«Хочуць псіхалагічна выматаць». Святлана Ціханоўская – пра новы суд над мужам


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала «Белсату» новы суд над мужам. Яна заявіла, што гэта спроба ціску на яе, на Сяргея, на ўсю сям’ю. «Яны хочуць даць большы тэрмін, каб псіхалагічна выматаць», – сказала Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская выступіла ў Сенаце Польшчы. Варшава, Польшча. 8 лютага 2023 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская назвала новы суд над мужам Сяргеем спробаю ціску на сям’ю. Яна заявіла «Белсату», што «адзінае, што засталося ў рэжыму, – гэта рэпрэсіі».

«Сяргей вельмі годна вытрымаў папярэдні прысуд. Яны хочуць даць большы тэрмін, каб псіхалагічна выматаць. Магчыма, гэта таксама спроба ціску на мяне, на сям’ю. Яны думаюць, што лічбы тэрміну прымусяць Сяргея або мяне спыніцца ці, як яны хочуць, пакаяцца. Усё, што робіць рэжым цяпер, – ад безвыходнасці. Хочуць зламаць чалавека, і адзінае, што засталося ў рэжыму, – гэта рэпрэсіі. І яны карыстаюцца гэтай магчымасцю, каб зняважыць асобу, націснуць яшчэ больш», – адзначыла Ціханоўская.

Яна таксама паведаміла, што за кратамі ў мужа пагоршыўся зрок, бо ён шмат чытае. Кнігі – адзінае, як можна бавіць час у калоніі:

«Адвакат кажа, што Сяргей трымаецца, нейкія задачы раздае і мне, і дзецям. Шмат чытае, праз гэта пагоршыўся зрок, але ж гэта адзінае, што там можна рабіць. Цяпер вельмі цяжка і кнігі перадаць, усё забаронена, і грошай на атаварванне не перадаць, бо ён у гэтак званым спісе экстрэмістаў».

Сёння ў гарадскім судзе Жодзіна Менскай вобласці пачаўся працэс у новай справе супраць Сяргея Ціханоўскага. Працэс вядзе Іван Грынкевіч. Палітзняволенага вінавацяць у «злосным непадпарадкаванні» адміністрацыі калоніі. Да 18-гадовага тэрміну яму могуць дадаць яшчэ два гады.

Hавiны
Прызначаная дата новага суда над Сяргеем Ціханоўскім
2023.02.01 10:31

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў