Беларуса не пусцілі на рэйс «Ryanair» з «жэнеўскім пашпартам» – і не вярнулі грошы


«Ryanair» не толькі не пусціў пасажыраў на рэйс, хоць тыя мелі ўсе належныя дакументы, але і не дае кампенсацыі за гэта, і нават не дае вярнуць грошы за квіткі, бо ў сістэме «Ryanair» запісана, што пасажыры проста не з’явіліся на рэйс.

Самалёт кампаніі «Ryanair»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт кампаніі «Ryanair» у віленскім аэрапорце. Вільня, Літва.
Фота: Vilnius-airport.lt

Беларускі журналіст, рэжысёр і дакументаліст Мікалай Мамінаў расказваў «Белсату», як у пачатку лета хацеў з сям’ёй паляцець з Вільні ў Іспанію з перасадкай у Злучаным Каралеўстве.

Яму адмовілі ў пасадцы, бо «не падыходзілі» ягоныя дакументы: Мамінаў атрымаў у Літве статус уцекача і адмысловы падарожны дакумент уцекача – так званы «жэнеўскі пашпарт». Адмова была беспадстаўная: з такім дакументам можна ляцець «з Шэнгену ў Шэнген» з перасадкай у Злучаным Каралеўстве. Мамінаў і ягоная знаёмая загадзя перапытвалі ў онлайн-службы падтрымкі «Ryanair» і ў брытанскай Службы візаў і міграцыі, ці не трэба атрымліваць транзітную візу – адказалі, што не трэба.

Згодна рэгуляцыі Еўразвязу нумар 261/2004, авіякампанія можа адмовіць у пасадцы, калі ёсць «рэзонныя падставы», як то рызыкі здароўю і бяспецы або неадпаведныя падарожныя дакументы. Пра права перавозніка на нейкую альтэрнатыўную інтэрпрэтацыю заканадаўства аб праязных дакументах у рэгуляцыі не гаворыцца. Пасажыры маюць права на кампенсацыю, а перавознік абавязаны паказаць пасажыру, якому адмовілі ў пасадцы, дзе той можа пачытаць пра свае правы на кампенсацыю і дапамогу.

Гісторыі
«Ryanair» адмовіў у пасадцы беларускаму ўцекачу, які меў ляцець з Літвы праз Брытанію
2023.06.17 19:22

Мікалай Мамінаў з ліпеня працягваў перапіску з «Ryanair», але кажа, тыя «цягнуць час» і не даюць кампенсацыю. Ды паралельна з гэтым Мамінаў пачаў перапіску з банкаўскай сістэмай «Revolut», каб хаця б вярнуць грошы за неаказаную паслугу, аплачаную праз сістэму. У перапісцы, якую Мамінаў паказаў «Белсату», выявілася цікавая дэталь.

Абноўлена. Прэс-служба «Ryanair» адказала на запыт «Белсату» 15 лістапада.  Паводле прэс-службы, Мамінаву адмовілі ў пасадцы нібыта таму, што ён не прад’явіў дзейную брытанскую візу, якую Злучанае Каралеўства патрабуе для прылёту. Гэта няпраўда: у шэрагу выпадкаў, у тым ліку ў выпадку Мамінава (транзіт з вылетам у той жа дзень з таго ж аэрапорту пры наяўнасці віду на жыхарства дзяржавы Еўрапейскай эканамічнай прасторы) Злучанае Каралеўства не патрабуе візаў, што прапісана на сайце брытанскага ўраду і ў адказах, якія Мамінаў загадзя атрымаў ад брытанскіх уладаў і ад службы падтрымкі «Ryanair». «Белсат» спытаў «Ryanair», на якой падставе кампанія зрабіла непраўдзівую заяву аб неабходнасці візы – калі з’явіцца адказ, мы дадамо яго ў гэты матэрыял.

«Не з’явіўся на рэйс», нават калі з’явіўся

Тэхпадтрымка «Revolut» прыняла да разгляду зварот Мамінава, але папрасіла час на праверку і кансультацыі з камандай вяртання плацяжоў. Ранкам 29 жніўня «Revolut» адказаў, што справа закрытая і што рашэнне канчатковае: «Ryanair» даў звесткі аб тым, што Мамінаў не з’явіўся на рэйс, таму вяртаць яму грошы не трэба.

Мамінаў атрымаў скрыншоты з сістэмы рэзервавання месцаў на рэйсах «Ryanair». У іх значыцца, што ён з сям’ёй маюць статусы «NoShow» – не з’явіліся на рэйс. Такі статус, згодна дакументацыі «Ryanair», даюць пасажырам, якія не прыйшлі на рэгістрацыю ў належны час – спазніліся на самалёт або проста перадумалі ляцець.

З інструкцыяў «Ryanair», якія выслалі Мамінаву, вынікае, што ў гэтай сістэме пасажыру могуць надаць толькі два статусы: сеў на самалёт («Boarded») і не з’явіўся на рэйс («NoShow»). Адпаведны статус можна пакінуць пустым, калі самалёт не паляцеў.

Фрагмент інструкцыі «Ryanair»
Фрагмент інструкцыі «Ryanair» аб запаўненні звестак пра пасажыраў у сістэме «SkySpeed Reservation Manager». Скрыншот: Мікалай Мамінаў

Аднак «NoShow» – відавочна не выпадак Мамінава, які з’явіўся на рэгістрацыю і атрымаў неабгрунтаваную адмову ў пасадцы. Гэты выпадак мусіў бы звацца адмовай у пасадцы – «Denied boarding». На такія выпадкі, калі ў пасадцы адмовілі не паводле правілаў, «Ryanair» мае інструкцыі (PDF) і абяцае кампенсацыю ў 250 ці 400 еўра ў залежнасці ад дыстанцыі палёту. Але статусу «Denied boarding» у сістэме, скрыншоты з якой паказалі Мамінаву, проста няма.

Са свайго боку Мамінаў можа прадставіць «Revolut» толькі ўскосныя доказы таго, што яму адмовілі ў пасадцы: пячатку ў пашпарце аб тым, што ён прайшоў памежны кантроль у аэрапорце. Супрацоўніца «Ryanair», якая не пусціла яго на рэйс, не дала яму пісьмовае пацверджанне адмовы ў пасадцы, а ў сістэме «Ryanair» пазначана, што ён «не з’явіўся» – значыць, «Revolut» атрымаў доказ таго, што Мамінаў «сам вінаваты». З боку «Revotut» выглядае, што ён мог згубіцца недзе між памежным кантролем і пасадкай на рэйс.

Хоць, як кажа Мамінаў, былі шматлікія сведкі таго, што ён не згубіўся між атрыманнем пячаткі ў пашпарце і пасадкаю на рэйс, такія сведчанні тэхнічна немагчыма прадставіць тэхпадтрымцы «Revolut» – такія сведчанні мог бы зафіксаваць хіба суд. «Ryanair» са свайго боку ўсё яшчэ не прызнае, што Мамінаў не згубіўся, а атрымаў адмову ў пасадцы.

Мамінаў збіраецца працягваць спробы вярнуць грошы за квіткі і атрымаць кампенсацыю. Ён звяртаў увагу кансультантаў «Ryanair» на тое, што гатовы звяртацца ў суд, ды кансультанты перанакіроўвалі яго да свайго начальства, а тое раіла зноў распісаць усю гісторыю, але ўжо ў лісце на электронную пошту.

Адметна, што адносна статусу «NoShow» на «Ryanair» можна знайсці шматлікія нараканні, але з іншай прычыны: авіякампанія не дае магчымасці вярнуць квіток, калі паляцець не ўдаецца. Калі пасажыр загадзя ведае, што не зможа паляцець, «Ryanair» усё роўна будзе лічыць, што ягонае месца будзе занятае, да самага адлёту. Па адлёце пасажыру паставяць той самы статус «NoShow». Выключэнні робяць хіба для выпадкаў, калі пасажыр памёр цягам 28 дзён да палёту.

Hавiны
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі альтэрнатыўны беларускі пашпарт
2023.08.06 18:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў