Атакі ўкраінскіх дронаў па РФ становяцца ўсё больш эфектыўнымі. Тлумачым, што адбываецца


За апошнія тыдні Украіна значна павялічыла інтэнсіўнасць і эфектыўнасць атак дронаў на розныя аб’екты на тэрыторыі РФ. У ноч на 30 жніўня наагул адбылася самая масаваная з пачатку вайны ўкраінская атака, якая закранула адразу шэсць рэгіёнаў краіны-агрэсара. Belsat.eu апавядае пра новую фазу вайны дронаў і тлумачыць, за кошт чаго Украіна дасягае ў ёй поспехаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чальцы вайсковай брыгады ідуць запускаць беспілотнікі падчас вучэнняў у Херсонскай вобласці, Украіна. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: Hector Adolfo Quintanar Perez / Zuma Press / Forum

У ноч на 30 жніўня Украіна зладзіла самую масаваную атаку беспілотнікамі па вайсковых аб’ектах у глыбіні тэрыторыі Расеі. Амаль адначасова ўдар быў нанесены па цэлях у шасці рэгіёнах: Пскоўскай, Бранскай, Калужскай, Разанскай, Арлоўскай і Маскоўскай вобласцях. Таксама прылёт зафіксавалі ў акупаваным Севастопалі.

У Калужскай вобласці беспілотнік упаў на тэрыторыі нафтавага заводу, распачаўся пажар. У Бранскай вобласці мішэнню сталася тэлевізійная вежа (імаверна, пашкоджанняў не было), прадпрыемства для вытворчасці вайсковай мікраэлектронікі (у адным з цэхаў узнік пажар) і будынак абласнога Следчага камітэту (выбіла вокны і пашкодзіла дах). У Разанскай вобласці два беспілотнікі ляцелі ў кірунку вайсковага аэрадрому ў Дзягілеве, але былі збітыя сіламі паветранай абароны. У Маскоўскай вобласці дроны былі збітыя на далёкіх подступах, абломкамі выбіла толькі некалькі шыбаў.

Найбольш магутны і найбольш паспяховы ўдар быў нанесены па вайскова-цывільным аэрадроме ў Пскове – за 800 км ад мяжы з Украінаю. Паводле розных ацэнак, аэрадром атакавалі больш за дзесяць беспілотнікаў. Паводле выдання Baza, два вайскова-транспартавыя самалёты Іл-76 былі знішчаныя, яшчэ чатыры атрымалі пашкоджанні. ГУР Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што цалкам знішчаныя былі чатыры Іл-76 і яшчэ некалькі атрымалі пашкоджанні. Былы дарадца міністра ўнутраных справаў Антон Герашчанка кажа, што атрымаць пашкоджанне мог таксама бамбавік Ту-22.

Адзін дрон трапіў у палівазаправачны комплекс на тэрыторыі пскоўскага аэрапорту, у выніку чаго распачаўся буйны пажар. Паводле медыяў, удар таксама быў нанесены на вайсковай базе 2-й брыгады спецназу ГРУ, якая брала ўдзел у акупацыі Бучы ў 2022 годзе.

Разгром аэрадромаў: Сальцы, Шайкоўка і Курская вобласць

Удар па Пскове стаўся працягам серыі звышпаспяховых атак на расейскія тылавыя аэрадромы.

19 жніўня ўкраінскія беспілотнікі знішчылі як мінімум адзін стратэгічны бамбавік Ту-22М3 на аэрадроме ў Сальцах Наўгародская вобласці. У сеціва трапілі кадры самалёта, цалкам ахопленага полымем. 21 жніўня паспяхова былі атакаваныя аб’екты на расейскім аэрадроме ў Шайкоўцы Калужскай вобласці. Агулам, паводле ГУР, у Шайкоўцы і Сальцах два самалёты Ту-22М3 цалкам знішчаныя, яшчэ два самалёты былі пашкоджаныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашкоджаная кватэра пасля атакі беспілотнікаў у Курску, Расея. 27 жніўня 2023 года.
Фота: Handout / gubernator_46 / Telegram / AFP / East News

У ноч на 27 жніўня ўкраінцы зладзілі атаку беспілотнікамі на аэрадром у Курску. Паводле «РБК-Україна», дроны-камікадзэ адпрацавалі па чатырох самалётах Су-30 і адным МіГ-29, а таксама радарах комплексу С-300 і двух ЗРК «Панцыр». Праўда, у выпадку Курску доказаў паспяховасці ўдараў няма.

То бок выглядае на тое, што Украіна цяпер праводзіць добра падрыхтаваную кампанію атак на аэрадромы ў глыбокім расейскім тыле. Вайсковае значэнне відавочнае: па розных ацэнках, толькі за апошнія два тыдні маглі быць пашкоджаныя або цалкам знішчаныя каля дзесяці расейскіх самалётаў. І калі вайскова-транспартавых Іл-76 у Расеі шмат, то Ту-22М3 – адзінкавы тавар. Скампенсаваць страту немагчыма: такога звышгукавога бамбавіка далёкай авіяцыі не вырабляюць ужо 20 гадоў. Паводле ўкраінскай выведкі, цяпер у Расеі застаюцца ўсяго 27 Ту-22М3. Пры гэтым Ту-22М3 адыгрывае важную ролю ў паветраным тэроры супраць Украіны – у прыватнасці менавіта гэты самалёт знішчыў шматкватэрны дом у Дняпры ў студзені 2023 года (тады загінулі 30 мірных жыхароў).

Удары па аэрадромах акрамя наўпроставага выніку (знішчэнне самалётаў) маюць і ўскосныя наступствы: гэта прымушае Расею перабазаваць сваю авіяцыю на больш аддаленыя аэрадромы, што ў сваю чаргу ўскладняе правядзенне паветраных атак на Украіну.

Атакі на Маскву: псіхалагічны ціск, выведка ці адцягванне ўвагі?

Серыю ўдараў па расейскіх аэрадромах нельга разглядаць у адрыве ад кампаніі атак беспілотнікаў на Маскву.

Першыя «прылёты» ўкраінскіх дронаў у расейскую сталіцу, у тым ліку па Крамлі, мелі месца ў траўні. Спачатку шмат хто не верыў, што такое ў прынцыпе магчыма, нават узнікла версія аб правакацыі ФСБ. Аднак з канца ліпеня ўкраінскія беспілотнікі ў Маскве перасталі кагосьці здзіўляць. У жніўні атакі сталіся ледзь не штодзённымі, найчасцей яны прыляталі ў бізнес-цэнтр «Масква-Сіці» і ў раёны прыжывання пуцінскіх элітаў. Толькі каля дому топ-прапагандысткі, кіраўніцы «RT» Маргарыты Сіманьян дроны падалі некалькі разоў за апошні тыдзень. Ува ўсіх выпадках атакі беспілотнікаў на Маскву не прыводзілі да чалавечых ахвяраў – звычайна ўсё абмяжоўваецца максімум выбітымі шыбамі і пашкоджанымі фасадамі будынкаў.

Калі Масква зазнала толькі першыя ўдары дронаў, выглядала на тое, што падобныя аперацыі маюць выключна сімвалічны характар. Іх мэта магла заключацца не ў знішчэнні канкрэтных аб’ектаў, а ў псіхалагічным ціску: масквічы мусяць зразумець, што Пуцін не здольны іх абараніць і вайна паступова прыходзіць у іхны дом.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Офіс комплексу «Масква-Сіці» ў выніку атакі беспілотнікаў у Маскве, Расея. 30 ліпеня 2023 года.
Фота: Alexander Nemenov / AFP / East News

Выданне The New York Times 26 жніўня таксама агучыла версію, што атакі дронаў закліканыя падняць баявы дух ва ўкраінскім грамадстве: «Апошнія тыдні Украіна зрабіла больш частымі напады беспілотнікаў на Расею. Паводле афіцыйных асобаў ЗША, гэтая тактыка мае на мэце прадэманстраваць украінскай грамадскасці, што Кіеў усё яшчэ можа нанесці ўдар у адказ, асабліва ўлічваючы павольны контрнаступ».

Аднак ёсць і куды больш практычнае тлумачэнне інтэнсіфікацыі атак дронаў: прамацванне расейскай сістэмы паветранай абароны і адцягванне ўвагі ад важных вайсковых аб’ектаў. Некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што Украіна проста шукае найбольш слабыя месцы ў супрацьпаветранай абароне, а калі знойдзе – зладзіць масавую і па-сапраўднаму эфектыўную атаку. Апошнія падзеі дэманструюць, што падобная версія можа быць найбліжэйшаю да праўды.

Якія дроны выкарыстоўваюць украінцы

Галоўнае пытанне цяпер: як Украіна здолела правесці такую ўдалую кампанію ўдараў па расейскіх тылах?

Аэрадром у Шайкоўцы месціцца за 200 км ад мяжы з Украінаю, у Сальцах – за 650 км, пскоўскі аэрапорт – 800 км. Атака на Пскоў увогуле сталася самым глыбокім прасоўваннем углыб Расеі з пачатку вайны. Раней рэкордным паводле адлегласці лічыўся ўдар па стратэгічным аэрадроме ў Энгельсе ў снежні 2022 года: мадэрнізаваны савецкі БПЛА Ту-141 «Стрыж» тады праляцеў 700 км.

Афіцыйнай інфармацыі, якія дроны выкарыстоўвала Украіна падчас апошніх атак на аэрадромы, няма. Разам з тым падчас ранейшых атак на Маскву ў публічнай прасторы заўважылі  два ўкраінскія дроны-камікадзэ: «UJ-22 Airborne» (тэарэтычна далёкасць можа складаць да 800 км) і «Бабёр» (да 1000 км). Некаторыя расейскія эксперты дапускаюць, што пскоўскі аэрапорт маглі атакаваць якраз беспілотнікі «Бабёр».

Аднак украінцы маюць у сваім арсенале і іншыя новыя распрацоўкі: напрыклад, дрон «Морак». Паводле выдання The Economist, менавіта дрон-прататып «Морак» знішчыў Ту-22М3 у Сальцах. «Марок» называюць адною з самых шматабяцальных распрацовак Украіны. Цяпер распрацоўнікі шукаюць магчымасць запусціць яго ў масавую вытворчасць.

Таксама нельга выключаць, што ў кожным канкрэтным выпадку ўкраінцы выкарыстоўваюць розныя віды дронаў і розную тактыку, што мусіла яшчэ больш заблытаць расейскі бок.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шматфункцыйны беспілотны авіяцыйны комплекс «UJ-22 Airborne» на выставе «Зброя і бяспека». Кіеў, Украіна, 2021 год. Крыніца: VoidWanderer / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

У Шайкоўку, паводле выдання Mash, нібыта прыляцеў цывільны коптар, даабсталяваны выбухоўкай і ўзмоцненаю батарэяй. А падчас атакі ў Курскай вобласці 27 жніўня, паводле звестак рэсурсу Fighterbomber, выкарыстоўваліся аўстралійскія дроны «Sypaq». Іх называюць кардоннымі беспілотнікамі: яны зробленыя амаль цалкам з прасякнутай воскам паперы і гумак, што разам робіць яго практычна незаўважным для радараў. Партыю «Sypaq» Украіна атрымала яшчэ ўвесну і за гэты час перарабіла іх у дроны-камікадзэ, здольныя несці некалькі кілаграмаў выбухоўкі. Паводле расейскіх медыяў, усяго каля Курску былі запушчаныя 16 «Sypaq», частка з іх была пустая – для адцягвання ўвагі.

Расею падпальваюць ссярэдзіны?

Паспяховасць украінскіх атак непазбежна выклікае пытанні да эфектыўнасці расейскай сістэмы паветранай абароны, не здольнай закрыць неба над Расеяй. Аднак варта таксама ўлічваць, што знішчэнне цэляў на адлегласці сотні кіламетраў зусім не азначае, што дроны гэтыя сотні кіламетраў сапраўды праляцелі.

Мяркуючы з усяго, апошнія атакі на расейскія аэрадромы арганізоўваліся з тэрыторыі РФ, пра гэта заяўляюць у ГУР Міністэрства абароны Украіны. «Нам добра вядомыя ўсе людзі, якія гэта выканалі. Ясна, што мы з гэтымі асобамі маем камунікацыю… Гэта людзі, якія з тэрыторыі РФ выканалі пэўныя задачы», – заявіў кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў адносна аперацыяў у Сальцах і Шайкоўцы. Фактычна ГУР намякае, што Украіна мае на тэрыторыі Расеі дыверсійную сетку, якая ў стане рэгулярна ладзіць падобныя аперацыі. Атаку ў Курскай вобласці, паводле крыніцаў выдання NV, зарганізавала контрвыведка СБУ – імаверна, таксама з тэрыторыі Расеі.

Да версіі, што дроны запускаліся з тэрыторыі РФ, схіляюцца і расейскія эксперты – як праўладныя, гэтак і незалежныя. «Правезці іх [дроны] праз мяжу не вялікая праблема, калі мы бачым, што пастаянна адбываюцца рэйды розных дыверсійна-разведвальных групаў. Напэўна, было б прасцей запускаць гэтыя беспілотнікі недзе з Расеі», – заявіў у інтэов’ю Bild заснавальнік «Conflict Intelligence» Team Руслан Левіеў.

Калі гэта сапраўды так, то частку адказнасці з расейскай паветранай абароны гэта здымае. У такім выпадку можна казаць пра каласальны правал расейскіх спецслужбаў, якія не здолелі перадухіліць дзейнасці ГУР і СБУ. Але і да дзеянняў вайскоўцаў застаюцца пытанні: напрыклад, Z-каналы наракаюць на тое, што расейскія самалёты на аэрадромах дасюль пакідаюцца пад адкрытым небам, не хаваючы іх ні ў ангарах, ні пад навесам, ні нават за сеткамі, якія маглі б спыніць маленькі дрон.

Hавiны
На моры і ў паветры. Як выкарыстоўваюцца беспілотнікі ў вайне Расеі і Украіны
2023.08.04 20:38

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў