Вайна, палітвязні, сюрпрызы Лукашэнку. Пра што казаў Аб’яднаны пераходны кабінет на прэс-канферэнцыі


Аб’яднаны пераходны кабінет даў 14 лютага прэс-канферэнцыю на тэму вынікаў працы за паўгода існавання. Сцісла пераказваем усё, пра што расказалі прадстаўнікі Кабінету.

Планы на выпадак уводу беларускіх войскаў ва Украіну ёсць, але сакрэтныя

Хоць Кабінет не можа раскрыць планаў, прадстаўнікі запэўнілі: калі Беларусь напоўніцу ўступіць у вайну ва Украіне, то браць удзел у вайне на баку Украіны будуць «не толькі» вайсковыя падраздзяленні беларусаў ва Украіне. Каардынацыя высілкаў людзей у Беларусі і беларусамі за мяжою трывае, не спынялася, а таксама супольна з украінцамі Кабінет вядзе працу над тым, каб Беларусь у вайну не ўступала. Акрамя таго, выбудоўваецца міжнародная кааліцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі.

Hавiны
Што калі беларускае войска выправяць ва Украіну? Спыталі Аб’яднаны пераходны кабінет
2023.02.14 15:21

Украіне будуць дапамагаць незалежна ад таго, як ідзе палітычны дыялог (а з ім праблемы)

Святлана Ціханоўская плануе сустрэчу з кіраўнікамі палка Каліноўскага, ды не можа прыехаць ва Украіну без запрашэння. Кабінет разумее, чаму такога запрашэння няма: пазіцыя Украіны асцярожная на тле пагрозы адкрыцця другога фронту з боку Беларусі. Але Ціханоўская шкадуе, што з украінскага боку гучаць заявы, якія дэматывуюць беларусаў.

Hавiны
Ціханоўская запланавала сустрэчу з «каліноўцамі». І расказала, чаму не можа ехаць ва Украіну
2023.02.14 16:32

Санкцыі – так, толькі не «дзіравыя». Закрыццё межаў – так, але для грузаў, а не грамадзянаў

Кабінет часткова падтрымлівае рашэнне Польшчы закрыць пункту пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю: грузаперавозкі варта спыніць, бо яны выкарыстоўваюцца для абыходу санкцыяў у інтарэсах беларускіх і расейскіх уладаў, але гуманітарны калідор для людзей варта пакінуць. Прадстаўнік Кабінету ў транзіце ўлады Павел Латушка расказаў, што Кабінет заклікае іншыя краіны ўзмацніць ціск на Аляксандра Лукашэнку, але новы санкцыйны пакет, імаверна, тармозяць «калійныя групоўкі». Валер Кавалеўскі расказаў, што праца над закрыццём «дзіраў» для абыходу санкцыяў вядзецца проста цяпер.

Hавiны
Кабінет Ціханоўскай пра рашэнне Польшчы закрыць памежны пераход: для грузаў – так, для людзей – не варта
2023.02.14 17:41

Як вызваляць палітвязняў, невядома: ключы ад турмаў у рэжыму Лукашэнкі, а ён не ідзе на перамовы

Прадстаўніца Кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова на пытанне аб магчымасці вызваліць беларускіх палітвязняў адказала: хацела б сказаць, што трэба рабіць, але гэта не так.

«Я сама былая палітзняволеная, гэтым пытаннем мы задаваліся з сукамерніцамі ў СІЗА, – згадала Гарбунова. – На жаль, мне здаецца, што ў гэтым магчымым перамоўным працэсе не прадстаўнікі дэмакратычных сілаў з’яўляюцца недамоваздольнымі».

Дэмакратычныя сілы гатовыя да перамоваў, але для гэтага павінны быць сігналы з боку рэжыму Лукашэнкі, пэўныя ўмовы, сказала Гарбунова. І ў такіх перамовах ёсць рызыка застацца падманутымі, таму трэба бачыць з другога боку рэальныя крокі. Ды сігналаў аб гатовасці ўладаў да перамоваў пакуль няма: такімі сігналамі магло б стаць спыненне штодзённых рэпрэсіяў ці вызваленне палітвязняў з «гуманітарнага спісу» (пенсіянераў, інвалідаў, непаўналетніх, шматдзетных бацькоў і г.д.).

Яна заклікала праціўнікаў Лукашэнкі не перакладваць адказнасць за сітуацыю з палітвязнямі і рэпрэсіямі адно на аднога, бо «не ў нас знаходзяцца ключы ад турмаў», а таксама не выкарыстоўваць слова «гандаль» адносна перамоваў пра палітвязняў.

Аналітыка
Адкрыць турэмныя дзверы: як вызваліць беларускіх палітвязняў
2023.02.05 07:42

Гарбунова расказала, што атрымала кансультацыі ад замежных партнёраў, у тым ліку ад тых, хто вёў перамовы з аўтарытарнымі рэжымамі. Яна згадала нядаўняе вызваленне 222 палітвязняў у Нікарагуа – такія праблемы ёсць не толькі ў Беларусі, ды й у Беларусі не першы раз з’яўляюцца палітычныя зняволеныя.

Неўзабаве можа быць створаная адмысловая перамоўная група, каб дэмакратычныя сілы маглі займаць праактыўную пазіцыю, анансавала Гарбунова. Яна таксама згадала ідэю міжнароднага фонду для падтрымкі сем’яў палітвязняў і былых зняволеных – ужо пачаліся перамовы і распрацоўка мадэлі фонду. Гэты фонд, запэўніла яна, мае не замяніць, а дапоўніць існыя фонды і ініцыятывы.

У беларусаў можа з’явіцца альтэрнатыўны пашпарт 

Шэраг беларусаў за мяжою з розных прычынаў не можа аформіць новы беларускі пашпарт, нават калі стары скончыўся. Прасоўванне альтэрнатыўнага беларускага пашпарту вядзецца ў сінхранізацыі з Еўракамісіяй. Ужо распрацаваны дызайн дакументу.

Hавiны
У Пераходным кабінеце паведамілі пра гатовасць узору альтэрнатыўнага беларускага пашпарта
2023.02.14 14:52

Вугорскі міністр прыехаў у Беларусь – гэта не змена палітыкі Еўразвязу

У Менск 13 лютага прыбыў міністр замежных спраў Вугоршчыны – гэта першы за некалькі гадоў візіт такога маштабу ў Беларусь прадстаўніка адной з краінаў Еўрапейскага Звязу.

Прадстаўнік Кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі назваў гэты візіт відавочным адступленнем ад палітыкі Еўразвязу ў непрызнанні Лукашэнкі, прынятай яшчэ ў 2020 годзе. Але гэта адступленне «толькі адной дзяржавы, якая ўжо даўно пазначыла сябе на мапе Еўропы як досыць прыхільную да аўтарытарных рэжымаў». Так што гэта не разглядаюць як змену палітыкі Еўразвязу – і чакаюць каментароў Службы вонкавых сувязяў Еўразвязу.

«За гэтым выключэннем, якое падкрэслівае агульнае правіла, мы можам быць удзячныя нашым партнёрам у Еўрапейскім Звязе і Злучаных Штатах за іх паслядоўную і прынцыповую пазіцыю», – запэўніў Кавалеўскі.

Каментар
«Пыл у вочы і бессэнсоўнае выдаткаванне грошай». Эксперт аб візіце кіраўніка МЗС Вугоршчыны ў Менск
2023.02.14 14:32

Ці змогуць дэмакратычныя сілы перахапіць ініцыятыву ў Лукашэнкі?

Ні Кабінет, ні іншыя беларускія дэмакратычныя сілы даўно не рабілі нічога такога, што змусіла б Лукашэнку нервова рэагаваць. Ці магчыма зрабіць нешта такое, каб ініцыятыва была ў руках праціўнікаў Лукашэнкі?

«Заўжды мы, калі размаўляем з ініцыятывамі, таксама з медыямі, з людзьмі, мы кажам ім: прапаноўвайце свае ідэі. – адказала Ціханоўская. – Бо шмат чаго зроблена, шмат чаго дасягнута, але ж па асобных напрамках мы не дабіліся таго, што нам усім хацелася. Як уперліся ў глухую сценку, напрыклад, з вызваленнем палітвязняў».

Разам з тым, яна адзначыла поспехі Кабінету ў сілавым блоку, міжнароднай працы, нацыянальным адраджэнні. Ды прызнала: можа, не хапае свежых ідэяў, таму запрашаюць людзей да «мазгавых штурмаў».

Каментар
Што не так з Аб’яднаным пераходным кабінетам? Тры пункты ад Валерыя Цапкалы
2023.02.09 18:52

Валер Кавалеўскі расказаў пра кампанію супраць кандыдатуры прадстаўніка Лукашэнкі ў непастаянныя чальцы Рады бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Кавалеўскі на наступным тыдні мае ўдзельнічаць у падзеях у межах спецыяльнай сесіі Генеральнай асамблеі ААН з нагоды гадавіны расейскага ўварвання ва Украіну, абяцае прасоўваць ініцыятыву. Ён адзначыў, што гэтая справа можа здавацца неістотнай, але пазіцыя ў Радзе бяспекі ААН вельмі важная Лукашэнку дзеля легітымізацыі – да гэтага рыхтаваліся «гадоў дзесяць», выбары мусілі быць безальтэрнатыўнымі.

«Трэба разумець, што калі мы гаворым пра яркія нейкія акцыі, то мы павінны разумець, што гэтае супрацьстаянне беларускага народу і рэжыму адбываецца на самых розных узроўнях, у самых розных месцах. Часам яно незаўважнае», – патлумачыў Кавалеўскі.

Такія ініцыятывы, як няпропуск у Раду бяспекі ААН, «расхіствае рэжым», «забірае ў іх упэўненасць» і «забірае ў іх манаполію казаць ад імя беларускага народу», дадаў Кавалеўскі. Ён лічыць, што кожны з чальцоў Кабінету можа расказаць пра такія нібыта малазаўважныя справы, якія насамрэч «залазяць пад скуру рэжыму».

Прадстаўнік Кабінету ў аднаўленні правапарадку Аляксандр Азараў згадаў пра яшчэ адну такую ініцыятыву: ідзе праца з Інтэрпалам над тым, каб той верыфікаваў усе запыты з беларускага боку праз Кабінет. Рэжыму лёгка фальсіфікаваць запыт і прадставіць палітычную справу як непалітычную. Але, кажа Азараў, удалося сабраць доказы затрыманняў беларусаў з палітычных матываў, разам з дыяспарамі будуць пісаць звароты ў Інтэрпал, каб той прыпыніў выкананне запытаў беларускіх уладаў або верыфікаваў іх у дэмакратычных сілаў. Раней, калі гэтую тэму падымалі, бачылі, што «рэжым вельмі гэтага баіцца», распавёў ён.

Ціханоўская адзначыла, што праца прадстаўніцы Кабінету ў нацыянальным адраджэнні Аліны Коўшык «не ўдарыць нейкім адным махам» па рэжыме, але гэтая праца важная, яе «немагчыма пераацаніць». Коўшык пагадзілася, што ейная тэма «не хайповая», але беларусы толькі тады будуць моцнымі, калі «будзем разумець, навошта нам патрэбная незалежнасць». Коўшык і Ціханоўская ў гэтым кантэксце згадалі дыскусіі вакол медалёў «Гонар і годнасць». Коўшык заклікала таксама далучыцца да дыктовак на Дзень роднай мовы.

Hавiны
«Хочуць псіхалагічна выматаць». Святлана Ціханоўская – пра новы суд над мужам
2023.02.14 13:32

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў