Рэктар-даносчык у БДУ і тройчы экстрэмісцкі «Белсат». Рэпрэсіі 3 чэрвеня


«Кіберпартызаны» у выніку хакерскай атакі на БДУ даведаліся, што рэктар асабіста паведамляў сілавікам пра пратэсныя акцыі студэнтаў, а суд у Менску прызнаў «экстрэмісцкім» допіс у «экстрэмісцкім» Telegram-канале «экстрэмісцкага» «Белсату». Пра гэта – у чарговым аглядзе палітычных рэпрэсіяў, што не сціхаюць у Беларусі з 2020 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Daniel Abbatt / pexels.com

Рэктар БДУ Андрэй Кароль «здаваў» студэнтаў, якія ладзілі пратэставыя акцыі ў 2020 годзе. Пра гэта даведаліся «Кіберпартызаны», якія ўлетку мінулага года ўзламалі сетку ўніверсітэту. Рэктар паведамляў знаёмаму міліцыянту з Маскоўскага РУУСу Менску Андрэю Галенку (цяпер ён намеснік кіраўніка раённага ўпраўлення), калі студэнты збіраліся каля будынкаў сваіх факультэтаў.

Акрамя таго, летась БДУ справаздачыўся пракурору Маскоўскага раёну Менску, што са жніўня 2020 года ў «імпрэзах пратэставай накіраванасці» узялі ўдзел 283 студэнты (140 з іх адлічылі) і 59 выкладчыкаў (50 былі звольненыя). Пры гэтым пад палітычны ціск трапілі блізу 500 супрацоўнікаў – яны пад ціскам напісалі заявы на звальненне або з імі не працягнулі кантракт, даведаліся «Кіберпартызаны».

Тым часам набліжаныя да сілавікоў каналы паведамілі пра затрыманне выкладчыка механіка-матэматычнага факультэту БДУ Алега Насаня. Ён нібыта быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы» і «падтрымоўваў апазіцыю». Паводле якога артыкула яго абвінавачваюць, невядома.

У Мсціслаўлі затрымалі вартаўніка будаўнічага каледжа. Станіслаў Сцепчанкоў нібыта распаўсюджваў «экстрэмісцкія» і нацысцкія матэрыялы, а таксама зарэгістраваўся ў чат-боце плану «Перамога».

У Берасці судзяць журналістку Алену Цімашчук, яе абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, распальванні варожасці і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карасінскі. Вырак пакуль не вядомы, як і акалічнасці справы. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, Цімашчук працавала ў дзяржаўнай газеце «Брестский вестник» і тэлерадыёкампаніі «Брэст», а таксама ў розных рэгіянальных выданнях.

Журналістка Алена Цімашчук.
Фота: bajmedia / Telegram

У Менску 2,5 гады хатняй хіміі і штраф 4 000 рублёў прызначылі Аляксандру Саевічу за каментар пра інспектарку міліцыі. Справу паводле артыкула «Абраза прадстаўніка ўлады» разгледзела суддзя суда Ленінскага раёну Анастасія Ачалава. Следства сцвярджае, што ў 2021 годзе мужчына напісаў каментар пра старэйшую інспектарку крымінальна-выканаўчай інспекцыі РУУСу. Яна, дарэчы, патрабавала 1 000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Хату блогеркі Алены Янушкоўскай прадалі за 18,5 тысячы рублёў. Падставаю была запазычанасць у штрафах і падатках на 1 436 рублёў. У гэтым доме ў вёсцы Суйкава Віцебскага раёну Янушкоўская пражыла амаль 20 гадоў.

«Гандляваліся паміж сабой два ўдзельнікі, хоць суседзі распавядалі, што ахвотных паглядзець прыязджала шмат. Падчас аўкцыёну кошт хаты павысіўся амаль у два разы, спачатку ён быў 10 700 рублёў», – сказала Янушкоўская ў каментары БАЖ.

Праваабарончая супольнасць Беларусі ўхваліла заяву, запатрабаваўшы поўнай рэабілітацыі для 29 асобаў, пазбаўленых волі за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў і якія з розных прычынаў не лічыліся палітзняволенымі. Цяпер ім надалі статус «былых палітвязняў», гэта Вольга Радзюкевіч, Уладзімір Лагавы, Марыя Фаміна, Андрэй Томчык, Віталь Андрэеў, Яўген Анкуда, Станіслаў Акаловіч, Арцём Станеўскі, Максім Логінаў, Гала Аншук, Наталля Баўліна, Уладзіслаў Бягун, Наталля Белая, Андрэй Бойка, Вера Струніна, Сяргей Самойленка, Леанід Астапенка, Валерый Жалезны, Уладзімір Мякіннік, Святлана Швец, Яна Анішчык, Цімур Бацоха, Ігар Булыга, Яўген Бухта, Андрэй Васілеўскі, Сяргей Вікулаў, Артур Вішнявецкі, Артур Валчок, Уладзіслаў Гарбузаў.

Hавiны
Суд прызнаў «экстрэмісцкім» допіс у «экстрэмісцкім» Telegram-канале «экстрэмісцкага» «Белсату»
2024.06.03 19:19

Суд Партызанскага раёну Менску прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» адзін допіс у Telegram-канале «Белсату», нягледзячы на тое, што раней «экстрэмісцкі» статус надалі самому каналу, а наш тэлеканал агулам лічыцца «экстрэмісцкім фармаваннем». Незадавальненне ўладаў выклікала публікацыя пра менскі Свята-Елісавецінскі манастыр, які падтрымлівае расейскую агрэсію ва Украіне.

Акрамя таго, у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі:

  • Telegram-каналы і чаты «МОВА ТУТ», «Mikałaj Łukašenka Ž # КрывiяТг»;
  • «ШапитоДичь», «Народный репортер»;
  • Youtube-каналы «БелДиаспораТВ», «Belarusian Americans Org»;
  • Акаўнты ў Facebook «Беларускi нацыянальны кангрэс», «Сергей Петрухин»;
  • Старонка ў сацсетцы «ВКонтакте» «NEXTA Белоруссия 97%. Поддержка. Помощь»;
  • Старонкі ў сацсетцы «Одноклассники» «Новости Беларуси от Reform.nеws», «Сяргей Пятрухiн»;
  • Instagram-акаўнт «kaciaberlin»;
  • Прадмову Язэпа Янушкевіча да двухтомнай кнігі твораў Вінцэнта Дунiна-Марцiнкевiча.
Hавiны
Маладзёна будуць судзіць паводле дзевяці артыкулаў
2024.06.03 09:10

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў