Як з Беларусі з’ехаць працаваць у Польшчу: што трэба ведаць і колькі заплаціць


Польшча – ці не самы папулярны напрамак для эміграцыі беларусаў. Легалізавацца ў Польшчы можна праз працу і навучанне, а таксама з гуманітарных прычынаў у выпадку палітычнага пераследу. А калі праца – адзіны варыянт, а карысных навыкаў няма?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнікі складу.
Фота: Tiger Lily / Pexels.com

Якую працу прапануюць, калі едзем «без нічога куды заўгодна»

У Беларусі дзеіць шэраг кампаніяў, якія прапануюць уладкаваць на працу за мяжою. Паводле беларускіх законаў, трэба рэгістраваць «дзейнасць, звязаную з працаўладкаваннем за межамі Беларусі» ў Міністэрстве ўнутраных справаў.

Адзіны рэестр ліцэнзіяў паказвае толькі 10 кампаніяў, якія маюць адпаведную ліцэнзію. З іх дзве сапраўды займаюцца працаўладкаваннем беларусаў за мяжою, пры чым адна спецыялізуецца толькі на дактарах і Нямеччыне. Яшчэ адна ў спісе – беларуская IT-кампанія, для якой працаўладкаванне за мяжу наўрад ці ёсць асноўным відам дзейнасці.

«Белсат» патэлефанаваў у кампанію, што спецыялізуецца на працаўладкаванні за мяжу, і распытаў аб працэсе ды пра магчымыя варыянты. Назваліся 32-гадовым мужчынам, які не мае дзейнай візы і спецыяльнасці, што магла б дапамагчы працаўладкавацца.

У кампаніі прапанавалі некалькі варыянтаў працы і расказалі, што могуць дапамагчы з атрыманнем працоўнай візы. Дзеля гэтага трэба спачатку выбраць месца працы, потым падпісаць дамовы з працадаўцам і пасярэднікам, дачакацца запрашэння на працу і праз гэтае запрашэнне атрымаць працоўную візу.

Праца, пераконвае пасярэднік, цалкам афіцыйная. З працадаўцам падпісваюць працоўную дамову (umowa o pracę), ёсць магчымасць знайсці працу на дамову падраду (umowa zlecenia). За час атрымання візы вакансія можа знікнуць у адным горадзе, але мае з’явіцца ў той жа кампаніі ў іншым, ды, кажа пасярэднік, не можа быць такога варыянту, калі падпісваеш дамову з адною кампаніяй, а працуеш на іншую: гэта незаконна, дый працадаўца можа выставіць прэтэнзіі пасярэдніку, а некаторыя працадаўцы прапісваюць у кантрактах штрафы за неадпрацоўванне пэўнага часу.

Варыянты для чалавека без належнага досведу прапанавалі такія.

  • Памочнік аператара на вытворчасці мэблі. У невялікім горадзе між Познанню і Берлінам трэба дапамагаць аператару прамысловага робата і кантраляваць якасць. Стаўка нета («чыстымі на рукі») – 18,56 злотага ($ 4,2) за гадзіну ў звычайным выпадку, але для асобаў векам да 26 гадоў – 20,75 злотага, для студэнтаў – 25,7 злотага. Праца з панядзелка да пятніцы зменамі па 8 гадзінаў (ёсць варыянты на першую і другую палову дня, а таксама на ноч), пры жаданні можна браць дадатковыя 4 гадзіны да змены. За пражыванне папросяць 350 злотых за месяц або кампенсуюць да 300 злотых, калі самастойна здымаць жытло. Тэмпература ў цэху пакаёвая, непрыемных пахаў няма, ёсць сталоўка, спецадзенне выдаюць, праезд кампенсуюць, медагляд робяць бясплатна. Але трэба валодаць польскаю моваю.
  • Пакавальнік на склад інтэрнэт-крамы брэндавага адзення. У невялікім мястэчку ў той жа частцы Польшчы трэба правяраць вернутыя тавары на цэласнасць, запакоўваць і сартаваць іх. Праца пасуе мужчынам, жанчынам і парам, але трэба мець добры зрок і чытаць лацінскі алфавіт. Праца зменамі па 10–12 гадзінаў з двума перапынкамі, 6 дзён на тыдзень: выходзіць 240–260 гадзінаў за месяц. Заробку не называюць, але абяцаюць 3 разы на тыдзень бясплатную садавіну і лусцяні.
  • Працаўнік на мэблевую фабрыку. У вёсцы блізу Чэнстаховы трэба працаваць з абіўкаю мэблі, умець карыстацца простымі інструментамі (шрубоўка, малаток, пэндзлік). Праца толькі для мужчынаў, 5–6 дзён на тыдзень, змены па 9–10 гадзінаў (толькі дзённыя), заробак – 18 злотых за гадзіну. Жытло і праезд бясплатныя, ёсць сістэма прэміяў, даюць магчымасць зрабіць карту побыту (від на жыхарства).
  • Праца ў буйнога лагістычнага аператара. Трэба кантраляваць якасць запчастак, сартаваць іх, збіраць з дапамогаю сканера, працаваць з сучасным вытворчым абсталяваннем. Стаўка ў дзённыя змены – 18 злотых за гадзіну, у начную змену – 21,6 злотага, у «надгадзіны» (перапрацоўванне) – 27 злотых. Праца для мужчынаў, жанчын і сужэнстваў векам да 45 гадоў. Жытло даюць бясплатна, аплата толькі за камунальныя паслугі і праезд да працы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гожаў-Велькапольскі – адзін з гарадоў, у якіх беларусам прапануюць працу без кваліфікацыі.
Фота: Dawid9999 / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Паслугі пасярэдніка з афармленнем дазволу на працу і працоўнай візы – 300 беларускіх рублёў. Для пачатку афармлення трэба мець толькі пашпарт, не старэйшы за 10 гадоў.

З працаю за 18 злотых за гадзіну можна зарабіць $ 1000, працуючы па 10 гадзінаў за дзень 6 дзён у тыдні. Ды трэба ўлічваць, што заробак тысяча долараў у Польшчы – зусім не тое, што тая ж сума ў Беларусі. Хоць цэны на харчы ў Польшчы ніжэйшыя за беларускія, жытло ў Польшчы каштуе значна даражэй (на арэнду камфортнай кватэры ў буйным горадзе можа пайсці палова таго заробку), таксама адчувальна даражэйшая медыцына. Але гэтую тысячу долараў абяцаюць за працу, якая не вымагае кваліфікацыі, а нярэдка нават не вымагае добрых ведаў польскай мовы.

Знайсці працу такім шляхам лёгка?

Не зусім. Беларуска Ірына Іванова, якая некалі мела беларускую ліцэнзію на працаўладкаванне за мяжой, а цяпер мае польскую, расказвае «Белсату»:

«Самае лёгкае і простае – гэта мець звычайную працоўную прафесію, бо дакументы і віза робяцца проста. Раней можна было звярнуцца ў Беларусь у агенцтва працаўладкавання і вельмі хутка паехаць працаваць, бо агенцтвы рабілі ўсе дакументы, праводзілі іх праз беларускую міграцыйную службу, што давала ўпэўненасць у рэальных дакументах і працы. Таксама звычайны зваршчык мог і сам знайсці працу праз расейскамоўныя польскія сайты. Добрыя спецыялісты – будаўнікі, электрыкі, зваршчыкі – вельмі былі запатрабаваныя. І паехаўшы папрацаваўшы адзін раз, звычайна другі раз ужо ехалі самі, збіраліся ў брыгады і паспяхова працавалі».

Пасля лютага 2022 года, адзначае Ірына, працоўная міграцыя «зусім вычарпала сябе» праз вялікую колькасць уцекачоў з Украіны і працяг міграцыі ды ўцякацтва з Беларусі. Грамадзянам Расеі цяпер вельмі складана, амаль немагчыма атрымаць працоўныя візы.

Як не трапіць на махляроў?

Аб працы ў Польшчы падрабязна расказвае Цэнтр беларускай салідарнасці. Для пачатку можна паглядзець гэтае 19-хвіліннае відэа:

Разам з экспертамі Цэнтру беларускай салідарнасці і Беларускім домам у Варшаве мы таксама публікавалі тэкставую інструкцыю:

Парады
Як беларусам не трапіць на махляроў, працуючы ў Польшчы
2022.08.30 19:35

Як працуе гэтая сістэма?

Ірына Іванова расказвае, што прынамсі раней гэта працавала наступным чынам. Агенцтва працаўладкавання, якое мела на гэта ліцэнзію, заключала дамову з польскаю кампаніяй пра забеспячэнне працаўнікамі з Беларусі, кампанія-партнёр давала ўзор працоўнай дамовы і выпіску з рэестру юрыдычных асобаў з апастылем. Гэты дакументы далей перакладалі на расейскую ці беларускую мовы, заносілі на рэгістрацыю ва Упраўленне грамадзянства і міграцыі. Без такой рэгістрацыі ліцэнзійнаму агенцтву нельга выпраўляць працаўніка за мяжу.

Рэгістрацыя мусіла займаць 10 дзён, але ўпраўленне звычайна знаходзіла недахопы ў паперах: «Арыгіналы дакументаў вельмі часта туды-сюды даводзіцца ганяць, а гэты час, і людзі, якія планавалі ехаць на працу, чакаць не вельмі жадаюць».

Калі гэты этап пройдзены, далей проста: сканы пашпарта адпраўляюць праз электронную пошту кампаніі-партнёру, праз 3–10 дзён атрымліваюць запрашэнне на працу, будучага працаўніка запісваюць на падачу дакументаў на візу – і праз прыблізна 10 дзён пасля падачы можна ехаць працаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цясляр.
Фота: Ivan Samkov / Pexels.com

«Беларускія агенцтвы, якія маюць ліцэнзію на працаўладкаванне беларускіх грамадзянаў за мяжу, паводле закону не маюць права працаваць з польскімі агенцтвамі працаўладкавання. Толькі з наўпроставымі наймальнікамі. І ў гэтым заключаецца пэўная праблема, бо ў асноўным сістэма набору працаўнікоў адбываецца ў Польшчы праз польскія агенцтвы працаўладкавання. У Польшчы прынята не мець у сябе штату бухгалтараў, аддзелаў кадраў, рэкруцёраў. Звычайна падпісваецца дамова з агенцтвам, і яны ўжо падбіраюць замежнікаў на працу.

У звязку з гэтым была вялікая канкурэнцыя, бо рэдка якая кампанія хацела працаваць з беларускім агенцтвам працаўладкавання наўпрост. Іх было дастаткова мала, і працавала толькі сарафаннае радыё: партнёры перадавалі кантакты і, калі хацелі атрымаць добрых спецыялістаў на працу, праходзілі ўсе гэтыя «кругі пекла» з рэгістрацыямі і перакладамі дакументаў. Але таксама яшчэ былі розныя схемы, пра якія мала хто ведае, толькі тыя, хто працаваў у гэтай сферы».

Знаёмыя з Беларусі расказалі Ірыне, што цяпер для беларускіх кампаніяў зрабілі яшчэ больш жорсткія ўмовы. Да 2023 года трэба было раз на квартал даваць справаздачы пра тых, хто з’ехаў і вярнуўся, цяпер – раз на месяц. Калі чалавек з зарэгістраванаю дамоваю пастанавіў не ехаць працаваць (ці нават памёр), цяпер трэба тлумачыць дзяржаве прычыну ўзнікнення такой сітуацыі. А чалавек, якога выправілі на працу за мяжу, цяпер можа па вяртанні заявіць, што ўмовы працы былі не такія, як абяцалі. За адсутнасць справаздачы ці рэгістрацыі дамовы – штрафы. І цяпер раз на год ліцэнзійная кампанія мусіць здаваць кваліфікацыйны экзамен.

У Польшчы агенцтвам працаўладкавання таксама трэба мець ліцэнзію, але працаваць лягчэй, расказвае Ірына Іванова. Агенцтва проста падбірае работнікаў іншым кампаніям, з якімі мае дамовы, атрымлівае ад кампаніі грошы на заробкі, налічвае заработную плату працаўнікам і падаткі дзяржаве, вызначаную частку сумы пакідае сабе. У адрозненне ад Нямеччыны ці Бельгіі, агенцтвам у Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі і Чэхіі не трэба даказваць, што ўладкоўваюць на працу нейкага незамяняльнага спецыяліста.

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў