«Бурная дыскусія – гэта добра». Усё пра новую беларускую ўзнагароду  


11 лютага Аб’яднаны пераходны кабінет абвесціў аб пачатку ўзнагароджвання медалём «Гонар і Годнасць» асобаў, якія «праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі». Навіна пра ўзнагароду вылілася ў жывую дыскусію ў сацыяльных сетках.

Крыніца: Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі / Telegram

«Белсат» разбіраўся ў тым, што не спадабалася людзям у медалі, высвятляў, ці ён ужо выраблены, а таксама атрымаў каментар ад Аліны Коўшык, прадстаўніцы Кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння, і ад аднаго з экспертаў Геральдычнай рады, якая распрацоўвала ўзнагароду.

Якія прэтэнзіі да медаля?

Калі адным словам апісаць, што канкрэтна выклікае спрэчкі пра новую узнагароду ад Кабінету, то гэта «ўсё». Вядома, хапае тых, каму новы медаль падабаецца, але гаворка не пра іх. На якія моманты звяртаюць увагу крытыкі?

Назва «Гонар і Годнасць». Адносна назвы кажуць, што яна прысутнічае на ўзнагародзе, распрацаванай Сходам нашчадкаў шляхты і дваранства, якую нават уручылі 12 лютага 2021 года арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу (дзеля справядлівасці адзначым, што ў гэтым выпадку ідзе гаворка пра ганаровы знак, а не медаль). Таксама згадваецца, што «Гонар і годнасць» у якасці дэвізу выкарыстоўвала арганізацыя «Белы легіён». На «Вікіпедыі» пішуць пра наяўнасць у іх уласнага знаку з выгравераваным адпаведным надпісам. Апрача таго, можна адзначыць ужыванне спалучэння «гонар і годнасць» у якасці назвы мерапрыемстваў рознага часу, у тым ліку і арганізаваных афіцыйна. У каментарах таксама дадаюць, што «гонар і годнасць» прысутнічаюць у Дэкларацыі правоў чалавека і ўвогуле даволі шырока распаўсюджанае словазлучэнне.

Выява Пагоні з хвастом уверх. Тут і незадаволенасць выбарам узору Пагоні ў ізаграфіі Язэпа Драздовіча, якая не адпавядае выгляду агульнавядомага герба Рэспублікі Беларусь пасля атрымання ёю незалежнасці, і жартаўлівыя допісы пра тое, як пазіцыя таго самага хваста можа вызначаць будучыню, і запыты наконт таго, ці не прыклаў да ўзнагароды руку Цэслер.

Фота прадстаўлена рэдакцыі «Белсату»

Спалучэнне колераў калодкі. Некаторыя каментатары бачаць у ёй асацыяцыі з расейскім трыкалорам.

Надпіс на рэверсе «Беларусь перадусім». Філосафка Вольга Шпарага, якая цяпер жыве ў нямецкамоўнай прасторы, адзначыла, што ў яе выклікае негатыўныя асацыяцыі лозунг «Беларусь перадусім», бо ён падобны да лозунгу «Deutschland über alles» (бел. ‘Нямеччына па-над усімʼ) і трампаўскага «America First» (бел. ʼАмерыка найпершʼ). Таму, на думку Вольгі Шпарагі, выкарыстаны лозунг на медалі «мае недэмакратычны дух, які выключае і дыскрымінуе». Яе падтрымаў Андрэй Лаўрухін, допіс якога ў «Фэйсбуку» сабраў больш за 180 каментароў. Лаўрухін называе ўжыванне на медалі словаў «Беларусь перадусім!» «вялікай памылкай, якая дыскрэдытуе беларускія дэмсілы (спадзяюся, не наўмысна, а паводле непаразумення)». У адказ крытыкам сваёй пазіцыі Вольга Шпарага тлумачыць, што «ўльтраправыя кансерватары – прадаўжальнікі справы нацыянал-сацыялістаў. Таму і лозунгі аналагічныя», ды «ўвогуле ж, гэта Кабінет выкарыстоўвае кампраметацыйны лозунг і падыгрывае рэжыму, а не мы, хто яго крытыкуе».

Як тлумачыць элементы ўзнагароды адзін з удзельнікаў Геральдычнай рады?

«Для разумення закладзенага сэнсу ва ўзнагароду варта ўлічваць усе яе элементы ў сукупнасці, у тым ліку і статутныя дакументы, а не вырываць нешта (у адпаведнасці з уласным густам) з кантэксту. Назва медаля «Гонар і Годнасць» бярэ пачатак з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якой гаворыцца пра абарону правоў, свабодаў, гонару і годнасці яе грамадзянаў. Тое, чаго ў сённяшняй Беларусі бракуе. Таму ў статуце прапісана, што ўзнагароджвацца медалём будуць палітзняволеныя, валанцёры, людзі за грамадска значны асабісты ўнёсак, годнае і беззаганнае выкананне службовых і прафесійных абавязкаў ва ўмовах парушэння законнасці, асабістыя мужнасць і годнасць у змаганні за свабоду, нацыянальныя каштоўнасці, дэмакратыю і правы чалавека. Пры гэтым пад гонарам і годнасцю маецца на ўвазе не толькі маральнае стаўленне асобы да сябе, але і грамадства да яе, адсюль у апісанні ўзнагароды адзначаны таксама «гонар за Айчыну і годнасць, праяўленую ў крытычнай для яе сітуацыі».

Выява прадстаўлена рэдакцыі «Белсату»

Пагоня на тарчы сягае не толькі да выявы герба Вялікага Княства Літоўскага, але і падкрэслівае пераемнасць з Беларускай Народнай Рэспублікай і яе сімваламі – гербам на слыннай паштоўцы «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!». Адначасна ў дадзеным выпадку абраная выява Пагоні ў ізаграфіі Язэпа Драздовіча на паштоўках, прымеркаваных да «Дару Сакавіка» – праявы салідарнасці з боку беларусаў у замежжы на Дзень Волі, традыцыйнай акцыі збірання сродкаў у гэты дзень для дапамогі адно аднаму. Яна бярэ пачатак пасля Другой сусветнай вайны, калі шмат беларусаў вымушана апынуліся на эміграцыі.

Лаўровы вянок узяты з найбуйнейшага манетнага наміналу часоў ВКЛ – залатога партугала Жыгімонта Аўгуста 1562 г., які выкарыстоўваўся пераважна ў якасці ўзнагароды за службу. Такім чынам падкрэсліваецца пераемнасць Беларусі з ВКЛ і глыбокія карані ўласнай традыцыі ўзнагароджвання за заслугі перад краінай.

Надпіс на рэверсе «Беларусь перадусім» – «вернасць прысязе народу Беларусі, невыкананне злачынных загадаў і распараджэнняў, самаадданую службу дзеля аднаўлення законнасці і правапарадку з рызыкай для жыцця і здароўя», «доўгатэрміновае годнае спрыянне ў палітычнай, грамадскай ці прафесійнай дзейнасці ўмацаванню рэспубліканскага дзяржаўнага ладу і дэмакратыі». З улікам таго, што іншыя вядомыя беларусам дэвізы ўжытыя ў іншых распрацаваных узнагародах, то тут абраны «Беларусь перадусім» (без клічніка).

Таксама пры выбары надпісу ўлічвалася, што «Беларусь перадусім» была назвай вядомай у міжваенны час у Заходняй Беларусі песні, папулярнай у прадстаўнікоў розных палітычных поглядаў, якія прадстаўлялі нацыянальна-вызвольны рух. Словы песні былі напісаныя заходнебеларускім паэтам і палітычным дзеячам Беларускай хадэцыі Альбінам Стаповічам, які памёр у 1934 годзе. У найноўшы час гэты лозунг актыўна ўжываюць нацыянальна арыентаваныя палітыкі, прысутнічаў ён як «перадусім Беларусь» у назве біяграфіі Генадзя Бураўкіна, а таксама нагадвае пра беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на баку Украіны ў вайне супраць Расеі з 2014 года.

Выява прадстаўлена рэдакцыі «Белсату»

Блакітны колер стужкі медаля падкрэслівае чысціню неба над Беларуссю. Бела-чырвона-белая ўстаўка апелюе да колераў беларускага нацыянальнага сцягу. Срэбра ў геральдыцы азначае сумленнасць, ахвярнасць і бескарыслівасць».

«Гэтыя медалі ў будучыні будуць сведчаннем нашага змагання»

Каб высветліць усе абставіны ўзнікнення медаля «Гонар і Годнасць», «Белсат» звярнуўся да Аліны Коўшык, прадстаўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння.

– Чаму Кабінет уводзіць новую ўзнагароду і чаму менавіта цяпер?

– З самага пачатку ініцыятывы разглядалася патрэба ў нацыянальнай сістэме ўзнагародаў для новай Беларусі, якая б замяніла антыбеларускую савецкую сістэму. Адна з такіх узнагародаў – для цывільных асобаў. Першапачаткова разглядаліся варыянты назваць узнагароду «Res Publica» і ўручаць яе тым, хто пацярпеў у супрацьстаянні з дыктатурай, у тым ліку не здрадзіў прысязе на вернасць народу Беларусі. Былі варыянты «Салідарнасць», «Бацькаўшчына», «медаль Годнасці», «За Ахвярнасць у Імя Айчыны» і іншыя варыянты. Пасля галасавання спыніліся на «Гонар і Годнасць» – за выключную адданасць нашай Радзіме. Мы вельмі хацелі паспець з анонсам і ўручэннем першага медаля Вольнай Беларусі да сімвалічнай даты – 105-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

– Каго будуць узнагароджваць медалём «Гонар і Годнасць»?

– Мы перакананыя, што гэтым медалём можна ўзнагародзіць вялікую колькасць беларусаў, якія паказалі сваю сілу, рашучасць, вернасць і адданасць Беларусі.

Людзей, якія ёсць святлом у цемры і натхняюць нас не спыняцца. Камісія ўзнагародаў ужо выбрала першую групу людзей, да якіх не было ніякіх сумневаў, якія першымі атрымаюць першы медаль з Пагоняй Вольнай Беларусі. Гэта таксама вельмі сімвалічнае рашэнне і вельмі годнае. Хутка абвесцім спіс.

Фота прадстаўлена рэдакцыі «Белсату»

– Ці чакалі вы асабіста, што ўзнагарода выкліча такую жывую цікавасць і абмеркаванне?

– Тое, што пытанне медалёў, хваста Пагоні ды мота выклікала бурную дыскусію ў пэўных колах, мяне радуе. Мы цяпер у працэсе аднаўлення нашай гістарычнай памяці, падыходаў да яе, сучаснага разумення і інтэрпрэтацыі.

Але хачу зазначыць, што шмат хто згодны з нашым бачаннем і выказваў падтрыманне. Я перакананая, што мы перажывем яшчэ шмат спрэчак, але гэта толькі ўзмоцніць нашую свядомасць. Гэтыя медалі ў будучыні будуць сведчаннем нашага змагання.

– Ці будуць прымацца іншыя ўзнагароды?

– Геральдычная рада працуе вельмі плённа і ўжо распрацавала шэраг узнагародаў. Новая лінейка заснаваная на нашай гістарычнай традыцыі. Гэта і медаль «За Мужнасць», і Партызанскі Народны Крыж. Прыадкрыю таямніцу, што будуць узнагароды ў гонар выбітных беларусак. У гэты выключны момант беларускай гісторыі варта адзначаць нашых герояў. І гэта далёка не тая сітуацыя, у якой мы самыя сябе вырашылі ўзнагародзіць, як здзекліва пішуць. Гэта нашая даніна пашаны выбітным змагарам і змагаркам. Гэта вынік працы незалежнай Геральдычнай рады і грамадскай камісіі ўзнагародаў. Калі міне небяспека, мы адкрыем усе імёны іх чальцоў.

Прадстаўнікі Геральдычнай рады прапанавалі дасылаць свае пытанні адносна ўзнагароды «Гонар і Годнасць» на адрас: info@hieraldyka.org

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў