У Літве абяцаюць не абмяжоўваць выдачы праязных дакументаў беларусам без пашпартоў


Улады Літвы не плануюць мяняць працэдуры выдачы беларусам пашпартоў замежніка. Каб атрымаць гэты дакумент, спатрэбіцца абгрунтаваць, чаму грамадзянін не можа аформіць пашпарт на радзіме, сказалі «Белсату» у Дэпартаменце міграцыі пры МУС Літвы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: la.mfa.lt

Улады Літвы ведаюць пра новыя абмежаванні для беларусаў-эмігрантаў, ухваленыя Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта «Белсату» сказала дырэктарка Дэпартаменту міграцыі пры МУС Літоўскай Рэспублікі Эвеліна Гудзінскайце. Яна запэўніла, што беларускія грамадзяне, як і раней, могуць афармляць пашпарты замежніка.

«Мы ведаем, што цяпер беларусы мусяць вяртацца ў Беларусь, каб прадоўжыць дакументы. Аднак бальшыня беларусаў, якія тут жывуць і працуюць, маюць магчымасць вярнуцца, і яны гэта вельмі часта робяць», – адзначыла Гудзінскайце.

Аналітыка
Помста за нелюбоў да Лукашэнкі. Навошта эмігрантаў пазбаўляюць пашпартоў і даверанасцяў
2023.09.06 19:13

Тым, хто не можа з’ездзіць у Беларусь па новы пашпарт, Літва выдае адмысловыя пашпарты для падарожжаў. Толькі трэба абгрунтаваць такую патрэбу:

«Мы асобна разглядаем кожны выпадак беларусаў, якія асцерагаюцца пераследу і не могуць ехаць у Беларусь. Калі сапраўды з аб’ектыўных прычынаў беларус не можа вярнуцца на радзіму, мы выдаём пашпарт замежніка».

Кіраўніца Дэпартаменту міграцыі падкрэсліла, што пашпарт замежніка могуць аформіць уладальнікі часовага або сталага ВНЖ.

«Мы ў Літве маем усе працэдуры, і мы гатовыя да тых выпадкаў, як цяпер, калі людзям спатрэбяцца пашпарты для падарожжаў, і яны не могуць атрымаць беларускі пашпарт, у іх будзе магчымасць аформіць пашпарт замежніка ў Літве», – падсумавала Эвеліна Гудзінскайце.

Разбор
Што трэба ведаць пра адмову выдаваць і працягваць беларускія пашпарты за мяжой
2023.09.05 19:21

Такі дакумент замяняе нацыянальны беларускі пашпарт у паездках за межы Літвы і прызнаецца амаль усімі краінамі, што прызнаюць пашпарт грамадзяніна Літвы. Беларус з літоўскім пашпартам замежніка можа свабодна вандраваць па Шэнгенскай зоне цягам максімум 90 дзён у паўгода (бо адначасова мае від на жыхарства ў Літве). Аднак усё роўна патрабуецца афармляць візы тых краінаў, куды грамадзянам Беларусі бязвізавы ўезд забаронены.

Афармленне пашпарта замежніка ў Літве будзе каштаваць €65. Цягам пяці дзён улады мусяць разгледзець заяву, і пры станоўчым рашэнні выдаць дакумент цягам яшчэ 30 дзён. Паскоранай працэдуры за дадатковую аплату цяпер няма. Тэрмін дзеяння такога пашпарта не павінен перавышаць тэрміна дзеяння ВНЖ, пры гэтым будзе не менш за 3 месяцы і не больш за 5 гадоў.

Такія ж «замяняльнікі» пашпартоў для падарожжаў беларусам выдаюць у Польшчы, там ён называецца падарожны дакумент для замежніка.

Hавiны
Як атрымаць польскі праязны дакумент. Памятка для тых, хто не можа паехаць у Беларусь за новым пашпартам
2023.09.06 11:34

belsat.eu

Стужка навінаў