У Нямеччыне пакуль не ведаюць, што рабіць з беларусамі без пашпартоў


Нямецкі ўрад асудзіў новы ўказ Лукашэнкі аб спыненні выдачы беларускіх пашпартоў за мяжой і назваў гэта недапушчальным – адмаўляць у падтрымцы ўласным грамадзянам, паведамляе Deutsche Welle. Але ўлады краіны пакуль не ведаюць, што рабіць з беларусамі без пашпартоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Калі беларускі ўрад і сапраўды пойдзе на такі крок, то гэта, зразумела, патрабуе асуджэння», – заявіў у прэс-сакратар МЗС Нямеччыны Себасцьян Фішэр.

Таксама ён растлумачыў, што па міжнародным консульскім праве ў прынцыпе недапушчальна адмаўляць грамадзянам уласнай краіны за мяжой у консульскай падтрымцы, абароне і аказанні консульскіх паслуг.

Аднак у нямецкім урадзе пакуль не ведаюць, як быць, калі ў грамадзяніна Беларусі, які пражывае ў Нямеччыне, скончыцца тэрмін дзеяння пашпарта і ён не зможа падоўжыць яго ў Беларусі.

«Цяпер мы наогул не можам адказаць на такое пытанне, паколькі дадзены вамі факт нам яшчэ не вядомы», – заявіў афіцыйны прадстаўнік канцлера Штэфен Гэбэштрайт, і дадаў, што калі ўзнікне такі выпадак, тады і будуць вырашаць, як быць.

Нагадаем: з 7 верасня набывае моц указ № 278 Аляксандра Лукашэнкі, які рэзка абмяжоўвае правы і магчымасці беларусаў замежжа. Цяпер беларускія амбасады і консульствы перастануць выдаваць ці абменьваць пашпарты, іх можна будзе атрымаць толькі ў Беларусі паводле месца прапіскі.Таксама перастануць дзейнічаць даверанасці беларусаў, складзеныя за мяжой, у выніку чаго не магчыма будзе прадаваць маёмасць у Беларусі з-за мяжы.

У суседніх з Беларуссю краінах – Польшчы і Літве пры адсутнасці дзейнага пашпарту беларусы могуць зрабіць мясцовы праязны дакумент. Толькі трэба абгрунтаваць такую патрэбу.

«Мы ў Літве маем усе працэдуры, і мы гатовыя да тых выпадкаў, як цяпер, калі людзям спатрэбяцца пашпарты для падарожжаў, і яны не могуць атрымаць беларускі пашпарт, у іх будзе магчымасць аформіць пашпарт замежніка ў Літве», – сказала дырэктарка Дэпартаменту міграцыі пры МУС Літоўскай Рэспублікі Эвеліна Гудзінскайце.

У Польшчы такія праязныя дакументы беларусам з ліпеня сталі выдаваць увогуле бескаштоўна. Аднак як быць беларусам, якія жывуць у шмат якіх іншых краінах, пакуль застаецца пад пытаннем.

Каментар
У Літве абяцаюць не абмяжоўваць выдачы праязных дакументаў беларусам без пашпартоў
2023.09.06 19:21

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў