Актыўных кампаніяў з Беларусі ў Літве і Латвіі становіцца менш. Гэта звязана з дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы, апавёў кіраўнік «ZPP Belarus Business Center» Дзмітрый Данільчук на прэзентацыі даследавання «Беларуская бізнес-міграцыя» 20 лістапада.
«ZPP Belarus Business Center» у межах супольнага праекту з BEROC палічыў, колькі зарабляе беларускі бізнес у Польшчы, Літве і Латвіі, і апавёў, з якімі праблемамі сутыкаецца.
У Польшчы ў верасні 2023 года дзеялі амаль 6 тысяч кампаніяў з беларускім капіталам.
«Колькасць актыўных кампаніяў, зарэгістраваных у 2021 годзе, удвая вышэйшая, чымся зарэгістраваных у 2020 годзе, а ў 2022-м – яшчэ ўдвая», – паведамляюць у «ZPP Belarus Business Center».
У 2022 годзе кампаніі ў Польшчы атрымалі выручку памерам мінімум 1 мільярд еўраў.
«Выручка ацэненая як мінімальна магчымая. Гэта сума бізнесаў, у якіх ёсць публічная справаздачнасць. Ёсць шэраг бізнесаў, якія не раскрываюць сваёй справаздачнасці, і колькасць выручкі агульнай можа быць вышэйшая», – адзначае Дзмітрый Данільчук.
У Літве ў лістападзе 2023 года былі актыўныя 850 беларускіх кампаніяў. За год іх лік у краіне зменшыўся больш як на траціну. У лістападзе 2022-га іх было 1345.
«Беларускі бізнес прыкметна менш ахвотна стаў выбіраць Літву для пераезду. Акрамя таго, даходы таксама зніжаюцца: 278 кампаніяў, выручка якіх даступная для 2021 і 2022 гадоў, зарабілі 483,4 мільёна еўраў у 2022-м супраць 487,5 мільёна еўраў у 2021 годзе. Гэта асабліва значна з улікам таго, што ў 2022-м Балтыя сталася лідарам у інфляцыі – у Літве яна склала 18,9 %».
У Латвіі справы беларускага бізнесу ідуць не так дрэнна, як у Літве, але кампаніяў таксама робіцца менш. Усяго ў лістападзе 2023 года была 371 актыўная кампанія.
«Год таму іх было 403. Аднак агульная выручка кампаніяў з беларускім капіталам вырасла на 14 % за 2022-і – з 263 да 299 мільёнаў еўраў. Скарачэнне колькасці кампаніяў можа быць выкліканае больш жорсткім кантролем за беларускім бізнесам, але насамрэч яго актыўнасць у краіне расце. Гэтак, сярэднямесячная колькасць працаўнікоў-беларусаў за 8 месяцаў 2023-га склала 4148 чалавек, што на 11 % больш, чымся ў 2022-м (3734 чалавекі)», – апавёў прадстаўнік «Belarus Business Center».
На думку Дзмітрыя Данільчука, прычыны такога зніжэння – ва ўнутранай палітыцы Літвы і Латвіі адносна беларускай дыяспары і беларускага бізнесу. Гэта можа быць звязана з інфляцыяй і рэакцыяй людзей на рост коштаў:
«Шэраг палітычных актараў маглі абвінаваціць у гэтым беларусаў. Але мы шчыра думаем, што беларусы прыносяць больш станоўчага ў літоўскую і латышскую эканомікі, чымся дадаюць да інфляцыі».
Акрамя таго, у Літве ўскладніліся працэдуры выдачы відаў на жыхарства беларусам, а таксама павялічылася колькасць правяранняў бізнесу.
«Мы ведаем гісторыі, што, напрыклад, будаўнічы бізнес з дронамі правяраюць рэгулярна, – адзначае Данільчук. – Вельмі ўскладнілася ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі. І ўсё функцыянаванне беларускага бізнесу з літоўскімі і латышскімі контрагентамі ўскладнена з прычыны таго, што ёсць дыскрымінацыя бізнесу паводле нацыянальнай прыкметы пэўнага ўзроўню. Яна не праяўляецца ўсімі актарамі ці не цэнтралізаваная з гледзішча дзяржавы, але з прычыны публічнай рыторыкі ўсё гэта адбілася на тым, што мы бачым гэтае падзенне. Хутчэй за ўсё, бенефіцыяр гэтага падзення – Польшча, бо бізнесы пераязджаюць туды».
Удзельнікі даследаванняў «Belarus Business Center» і глыбінных інтэрвʼю BEROC сярод значных праблемаў называлі таксама дэфіцыт кадраў і зніжэнне прытоку беларусаў, бюракратыю, складаны доступ да фінансавання, высокую канкурэнцыю і санкцыі. Бывае цяжка адкрыць рахунак нават у Польшчы.
Тым не менш вяртацца ў Беларусь прадпрымальнікі не спяшаюцца. Адзін з уладальнікаў бізнесу апавёў BEROC, што «пасля Беларусі складваецца ўражанне, што тут зроблена больш як трэба, каб чалавек пабудаваў свой бізнес. Галоўнае, каб не перашкаджалі нам працаваць».
Арсен Рудэнка belsat.eu