Суд прызнаў «экстрэмісцкім» допіс у «экстрэмісцкім» Telegram-канале «экстрэмісцкага» «Белсату»


Суд Партызанскага раёну Менску прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» адзін допіс у Telegram-канале «Белсату», нягледзячы на тое, што раней «экстрэмісцкі» статус надалі самому каналу, а наш тэлеканал агулам лічыцца «экстрэмісцкім фармаваннем». На абнаўленне «Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў», што апублікаваны на сайце міністэрства інфармацыі, звярнуў увагу праваабарончы цэнтр «Вясна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

27 траўня суд Партызанскага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкім допіс у Telegram-канале «Белсату» пра атмасферу ў менскім Свята-Елісавецінскім манастыры:

«Татальная салідарнасць з Расеяй. Распаўсюд прапаганды, збор грошай на вайну, лісты расейскім салдатам, пляценне сетак і г.д. Манастыр даўно вядомы сваёй падтрымкай расейскай агрэсіі».

Яшчэ ў ліпені 2021 года суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў «экстрэмісцкімі» усе інфармацыйныя рэсурсы «Белсату»: сайт, Telegram-канал, акаўнты ў Facebook, Instagram, «ВКонтакте».

У лістападзе таго ж года МУС Беларусі абвесціла наш тэлеканал «экстрэмісцкім фармаваннем».

Цяперашнюю пастанову суда Партызанскага раёну праваабарончы цэнтр «Вясна», які звярнуў увагу на абнаўленне «Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў», назваў «экстрэмізмам у кубе».

Акрамя таго, у «экстрэмісцкі пералік» дадалі:

  • Telegram-каналы і чаты «МОВА ТУТ», «Mikałaj Łukašenka Ž # КрывiяТг», «ШапитоДичь», «Народный репортер»;
  • Youtube-каналы «БелДиаспораТВ», «Belarusian Americans Org»;
  • Акаўнты ў Facebook «Беларускi нацыянальны кангрэс», «Сергей Петрухин»;
  • Старонка ў сацсетцы «ВКонтакте» «NEXTA Белоруссия 97%. Поддержка. Помощь»;
  • Старонкі ў сацсетцы «Одноклассники» «Новости Беларуси от Reform.nеws», «Сяргей Пятрухiн»;
  • Instagram-акаўнт «kaciaberlin»;
  • Прадмова Язэпа Янушкевіча да двухтомнай кнігі твораў Вінцэнта Дунiна-Марцiнкевiча.

У Беларусі за распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў пагражае адміністрацыйная адказнасць. Нагодаю для пераследу таксама стане рэпост або лайк, а таксама ўдзел у групах і чатах, прызнаных «экстрэмісцкімі».

Hавiны
Сілавікі затрымалі актора і вядоўцу, абвінаваціўшы яго ў супрацы з «Белсатам»
2024.06.02 12:36

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў