«Пыл у вочы і бессэнсоўнае выдаткаванне грошай». Эксперт аб візіце кіраўніка МЗС Вугоршчыны ў Менск


Візіт міністра замежных спраў Вугоршчыны Петэра Сіярта ў Менск не меў ніякай логікі. Пра гэта ў каментары «Белсату» заявіў дырэктар Інстытута цэнтральнаеўрапейскай стратэгіі Дзмітрый Тужанскі.

Візіт міністра замежных спраў Вугоршчыны Петэра Сіярта ў Менск, Беларусь. 13 лютага 2023 года. Крыніца: Szijjártó Péter / Facebook

Па яго словах, гэта паездка «настолькі ж нелагічная, наколькі смешная». І будзе мець наступствы для Вугоршчыны.

«Віктар Орбан [прэм’ер-міністр Вугоршчыны. – Рэд. Belsat.eu] любіць балансаваць ў сваёй палітыцы. Калі ён робіць крок у бок Захаду, ён павінен рабіць крок у бок усходу», – заявіў Тужанскі.

Ён адзначыў, што, з’яўляючыся членам Еўразвязу і NАТO, Вугоршчына, напрыклад, у лістападзе 2022 года абвясціла аб пачатку эканамічнага супрацоўніцтва з Іранам. А сам Орбан у верасні наведаў Маскву для развітання з апошнім кіраўніком СССР Міхаілам Гарбачовым.

І вось цяпер, паабяцаўшы на саміце ў Брусэлі гуманітарна падтрымліваць Украіну, Орбан мае рабіць «крок у бок Усходу». Але рабіць крок у бок Масквы – «гэта ўжо занадта, гэта за рысай чырвоных ліній», таму збалансаваць вугорскую палітыку мусіў візіт у Менск  – «менш таксічны проксі».

Аксюмарон ад Орбана

Хоць улады Вугоршчыны і Беларусі і заяўляюць пра намер больш цесных эканамічных адносін, Тужанскі лічыць, што сёння «казаць аб нейкім эканамічным супрацоўніцтве краіны ЕЗ і NАТO з Беларуссю – немагчыма». Тым больш, што візіт кіраўніка вугорскага МЗС у Беларусь, з якой закрывае мяжу Польшча – адзін з самых блізкіх хаўруснікаў Вугоршчыны, «забівае цвік у вечка труны» стасункаў і паміж гэтымі краінамі.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан паціскае руку прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму на сустрэчы ў Брусэлі, Бельгія. 9 лютага 2023 года. Крыніца: Orbán Viktor / Twitter

Заяўляць жа ва ўмовах поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, што мэтай візіту было пасланне міру – «гэта аксюмарон».

«Віктар Орбан і яго каманда бачаць, што робіць цяпер Расея. Яны бачаць, што Расея не хоча міру. Яны бачаць, што Расея хоча знішчыць Украіну. Аб свеце наогул не ідзе гаворка. І ехаць у Менск гаварыць аб міры – гэта нават не цынізм», – адзначыў Тужанскі.

Ён нагадаў, што Орбан ужо прыязджаў у Маскву з пасланнем міру 1 лютага 2022 года, а праз тры тыдні пасля гэтага пачалася поўнамаштабная агрэсія Расеі супраць Украіны. Візіт у Менск яшчэ больш нелагічны, бо «ні Беларусь, ні Вугоршчына не ўплываюць ні на мірныя перамовы, ні на сам кантэкст працэсаў, якія сёння адбываюцца ў міжнароднай палітыцы».

На думку Тужанскага, візіт Сіярта ў Менск – не больш чым «чарговая правакацыя і памылка Віктара Орбана», які спрабуе адыгрываць ролю заходніх прарасейскіх кансерватараў, «якія дагэтуль шукаюць сябе ў нейкіх патэнцыйных мірных перамовах з Расеяй, да якіх Пуцін не гатовы».

«Орбан хоча стаць лідэрам гэтага крыла. Таму што лідарам еўраатлантычнага Захаду яму не быць», – заявіў эксперт.

На яго думку, візіт у Менск толькі ўскладніць міжнародныя пазіцыі Вугоршчыны, а ёй самой нічога не прынясе, паколькі «папулізм, пыл у вочы і бессэнсоўнае выдаткаванне бюджэтных сродкаў вугорскіх падаткаплацельшчыкаў».

Аналітыка
«Прызнанне для рэжыму». Што хаваецца за візітам у Менск кіраўніка МЗС Вугоршчыны
2023.02.13 19:15

У Менск 13 лютага прыбыў міністр замежных спраў Вугоршчыны Петэр Сіярта. Гэта першы за апошнія гады візіт такога маштабу ў Беларусь прадстаўніка адной з краін Еўрапейскага Звязу. Праходзіў ён на фоне магчымага паслаблення еўрапейскіх санкцый у дачыненні да беларускай калійнай галіны.

Гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман ахарактарызаваў візіт як «прызнанне для рэжыму».

Макар Мыш / АА belsat.eu

Стужка навінаў