У Гомлі знік праўладны актывіст. Знайшоўся затрыманым за падпіску на «экстрэмісцкі» канал


Чалец БРСМ і Камуністычнай партыі Аляксандр Лебедзеў знік у Гомлі 31 жніўня, а знайшоўся на наступны дзень у аддзяленні міліцыі. Як расказвае «Флагшток», праўладнага актывіста затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкі» канал.

Аляксандр Лебедзеў
Аляксандр Лебедзеў на праўладнай акцыі.
Фота: Александр Лебедев / VK

Пошукава-ратавальны цэнтр «Сімуран» 1 верасня абвяшчаў аб пошуку 22-гадовага Аляксандра Лебедзева, які днём раней выйшаў з дому і знік. Праз некалькі гадзінаў ён быў знойдзены жывым.

Знаёмы Лебедзева расказаў, што «зніклага» затрымалі з прычыны падпіскі на «экстрэмісцкі» канал і даставілі ў Савецкі РАУС. У няволі актывіст правёў ноч, на наступны дзень па яго прыйшлі бацькі – мужчыну вызвалілі.

Гэты знаёмы казаў аб затрыманні з ужываннем савецкага мэму: «Адбылася пачварная памылка». Гэтую фразу прасіў перадаць Іосіфу Сталіну народны камісар унутраных справаў СССР Мікалай Яжоў на судзе над сабою. Перадалі ці не, невядома, але Яжова за «шпіянаж», «тэрарызм» і «падрыхтоўку антысавецкага перавароту» расстралялі, таксама як і ягонага папярэдніка, і ягонага наступніка на чале НКВД.

Лебедзеў жа, мяркуючы па сацсетках, Сталіна любіць: ухваляе тое, што камуністы Гомля ў гэтым траўні разгарнулі ў цэнтры гораду банер з партрэтам савецкага тырана. Актывіст таксама вельмі часта ўдзельнічае ў акцыях за дзейную ўладу, якая ладзіць пераслед такіх «экстрэмістаў».

«Экстрэмісцкія матэрыялы» – адна з самых частых нагодаў для палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» пастаянна пашыраюць, і ён даволі непрадказальны: там не толькі старонкі незалежных медыяў, але і шматлікія мясцовыя чаты, і графічныя файлы «aajG6OrSr20» і «Vr3pVg67J8c» (што гэта за карцінкі, невядома).

Агляд
Што ў Беларусі «экстрэмізм»: глядзім на дзівосы спісаў «матэрыялаў» і «фармаванняў»
2023.08.26 14:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў