Маладыя і адукаваныя. Беларускія бізнес-эмігранты ў Еўропе: хто яны і якія маюць планы на будучыню


У еўрапейскіх краінах цяпер працуюць не менш за 8 тыс. беларускіх кампаніяў. Большасць з іх з’явілася там пасля 2020 года, і толькі 15 % плануюць вярнуцца на Радзіму ў выпадку пераменаў. Такія вынікі даследавання беларускага бізнесу за мяжой, праведзенага Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой ABBA і Цэнтрам новых ідэяў. «Белсат» паслухаў прэзентацыю гэтага даследавання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ABBA Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой / Telegram

58 % кампаніяў адкрылася ў Еўропе пасля 2020 года

Станам на жнівень у краінах ЕЗ было не менш за 8103 беларускія кампаніі. Большасць з іх з’явілася там пасля 2020 года, сведчаць вынікі даследавання «Беларускі бізнес-барометр» Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ABBA.

Даследаванне базуецца на адкрытых і платных дадзеных, сярод якіх – афіцыйная інфармацыя краінаў Еўропы. Як адзначылі аўтары, яно не прэтэндуе на рэпрэзентатыўнасць усяго беларускага бізнесу ў ЕЗ.

8103 кампаніі – гэта мінімальны лік, бо ён не ўключае тых, хто не ёсць непасрэдным бенефіцыярам бізнесу. Напрыклад, калі кампанія зарэгістраваная на замежнага партнёра або дзейнічае ад імя іншай кампаніі, адзначае віцэ-прэзідэнт АВВА, прадстаўнік асацыяцыі ў Літве, Латвіі і Эстоніі Серж Наўродскі.

Hавiны
Офіс Святланы Ціханоўскай ацаніў маштаб адтоку бізнесу з Беларусі ў краіны Еўразвязу
2022.09.18 09:49

«Большасць кампаніяў была зарэгістраваная ў 2020–2023 гадах – гэта 58 %. То бок падзеі 2020 года моцна паўплывалі», – кажа ён.

Часцей за ўсё беларускія прадпрымальнікі ў ЕЗ займаюцца гандлем, як раздробным, так і гуртовым. Распаўсюджаныя таксама транспартныя паслугі і будаўніцтва.

«У Эстоніі ёсць невялікая дамінацыя IT-сектару, але ў прынцыпе астатнія там таксама прысутнічаюць», – адзначае Серж Наўродскі.

Больш за ўсё кампаніяў цяпер у Польшчы – 74 %.

У якіх краінах жыве беларускі бізнес.
Фота: ABBA

Пазначаныя кампаніі стварылі мінімум 17,2 тысячы працоўных месцаў. Больш за ўсё ў Польшчы – 52 %, на другім месцы Літва – 39 %.

«У Літве атрымліваецца шмат працоўных месцаў у параўнальнасці з доляй прадпрыемстваў, бо ў Літву пераехалі даволі вялікія офісы IT-кампаніяў», – адзначыў Серж Наўродскі.

Колькасць беларускіх ІП у Еўропе ABBA ацэньвае на 21,3 тысячы. Гэта не дакладны лік, а меркаваны, зыходзячы з колькасці беларусаў у ЕЗ і іх прадпрымальніцкага патэнцыялу.

«Важная колькасць беларусаў з доўгатэрміновымі дакументамі ў краінах ЕЗ, каб разумець прадпрымальніцкі патэнцыял. Мы налічылі 152 277 беларусаў. Сюды ўваходзяць беларусы з ВНЖ, ПМЖ, «Blue Card», часовай аховай, статусамі ўцекачоў і гуманітарнымі статусамі. Візы тут не ўлічваюцца», – працягвае Серж Наўродскі.

60 % гэтых людзей цяпер у Польшчы, яшчэ 21 % – у Літве.

«Мы лічым, колькі беларусаў гатовыя заснаваць ІП ці кампанію. Гэта ацэнка базуецца таксама на падставе апытання, зробленага ў лютым 2023 года. Мы апыталі болей за 600 чалавек у эміграцыі. Мы таксама параўноўвалі гэтыя вынікі з вынікамі глабальнага маніторынгу прадпрымальніцтва, якое праводзілася ў Беларусі яшчэ ў 2021 годзе. І гэтыя лічбы супастаўляльныя».

Патэнцыйная колькасць беларускіх ІП у ЕЗ.
Фота: ABBA

Складанасці з інтэграцыяй і грашыма

Частку даследавання – «Маніторынг беларускага бізнесу за мяжой» – правёў Цэнтр новых ідэяў (ЦНІ). У канцы верасня – пачатку кастрычніка былі апытаныя 102 прадпрымальнікі. ЦНІ таксама адзначае, што атрыманыя звесткі нельга распаўсюджваць на ўвесь беларускі бізнес у ЕЗ, але трэнды апытанне адлюстроўвае.

Паводле дадзеных апытання ЦНІ, большасць прадпрымальнікаў (82 %) прыехала ў Еўропу ў 2020-м і пазней. Толькі 18 % апытаных паведамілі, што працавалі ў ЕЗ да 2020 года. 89 % выбаркі – мікрапрадпрыемствы, у якіх працуюць або адзін прадпрымальнік, або не больш за дзевяць працаўнікоў. Большасць кампаніяў цяпер на стадыі запуску бізнесу або на стадыі росту. 70 % рэспандэнтаў цяпер у Польшчы. 43 % апытаных перавезлі свой бізнес з Беларусі і развіваюць яго за мяжой, іншыя пачынаюць там з нуля.

Беларускія прадпрымальнікі за мяжой – гэта адукаваныя людзі: 68 % маюць вышэйшую адукацыю, а яшчэ 22 % – нават паслядыпломную.

Звычайна беларускія бізнесмены ў Еўропе – маладыя адукаваныя людзі.
Фота: ЦНІ

У трэцім квартале 2023 года 45 % распавялі пра паляпшэнне свайго становішча ў параўнанні з папярэднім кварталам. Негатыўныя змены адзначылі толькі 10 %. Яшчэ 27 % не заўважылі зменаў, але 10 % распавялі, што іхны бізнес цяпер на мяжы выжывання пры адсутнасці зменаў.

Лепш за ўсё справы ішлі ў развіцці прадуктаў, паслуг і каманды, але з прыцягненнем інвестыцыяў існуюць праблемы.

Праблемы, з якімі сутыкаецца беларускі бізнес у ЕЗ.
Фота: ЦНІ

Што тычыцца фінансавання, то звычайна беларусы самі даюць рады ў гэтым пытанні. За апошнія тры гады 38 % апытаных звярталіся па вонкавае фінансаванне. Атрымалі яго толькі 22 %, тады як запыт на дадатковыя сродкі ёсць у 78 %. Складанасці з атрыманнем грошай існуюць менавіта праз тое, што прадпрымальнікі ёсць замежнікамі.

Людзі і грошы вернуцца ў Беларусь?

На пытанне, ці вернуцца рэспандэнты ў Беларусь, калі там адбудуцца пазітыўныя змены, 20 % не ведаюць, што адказаць. 40 % хацелі б часткова перавесці свой бізнес дадому, але і пакінуць частку яго ў Еўропе. Толькі 15 % беларускіх прадпрымальнікаў сказалі, што гатовыя вярнуцца ў Беларусь на сталае жыццё, а такіх, хто ў выпадку пераменаў закрыў бы свой бізнес за мяжой і вярнуўся на Радзіму, каб заснаваць прадпрыемства там, сярод апытаных не знайшлося зусім.

Планы бізнесменаў адносна Беларусі.
Фота: ЦНІ

У выніку больш як палова бізнесменаў бачыць свой удзел у эканоміцы Беларусі пасля змены ўмоваў у лепшы бок: прывязуць туды бізнес, будуць інвеставаць грошы або свае веды.

ABBA заклікае прадстаўнікоў беларускага бізнесу за мяжой далучацца да наступных раўндаў апытанняў.

Агляд
Узровень «нараджальнасці» з 2012 года ўпаў амаль удвая. Гэта пра бізнес
2023.11.10 16:22

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў