Уладзіслава Гірыса, які жыў у Польшчы паводле гуманітарнай візы, а ў Неапаль ехаў з жонкаю святкаваць дзень народзінаў. Італьянская паліцыя пацвердзіла, што затрымала яго на запыт беларускага боку. Жонка мяркуе, што затрыманне можа быць фармальна звязанае са справай аб пастановачным дарожным здарэнні, у якой фігуравала імя Гірыса, але паводле якой яго не прызнавалі вінаватым. Але фактычна затрыманне можа быць палітычным пераследам: Гірыс браў удзел у Польшчы ў акцыях салідарнасці з Беларуссю.

«Надалей рэжым спрабуе караць беларусаў такім спосабам, застрашаць, – кажа Дабравольская. – Цяжка часам такой асобе дапамагчы, бо ўсе справы зазвычай сфабрыкаваныя, і невядома, ці то справа палітычная, ці то справа аб злачынстве супраць грамадскай бяспекі».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў аднаўленні правапарадку Аляксандр Азараў нядаўна казаў, што ідзе праца з Інтэрполам над тым, каб той верыфікаваў усе запыты з беларускага боку праз Кабінет, каб пазбегнуць такіх затрыманняў. Ды пакуль праца не завершаная, а юрыстка ЦБС дзівіцца, як прафесіяналы Інтэрполу самі не могуць адрозніць палітычнага запыту ад нармальнага.

Дабравольская расказвае і пра горшую гісторыю: 17 студзеня 2023 года сілавікі ў Беларусі затрымалі 15-гадовага брата адміністратара Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі Сяргея Вайцяховіча, закідаюць яму вымагальніцтва, змясцілі на экспертызу ў цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках, пагражаюць зняволеннем на тэрмін да 10 гадоў. Сам Сяргей – у Польшчы і ў бяспецы, але, як сцвярджае, брата Арцёма «ўзялі ў закладнікі» і праз маці патрабавалі спыніць дзейнасць супольнасці чыгуначнікаў. Пры гэтым, заўважае Дабравольская, у КДБ добра ведалі, як у Сяргея справы ў Польшчы.

Аналітыка
Што варта ведаць беларускім эмігрантам у Польшчы пра дыскрымінацыю, легалізацыю і абарону правоў
2022.09.13 08:30

Агенты КДБ могуць прабрацца ў Польшчу, а мо ўжо прабраліся?

Дабравольская не сумняецца, што беларускія сілавікі – у Польшчы. З аднаго боку, некаторым беларусам адмаўлялі ў дазволах на жыхарства і міжнароднай абароне «з прычынаў бяспекі». ЦБС не мае права азнаёміцца са справамі, таму не ведае, ці пагроза была праз супрацу са спецслужбамі.

З другога боку, разважае яна, Польшча выдае беларусам сотні тысяч візаў, а сілавікі з Беларусі могуць фальсіфікаваць палітычны пераслед свайго агента, каб таму далі гуманітарную візу (і зрабіць нават больш пераканаўчыя доказы, чымся можа звычайная ахвяра пераследу). У ЦБС нават дылема: беларусы просяць спрыяць паскарэнню разгляду сваіх справаў (які і так паскораны), але паскарэнне разгляду можа дапамагчы агентам КДБ.

Hавiны
Колькі беларусаў цяпер жыве ў Польшчы?
2022.10.19 08:42

Супольнасць былых беларускіх сілавікоў «ByPol» яшчэ год таму сцвярджала, што выкрывала ў Польшчы агентаў з Беларусі. У канцы студзеня 2023 года «ByPol» выкрыў у Польшчы правакатара, дзякуючы якому ў Беларусі затрымлівалі людзей. Ды той правакатар, кажа Дабравольская, дасюль у Польшчы, хоць і быў звольнены з працы.

Спецслужбы Беларусі сочаць за беларусамі ў Польшчы. І некаторыя беларусы самі ім дапамагаюць

Дабравольская не чула пра такія выпадкі, каб спецслужбы Беларусі наўпрост, фізічна пагражалі беларусам у Польшчы.

Але ведае, што беларусам пішуць ананімныя асобы нібыта з Беларусі, запрашаюць «вярнуцца дамоў» (ЦБС заклікае ні ў якім разе не пагаджацца – гэта небяспечна) або проста запужваюць. І аўтары такіх паведамленняў добра інфармаваныя пра тых, каму пішуць. Юрыстка не выключае, што тыя, хто сочаць, могуць фізічна быць у Польшчы, асабіста вывучаць беларускіх уцекачоў:

«Напрыклад, пішуць у каментарах у нашых сацыяльных сетках цэлую сваю справу: хто такі, якую працэдуру праходзіць. Мы заклікаем такога не рабіць, захоўваць пільнасць».

Экспертка дапускае, што сілавікі збіраюць інфармацыю, якую беларусы самі недзе публікуюць: сама яна не раз бачыла фота ці каментары беларусаў, якія могуць дапамагчы лукашэнкаўскім спецслужбам. Хтосьці паказаў месца жыхарства, хтосьці пахваліўся атрыманнем міжнароднай абароны. А гэта можа дапамагчы сілавікам «адрасна» запалохваць нават праз мяжу.

Разбор
Як беларусу атрымаць візу ў краіну Еўразвязу? Спыталі візавых пасярэднікаў пра тры сцэнары
2023.02.13 07:04

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў