За колькі здаюць кватэры ў Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване? Шукаем двухпакаёўку не ў цэнтры


Параўналі менскія цэны з цэнамі ў сталіцах краінаў, куды беларусы нярэдка эмігруюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Квартал «Srebrna» ў Варшаве, Польшча. 25 лістапада 2021 года.
Фота: Emptywords / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Цэны на арэнду кватэраў у Менску падаюць з пачатку пандэміі каронавіруса – і не спыняюць падзення. Беларускае агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» падлічыла, што сярэдняя двухпакаёвая кватэра ў лютым 2020 года каштавала 291 долар на месяц, а ў красавіку 2022-га – 247 долараў. Арэнда «аднапакаёўкі», паводле гэтых звестак, упала з 248 да 187 долараў.

Жыві не хачу, калі не засмучаюць палітычныя рэпрэсіі і хаўрусніцтва ўладаў у нападзе Расеі на Украіну.

Hавiны
«Народ яшчэ не зразумеў, што здарылася». Эксперт спрагназаваў сітуацыю на беларускім рынку жытла
2022.03.08 17:53

Што да Украіны, то там цана арэнды кватэры залежыць ад інтэнсіўнасці абстрэлаў: у Кіеве цэны ўпалі да ўзроўню менскіх, на захадзе выраслі ў некалькі разоў. Пішуць, што ва Ужгарадзе, што ў Закарпацці, за кватэру з сучасным рамонтам могуць прасіць аж дзве тысячы долараў на месяц.

А што ў іншых краінах, куды шмат беларусаў з’ехалі ад палітычнага і эканамічнага крызісу?

Цэны на кватэры, вядома, розняцца ў залежнасці ад раёну, якасці будынку і рамонту – у Тбілісі можна зняць кватэру ўдвая даражэй, чым у Вільні, пры той жа плошчы. Таму спрабуем адшукаць «сярэднестатыстычную» кватэру з пэўнымі параметрамі.

Шукаем прасторную двухпакаёвую кватэру плошчай 50–60 м² не ў самым цэнтры, але і не зусім «за МКАДам», з «еўрарамонтам» і лепш (тое, што ў 1990-ыя назвалі б «касметычным рамонтам», не разглядаем), з хаця б мінімальным наборам мэблі. Глядзім толькі абвесткі прыватных асобаў, не агенцтваў (калі агенцтва, вядома, не прыкідваецца ўласнікам у абвестцы).

Менск: двухпакаёвая кватэра за $ 300

Від на мікрараён Лебядзіны і Каменную горку. Менск, Беларусь. 8 ліпеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

У Менску «не самым цэнтрам» лічыцца амаль усё, што паміж МКАДам і «другім кальцом». Возьмем радыус ад 5 да 10 км ад Кастрычніцкай плошчы: выйдзе прыблізна ад Валгаградскай да канца Уручча і Новай Баравой; ад метро «Спартыўная» да канца Каменнай горкі; з Ангарскай і Чыжоўкай, але без Шабаноў; без «Менск-Міру», але з Сеніцай і Калядзічамі.

На гэтай тэрыторыі мы знайшлі 62 кватэры, якія нам пасуюць. Цэны – ад 230 долараў на месяц (60 м² на Ангарскай у панэльным доме 1978 года) да 550 долараў на месяц (57 м² у новым доме ў «Маяку Менску»). Медыянная арэндная плата – 300 долараў (столькі просяць за сярэднюю кватэру ў спісе, адносна якой палова даражэйшая, а палова таннейшая).

Дзе шукаць кватэру ў Менску: realt.by, kufar.by, hata.by, onliner.by

Інфаграфіка
Схадзілі па крамах за дзень да вайны і сёння, купілі тое самае – на колькі больш заплацілі?
2022.06.02 19:20

Варшава: двухпакаёўка за $ 676 плюс чынш і немалая «камуналка»

Вуліца Рэмбэліньска ў раёне Таргувэк. Варшава, Польшча. 3 траўня 2019 года.
Фота: Adrian Grycuk / Wikimedia, CC BY-SA 3.0 PL

Сталіца Польшчы блізкая да Менску паводле плошчы і памераў насельніцтва. Тут таксама шукаем кватэры ў радыусе 5–10 км ад цэнтру, за які прымаем Палац навукі і культуры. Пасуюць такія раёны як, напрыклад, Урсус, Бэмова, Беляны, Таргувэк, Садыба… Але Жалібаж занадта блізка, як і большая частка Макотава або Прагі-Палудне, а Кабаты – ужо далёка (хоць туды і ходзіць метро).

У гэтым радыусе мы адшукалі 76 кватэраў, за якія просяць ад 1700 да 6400 злотых ($ 380–1430) з медыяннай арэнднай платай 3000 злотых – каля 676 долараў. Але ёсць нюанс.

Аплата за камунальныя паслугі ў Польшчы звычайна падзяляецца на адміністрацыйную плату (у абвестках гэта называецца словам czynsz) і ўласна ваду-ацяпленне-газ (гэта называюць словам media). Чынш можа складаць сотню-другую злотых, але можа дасягаць і тысячы ў самых «наварочаных» дамах, за медыя – яшчэ пару соцень злотых. Разам для «нашай» кватэры гэта можа быць ад 70–80 долараў, а можа дасягаць і 200 долараў. Калі ў абвестцы аб здачы кватэры не пазначаны чынш, пра гэта абавязкова трэба пытаць – могуць быць непрыемныя сюрпрызы.

Дзе шукаць кватэру ў Варшаве: olx.pl, otodom.pl. gethome.pl

Hавiны
Дзяржаўныя медыі палохаюць беларусаў жудаснымі ўмовамі жыцця ў Польшчы. Ці праўду кажуць?
2022.05.31 14:51

Вільня і Рыга: малы выбар і высокая «камуналка»

У сталіцах Літвы і Латвіі знайшлося даволі мала абвестак, якія нам пасуюць.

Магчыма, у Вільні давядзецца здымаць жытло ў такім «савецкім» раёне. Балтупяй, Вільня, Літва. 27 траўня 2016 года.
Фота: VietovesLt / panoramio.com, CC BY 3.0

У Вільні шукаем фактычна штосьці ў раёне «Акропалісу». Хоць літоўская сталіца ў чатыры разы меншая за Менск паводле насельніцтва, яна даволі «расцягнутая» ў прасторы. За самы цэнтр гораду, якога не разглядаем, возьмем кола радыусам 2,5 км ад вежы Гедзіміна, але шукаем нешта не далей за 5 км ад цэнтру. На поўдзень за Вострай брамай амаль нічога не здаюць з кватэраў, што нам бы пасавала. Кватэры здаюць пераважна на поўначы і захадзе ад цэнтру.

На такой тэрыторыі ў Вільні знайшлося ўсяго 13 кватэраў, якія нам пасуюць: мінімум за 490 еўраў на месяц, максімум за 880 еўраў. Медыянная віленская цана, калі перавесці еўрапейскія грошы ў амерыканскія, 670 долараў.

Што праўда, можна знайсці двухпакаёўку з нашымі параметрамі і ўсяго за 450 еўраў на месяц, але рамонту ў той кватэры не рабілі даўно, дый будынак 1957 года не ў найлепшым стане.

Дзе шукаць кватэру ў Вільні: aruodas.lt, domplus.lt, ntzemelapis.lt, rebaltic.lt

Не ў самым цэнтры таксама можна знайсці старыя паводле менскіх мерак будынкі. Вуліца Яніса Асарса, Рыга, Латвія. 17 кастрычніка 2017 года.
Фота: Olgerts V / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Такія ж радыусы, ад 2,5 да 5 км ад цэнтру, возьмем у Рызе. Тут знайшлося толькі восем «нашых» кватэраў коштам ад 450 да 600 еўраў на месяц. У доларах медыянная цана ў Рызе – 590 на месяц.

Але тут некалькі кватэраў здаецца за цэны, ніжэйшыя за гэтую медыянную, і ў самым цэнтры: такую можна знайсці літаральна пад самым надпісам «Centrs» на мапе або ў самым сэрцы старога гораду. І шмат кватэраў у Рызе здаюць зусім без мэблі – але гэта не заўсёды «збівае» цану: напрыклад, за адну двухпакаёўку без мэблі не ў самым цэнтры, але ў новым доме, просяць аж 750 еўраў на месяц.

Цэны на камунальныя паслугі ў балтыйскіх краінах высокія: напрыклад, тут расказвалі, што ў Вільні зімой «камуналка» можа дайсці да 187 еўраў у аднапакаёвай кватэры на 32 м², а ў Рызе ў кватэры на 53 м² дасягала 309 еўраў. Але з гэтага дзве траціны – за ацяпленне.

Дзе шукаць кватэру ў Рызе: domimaps.lv, city24.lv, rentinriga.lv, ss.com

Парады
Грузія, Турцыя, Літва ці Польшча? Дзе беларусам лячыцца за мяжою: краіны і кошты
2022.06.04 08:30

Тбілісі: двухпакаёўка за $ 500, невысокая «камуналка»

Тбілісі, Грузія. 12 кастрычніка 2017 года.
Фота: Mostafameraji / Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Сталіца Грузіі багатая на прапановы кватэраў, у тым ліку «нашых» двухпакаёвак на 50–60 м². Толькі стан кватэраў і цэны на іх вельмі розныя.

Не бяром самы цэнтр у радыусе 2,5 км ад плошчы Свабоды, глядзім нешта не далей за 7 км ад гэтай плошчы. Горад выцягнуты ўздоўж ракі, але на асноўных кірунках ходзіць метро – у нашую выбарку трапляюць раёны да паўднёвага краю першай лініі метро да станцыяў «Дыдубэ» на поўначы і «Важа Пшавэла» на захадзе.

Тут месцяцца 78 кватэраў пад нашыя параметры ад 850 да 4150 лары на месяц ($ 278–1400). Медыянная цана за «нашую» двухпакаёўку ў Тбілісі – 500 долараў.

Памер «камуналкі» залежыць ад тыпу ацяплення, але нават у халодныя месяцы для «нашай» кватэры мае выйсці менш за 50 долараў.

Дзе шукаць кватэру ў Тбілісі: myhome.ge, place.ge, ss.ge

Рэпартаж
«Там быць не хочацца». Чаму падчас вайны ва Украіне беларусы пакідаюць радзіму. І чаму вяртаюцца ў Беларусь
2022.03.08 19:37

Ерэван: двухпакаёўка за $ 668, невысокая «камуналка»

Раён Ачапняк. Ерэван, Арменія.
Фота: Zapredelom / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

У армянскай сталіцы знайшлося найбольш прапановаў двухпакаёвак, што адпавядаюць нашым параметрам. Горад, хоць і мае мільён насельніцтва, плошчаю меншы за 640-тысячную Рыгу. Глядзім кватэры ў радыусе каля 2,5–5 км – не бліжэй за манумент «Маці Арменія» і не далей за Батанічны сад.

На такой тэрыторыі знайшлося аж 134 кватэры, якія падыходзяць нам плошчаю і якасцю рамонту, цэны – ад 120 тысяч драм да 580 тысяч ($ 286–1385). Медыянная цана – 668 долараў на месяц за двухпакаёўку плошчаю 50–60 м².

Камуналка ў Ерэване, як пішуць тут, складае для двухпакаёвай кватэры 40–50 долараў летам і да 150–200 долараў зімой.

Дзе шукаць кватэру ў Ерэване: list.am, myrealty.am, estate.am, realtors.am

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30
Выява: Белсат

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў