news
Гісторыі
ЦБС – тры гады. Як у Варшаве дапамагаюць беларусам з легалізацыяй і адукацыяй дзяцей
«Як у „Apple“ усё пачыналася ў гаражы, так у нас пачыналася проста на кухні».
07.09.202313:09

У Варшаве тры гады дзейнічае Цэнтр беларускай салідарнасці, які кансультуе беларускіх палітычных уцекачоў, кантактуе з польскімі чыноўнікамі аб спрашчэнні правілаў для беларусаў, а таксама ладзіць школу дадатковай адукацыі для беларускіх дзяцей. На дзень народзінаў цэнтру «Белсат» распытаў супрацоўнікаў ЦБС, як яны працуюць, чым могуць дапамагчы – і як дапамагчы ім.

Цэнтр беларускай салідарнасці працуе ў партнёрстве з Міністэрствам замежных справаў Польшчы і ўладамі Варшавы, шматлікімі арганізацыямі і фондамі з розных краінаў, аж да Канады. Асноўныя напрамкі дзейнасці – юрыдычная дапамога ў легалізацыі і міжнароднай ахове, інфалінія, тлумачальныя матэрыялы тэкстам і відэа, а таксама школа дадатковай адукацыі.

Часам з’яўляюцца новыя ідэі або праекты: цяпер у ЦБС дзейнічае кансультант, які дапамагае пабудаваць кар’еру ў Польшчы, працуюць размоўныя клубы. Раней былі таксама праекты псіхалагічнай дапамогі і тэатральны праект для падлеткаў. Нядаўна ў ЦБС пачалі прадаваць беларускія кнігі, працуюць над адкрыццём выдавецтва і перазапускам бук-кросінгу для дзяцей.

Пачыналі на кухні

ЦБС ўзнік пасля выбараў-2020: тады 14 арганізацыяў, ад Беларускага моладзевага хабу да Беларускага свабоднага тэатру, вырашылі стварыць цэнтр дапамогі беларусам, якія прыедуць у Польшчу. Як расказвае «Белсату» прэс-сакратар ЦБС Антось Жукаў, дакладнай датай нараджэння лічаць 7 верасня, калі знайшлі месца у тым будынку, дзе  цяпер знаходзіцца «Народнае антыкрызіснае ўпраўленне».

«Як у „Apple“ усё пачыналася ў гаражы, так у нас пачыналася проста на кухні», – смяецца Жукаў.

Першы час усё рабілася «на каленцы» і без грошай – ужо пазней з’явіліся гранты ад польскіх і іншых партнёраў. «Рухавіком» быў Уладзь Кобец (цяпер ён старшыня праўлення ЦБС), які пераехаў у Польшчу пасля выбарчай кампаніі 2010 года, пасядзеўшы ў следчым ізалятары Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Ён, як кажа Жукаў, «добра разумеў, чым усё можа скончыцца», таму актыўна займаўся ідэяй цэнтру дапамогі, знайшоў юрыстку Вольгу Дабравольскую (цяпер яна сябра праўлення і кіраўніца аддзелу прававой дапамогі), а юрыстка Алеся Пажытак узялася за працу на інфалініі (а ў выніку стала спецыялісткай у міжнароднай абароне, ды ў студзені сышла з ЦБС), урэшце ўсё «абрасло» валанцёрамі і ахвочымі дапамагчы.

Як згадвае Жукаў, першым «кліентам» ЦБС стаў Андрэй Астаповіч – былы следчы і будучы сузаснавальнік аб’яднання экс-сілавікоў BYPOL, які ўцякаў з Беларусі ў Польшчу проста пераплыўшы раку, у першыя дні нават не ведаў, дзе жыць.

Дабравольская расказвае, што за першы месяц працы праз ЦБС прайшло сто чалавек, пазней людзей стала толькі больш. І ў першы час беларускія ўцекачы, бывала, прыходзілі не тое, што без грошай, а проста галодныя – супрацоўнікі ЦБС за свае грошы куплялі ўцекачам ежу або плацілі за таксі.

«Стандартная была справа, калі я заходжу ў пакой, кажу, „Дзень добры, я Вольга Дабравольская, я юрыст, чым я магу Вам дапамагчы?“, а перада мной сядзіць чалавек, які ішоў пешшу 70 км, з во такімі сінякамі пад вачыма, – яна праводзіць пальцам па сярэдзіне шчакі. – І ён кажа, што не еў тры дні. Пачынаем мітусліва шукаць, што мы можам яму цяпер даць».

У 2020 годзе было шмат гісторыяў, выслухваць якія было цяжка нават юрыстам ЦБС: пра гвалт, фізічныя траўмы, згвалтаванні… Жукаў кажа, некаторым супрацоўнікам ЦБС давялося ўжываць антыдэпрэсанты. А Дабравольская згадвае, як людзі прыходзілі на юрыдычныя кансультацыі, расшпілялі кашулі і паказвалі колатыя раны ад святлошумавых гранат. І супрацоўнікам ЦБС даводзілася працаваць да 11 ночы, а тое і пазней. Дабравольская першыя тры месяцы сумяшчала ЦБС і «звычайную» працу ў Асацыяцыі прававой інтэрвенцыі, працавала «на дзве стаўкі».

Святлана Ціханоўская на сустрэчы з супрацоўнікамі Цэнтру беларускай салідарнасці і дзеткамі ўцекачоў з Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская, ЦБС, Цэнтр беларускай салідарнасці, лідарка Беларусі, апазіцыя, Варшава, Польшча
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з супрацоўнікамі Цэнтру беларускай салідарнасці і дзеткамі ўцекачоў з Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская, беларускія уцекачы, дзеці, дзіця, Беларусь, беларусы, ЦБС, Цэнтр беларускай салідарнасці, лідарка Беларусі, апазіцыя, Варшава, Польшча
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з супрацоўнікамі Цэнтру беларускай салідарнасці і дзеткамі ўцекачоў з Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская, беларускія уцекачы, дзеці, дзіця, Беларусь, беларусы, ЦБС, Цэнтр беларускай салідарнасці, лідарка Беларусі, апазіцыя, Варшава, Польшча
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з супрацоўнікамі Цэнтру беларускай салідарнасці і дзеткамі ўцекачоў з Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская, беларускія уцекачы, дзеці, дзіця, Беларусь, беларусы, ЦБС, Цэнтр беларускай салідарнасці, лідарка Беларусі, апазіцыя, Варшава, Польшча
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з супрацоўнікамі Цэнтру беларускай салідарнасці і дзеткамі ўцекачоў з Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская, беларускія уцекачы, дзеці, дзіця, Беларусь, беларусы, ЦБС, Цэнтр беларускай салідарнасці, лідарка Беларусі, апазіцыя, Варшава, Польшча
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з супрацоўнікамі Цэнтру беларускай салідарнасці і дзеткамі ўцекачоў з Беларусі і Украіны. Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2022 года. Фота: Белсат
Святлана Ціханоўская, ЦБС, Цэнтр беларускай салідарнасці, лідарка Беларусі, апазіцыя, Варшава, Польшча

Пад канец 2020 года хваля ўцекачоў стала менш экстрэмальнай і больш раўнаважнай. Але пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне праца ЦБС стала нават цяжэйшай: тады дапамагалі не толькі беларусам, якія ўцякалі з Украіны і Беларусі, але і ўкраінцам. Дабравольская кажа, нават не ўзнікла пытання, чаму трэба так рабіць. Інфалінія стала працаваць кругласуткава, утварыўся сітуацыйны цэнтр з валанцёрамі, за месяц далі каля пяці тысяч кансультацый. Дабравольская адзначае, што часам тое была нават не юрыдычная дапамога: бывала, начамі тэлефанавалі людзі, якія былі пад абстрэлам, і нібыта пыталі, як ім з’ехаць, а напраўду хацелі паслухаць голас іншага чалавека.

Як беларусам спрашчаюць легалізацыю

Яшчэ частка дзейнасці ЦБС – у працоўнай групе пры Міністэрстве ўнутраных справаў Польшчы. Гэтая група ўзнікла пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі з’явілася шмат пытанняў аб статусе беларусаў – уцекачоў ад вайны і рэпрэсіяў, а пры тым грамадзянаў дзяржавы-суагрэсара.

Дабравольская згадвае, што разам з дарадцай Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр «пачалі грукацца ва ўсе дзверы», пісалі звароты чыноўнікам і дэпутатам аб пытаннях кшталту часовай абароны або падатковага нумару PESEL UKR для беларусаў. Калі Ціханоўская была з візітам у Польшчы, удалося дамовіцца з вышэйшым кіраўніцтвам дзяржавы аб стварэнні афіцыйнай працоўнай групы.

Супрацоўнікі ЦБС часта наракаюць, што ў межах працоўнай групы не выходзіць рэалізаваць нейкую ідэю. Ды ў выніку Польшча больш за любую іншую краіну прыняла заканадаўчых зменаў на карысць беларусаў. Дабравольская кажа, што яны з Рыхтэр усё ж спрацаваліся з польскім бокам: рашэнні атрымаліся не ідэальныя, але даволі добрыя, а стаўленне да беларускай дыяспары ў польскіх чыноўнікаў добрае і нават цёплае.

Hавiны
Як атрымаць польскі праязны дакумент. Памятка для тых, хто не можа паехаць у Беларусь за новым пашпартам
2023.09.06 11:34
Разбор
Як з Беларусі з’ехаць працаваць у Польшчу: што трэба ведаць і колькі заплаціць
2023.03.07 07:00
Аналітыка
Што варта ведаць беларускім эмігрантам у Польшчы пра дыскрымінацыю, легалізацыю і абарону правоў
2022.09.13 08:30

Бывалі адміністратыўныя праблемы (каб выдаваць візы Польшчы на тэрыторыі Польшчы, трэба наймаць людзей і плаціць ім заробкі), бывала простае неразуменне беларускай спецыфікі (міністр шчыра не разумеў, чаму беларусы хочуць гуманітарныя віды на жыхарства і чаму баяцца атрымліваць міжнародную абарону, якая дае нават больш за ВНЖ). Жукаў жа распавядае, як на паседжанні групы Дабравольская аднойчы казала аб праязных дакументах, што іх трэба выдаваць на 2-3 гады, бо цэны на іх высокія, а яе перабіў прадстаўнік МУС Польшчы: «Так, беларусам жа трэба за гэта плаціць! Давайце зробім бясплатна». Ён рэзюмуе: ніводнае міністэрства Польшчы не выступае супраць беларусаў, няма нейкіх антыбеларускіх палітычных групаў.

Цяпер ЦБС рыхтуе лісты па двух пытаннях: па выдачы польскага падарожнага дакументу для дзяцей, якія не мелі беларускага пашпарту, і па працягу выдачы польскіх падарожных дакументаў беларусам з «не гуманітарнымі» ВНЖ.

Што можна спытаць на «гарачай лініі»

ЦБС прапануе дапамогу перадусім беларусам, якія ўдзельнічалі ў палітычнай ці пратэставай актыўнасці ў Беларусі, зазналі рэпрэсіі або маюць абгрунтаваныя прычыны баяцца рэпрэсіяў у Беларусі, а таксама беларусам, якія ўцякалі ад вайны ва Украіне. Хацелі б дапамагаць і «непалітычным» мігрантам, але спрабавалі – на ўсіх проста не хапіла супрацоўнікаў. Ад 7 верасня 2020 года па 31 жніўня 2023-га ЦБС даў больш як 34 тысячы кансультацыяў, а каманда юрыстаў невялікая.

Інфалінія ЦБС працуе па тэлефоне +48 662 200 400 (з панядзелка па пятніцу з 10 да 17 гадзінаў) або ў Telegram-акаўнце @CBShelp.

На інфалінію прымуць звароты ад любых людзей, для адказу не патрабуюць прадстаўляць доказы пераследу. Падказкі па «стандартных» пытаннях на інфалініі дадуць усім. Але калі на пытанне вымагае працы юрыста, папросяць запоўніць анкету для кансультацыяў і дэклараваць, што чалавек перажыў рэпрэсіі або знаходзіцца пад пагрозай рэпрэсіяў у Беларусі. На гэтым этапе вымушаныя «адсейваць» тых, каму палітычны пераслед не пагражае.

Таксама на інфалінію звяртаюцца і з «непрофільнымі» пытаннямі: Жукаў кажа, адзін чалавек нават пытаў, як засудзіць прадаўца кацянятаў, бо прадалі кацяня не таго полу. У такіх справах, а таксама ў пытаннях непалітычнага крымінальнага пераследу ў Польшчы, ЦБС не мае экспертаў.

Але ў любым разе ЦБС спрабуе падказаць, куды звярнуцца: напрыклад, у партнёрах цэнтру ёсць варшаўская «Okręgowa Izba Radców Prawnych», якая дае бяспталную юрыдычную дапамогу (таксама і ў крымінальных справах) тым, хто праз цяжкае матэрыяльнае становішча не можа аплаціць адвакатаў.

Чаму навучаць у школцы ЦБС

Школа дадатковай адукацыі пры ЦБС адкрылася 1 красавіка 2021 года. Дырэктарка школы і сябра кіраўніцтва ЦБС Хэлена Нядзьвецка расказвае «Белсату»: адкрывалі яе ў час, калі навучанне было толькі дыстанцыйным праз каронавірус, а калі беларускія дзеці прыязджалі ў Польшчу, яны не толькі не ведалі польскай мовы, але і не мелі знаёмых. На самых першых занятках дзеці проста абдымалі адзін аднаго і плакалі, бо некалькі месяцаў не камунікавалі з аднагодкамі ўжывую.

Заняткі пачыналі для 15-20 дзяцей па суботах. Цяпер у школку ходзяць каля 240 дзяцей, а працуе яна з панядзелка па пятніцу з 16 да 20 гадзін і ў суботу – цэлы дзень. Выкладаюць 16 настаўнікаў: напрыклад, тэатральныя заняткі для дзяцей праводзіць Васіль Дранько-Майсюк, мастацкія заняткі – Ніна Маргаева, беларускую мову – Юлія Букштановіч…Фотастудыю да падлеткаў раней вяла кіраўніца фотаслужбы «Белсату» Юлія Шаблоўская.

Заняткі ў школе дадатковай адукацыі пры ЦБС. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці
Заняткі ў школе дадатковай адукацыі пры ЦБС. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці
Заняткі ў школе дадатковай адукацыі пры ЦБС. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці
Заняткі ў школе дадатковай адукацыі пры ЦБС. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці
Заняткі ў школе дадатковай адукацыі пры ЦБС. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці
Заняткі ў школе дадатковай адукацыі пры ЦБС. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці

Цяпер у школцы прапануюць бясплатныя (гэта прынцыпова для дырэктаркі) заняткі па беларускай, польскай і ангельскай мовах, чатыры студыі малявання, заняткі па лепцы з гліны і па гранні на гітары, размоўны клуб ангельскай мовы, курсы па гульні ў шахматы, клубы настольных гульняў, заняткі для дашкольнікаў, неўзабаве плануюць пачаць заняткі па гісторыі Беларусі і па тэорыі мастацтва, хочуць дадаць заняткі па беларускай літаратуры. Акрамя таго, у школцы працуе дзіцячы псіхолаг, а з ЦБС супрацоўнічае польскі цэнтр для дзяцей з аўтызмам – туды ўдалося ўладкаваць ужо пяць беларускіх дзяцей.

Школка працуе з дзецьмі ад 5 да 16 гадоў. На заняткі ў Варшаве ж можна запісацца хоць проста зараз па тэлефоне +48 694 532 858. На некаторыя заняткі, як то на польскую і ангельскую мовы, трэба будзе пачакаць набору чарговай групы два-тры месяцы.

Фінансаванне на самі заняткі ёсць, але Нядзвецка расказвае, што дзеці прыходзяць на заняткі пасля школы галодныя – хочацца купіць ім хаця б печыва і гарбату, таму хаця б раз на год просяць бацькоў ахвяраваць грошы на ежу або на нейкія імпрэзы. А бацькі і самі прыносяць для дзяцей тое ж печыва, фрукты, цукеркі.

Як дзеці ставяцца да такіх заняткаў? Нядзвецка адказвае: самі хочуць хадзіць на такія заняткі, пытаюць бацькоў, калі зноў пойдуць. Яна лічыць паказнікам тое, што каля паловы навучэнцаў ходзяць на заняткі два з паловай гады, амаль ад заснавання школкі, і ёсць падлеткі, якія ездзяць на заняткі самі, а не якіх падвозяць бацькі, і ёсць тыя, якія ходзяць на 80 % усіх магчымых заняткаў. Да таго ж, у школах Польшчы няма такой колькасці хатніх заданняў, як у Беларусі, заўважае Нядзвецка, а беларускіх дзяцей моцна здзіўляе, што ў польскіх школах настаўнікі не крычаць на іх. Пасля такога цікавей хадзіць і на дадатковыя заняткі.

Малюнкі дзяцей у ЦБС
Нядзьвецка захоўвае ў сябе гэтыя два дзіцячыя малюнкі. Зверху – байцы АМАП з адарванымі рукамі. Так дзеці беларусаў успрымалі вымушаную эміграцыю і сітуацыю на радзіме. Знізу – пажаданне смерці Уладзіміру Пуціну. Першыя паўгода пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў школцы працаваў цэнтр апекі для ўкраінскіх дзяцей – і дзеці ведалі, праз каго яны вымушаныя былі ўцякаць з радзімы.
Фота: Белсат

ЦБС з нядаўняга часу пачаў ладзіць заняткі па польскай і ангельскай мове ў Лодзі (там набралася 25 дзяцей), плануюць таксама пачаць заняткі ў Познані, хацелі б у Кракаве. У ЦБС фіксуюць, адкуль паступаюць пытанні пра такую адукацыю, і падлічваюць, дзе найбольш патрэбы ў занятках. Былі нават запыты з Вільні і Прагі – Нядзвецка кажа, з іншых краінаў могуць звяртацца, школка ЦБС пракансультуе і дапаможа, чым зможа.

Як дапамагчы ЦБС

Хоць ЦБС атрымлівае гранты на асобныя праекты, яго можна падтрымаць грашыма на «нягрантавыя» праекты і мэты па рэквізітах, пазначаных унізе тытульнай старонкі сайта. Акрамя таго, школка ЦБС таксама мае пастаянныя патрэбы ў падручніках, матэрыялах для малявання, нават звычайных алоўках. Патрэбы ў валанцёрах менавіта на момант публікацыі няма: пакуль валанцёраў у ЦБС больш, чым трэба людзей у дзейных праектах. Але патрэбныя юрысты.

ЦБС, расказвае Жукаў, мае патрэбу ў вельмі спецыфічных юрыстах, якіх цяжка знайсці. Дабравольская кажа, каля 200 рэзюмэ адхілілі, бо людзі не мелі патрэбных ведаў. А трэба людзі, якія маюць польскую юрыдычную адукацыю, вольна размаўляюць на польскай і беларускай або расейскай мовах, а таксама былі вельмі матываваныя дапамагаць беларусам за не самыя вялікія заробкі.

Дабравольская просіць таксама інфармацыйнай падтрымкі ў тым, каб заклікаць людзей шанаваць працу ЦБС. Юрысты перапрацоўваюць, перажываюць за беларусаў і за тое, што дапамагчы могуць не ўсім, «выгараюць» – і ім крыўдна чытаць каментары аб тым, што «вы нічога не робіце, толькі пілуеце гранты». Яна кажа: калі сыдуць людзі, якія «гараць» сваёй працай, такой бясплатнай дапамогі можа і не быць.

Агляд
Беларусаў у Польшчы ўжо не менш за 300 тысяч. Міграцыя паскорылася
2023.08.24 17:45

Алесь Наваборскі belsat.eu