На моры і ў паветры. Як выкарыстоўваюцца беспілотнікі ў вайне Расеі і Украіны


Супрацьстаяння Расеі і Украіны часцяком называюць вайной дронаў. У сусветнай гісторыі яшчэ не было ваеннага канфлікту, дзе адразу абодва бакі настолькі масава выкарыстоўвалі беспілотнікі, прычым самых розных катэгорыяў. Belsat.eu тлумачыць, хто перамагае ў вайне дронаў і як эвалюцыянуе выкарыстанне беспілотнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Члены вайсковай брыгады запускаюць беспілотнікі падчас вучэнняў у Херсонскай вобласці, Украіна. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: Hector Adolfo Quintanar Perez / Zuma Press / Forum

Марскія дроны – новая зброя Украіны

4 жніўня 2023 года Украіна правяла паспяховую атаку на расейскую вайскова-марскую базу ў Новарасійску. У выніку атрымаў сур’ёзнае пашкоджанне вялікі дэсантны карабель «Аленгарскі гарняк»: ён моцна нахіліўся і быў адбуксіраваны.

Украінскія медыя паведамляюць, што пашкоджанне «Аленегорскага гарняка» – вынік сумеснай аперацыі СБУ і ВМС Украіны з выкарыстаннем надводнага дрона з 450 кілаграмамі трацілу.

Імаверна, гаворка ідзе пра беспілотнік тыпу Magura V5. Сцвярджаецца, што гэта цалкам украінская распрацоўка. Як распавядаў тэлеканал CNN у рэпартажы з сакрэтнай украінскай базы, працаваць над стварэннем марскога беспілотніка Украіна распачала адразу пасля поўнамаштабнага ўварвання: пры дапамозе дронаў планавалася нівеляваць каласальную перавагу Расеі ў вайскова-марскіх сілах. Амерыканскім журналістам прадэманстравалі марскі беспілотнік падобны на шырокае каноэ, даўжынёй каля пяці метраў. Ён важыць да 1000 кілаграмаў, можа несці да 300 кг выбухоўкі, мае запас ходу да 800 кіламетраў з максімальнай хуткасцю да 80 км/г. Фактычна гэта маленькі катар без экіпажу, які начынены выбухоўкай і кіруецца дыстанцыйна

Кожны такі дрон каштуе прыкладна $ 250 тысяч. Сродкі на марскія дроны збіралі пры дапамозе краўдфандынгавай кампаніі праз платформу UNITED24.

Украінскі шматмэтавы падводны беспілотны катэр. Выява: СпецТехноЕкспорт / uk.wikipedia.org

Украінскія марскія беспілотнікі сталі важным інструментам вайны на моры, яны дэманструюць вельмі высокую эфектыўнасць. Раней Украіна ладзіла паспяховыя атакі з выкарыстаннем марскіх беспілотнікаў на базу Чарнаморскага флоту ў Севастопалю ў кастрычніку 2022 года (тральшчык «Іван Галубец» і фрэгат «Адмірал Макараў» атрымалі пашкоджанні) і на Крымскі мост ў ліпені 2023-га. Таксама марскія дроны атакавалі бухту ў Севастопалі 22 сакавіка 2023 года.

Як мінімум, адна аперацыя была арганізаваная супраць карабля ў адкрытым моры: 24 траўня тры марскія дроны атакавалі расейскі разведвальны карабель «Іван Хурс».

Расейскія праўладныя вайсковыя эксперты прызнаюць, што ўкраінскія марскія дроны сталі выклікам для расейскага флота і дапускаюць, што Украіна мае некалькі тыпаў такіх надводных беспілотнікаў. Расея пахваліцца аналагічным распрацоўкамі не можа.

З чаго пачыналася вайна дронаў: «Байрактар» і «Арлан»

Выкарыстанне ў баявых дзеяннях марскіх беспілотнікаў-камікадзэ стала новай асаблівасцю канфлікту Расея і Украіны. Аднак асноўная частка вайны дронаў па-ранейшаму праходзіць у паветры.

Адным з сімвалаў першых месяцаў вайны стаў ударны дрон «Байрактар». На ўзбраенне ЗСУ ён трапіў яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання – усяго да лютага 2022 года было закуплена 50 адзінак. Пасля – яшчэ мінімум 35.

«Байрактар» мае даволі буйныя габарыты (даўжыня 6,5 м, размах крылаў – 12 м) і разлічаны як на разведвальныя палёты, так і на ўдары па варожай тэхніцы і жывой сіле. Лічыцца, што «Байрактары» выдатна прадэманстраваў сябе ў першыя тыдні вайны, калі калоны расейскай тэхнікі часцяком рухаліся без усялякага прыкрыцця і пераўтвараліся ў лёгкую мішэнь для беспілотнікаў. Акрамя таго, «Байрактар» удзельнічаў у аперацыі па знішчэнні крэйсера «Масква» – тады дрон адцягнуў на сябе ўвагу радараў расейскага карабля.

Разам з тым, значэнне «Байрактараў» у баявых дзеяннях перабольшваць не варта. Калі расейцы ўзмацнілі сілы СПА і РЭБ, то ўкраінцы былі вымушаны скараціць выкарыстанне «Байрактараў» ва ўдарных мэтах і пачалі выкарыстоўваць яго ў асноўным у разведцы, прычым на бяспечных адлегласцях. З другой паловы 2022 года згадкі пра турэцкі дрон сталі досыць рэдка з’яўляцца ў баявых зводках.

Баявы беспілотнік «Байрактар» TB2, які перададуць Украіне, падчас прэзентацыі на авіябазе Шаўляй, Літва. 6 ліпеня 2022 года.
Фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Аснову расейскага флоту дронаў перад пачаткам вайны складалі беспілотнікі «Арлан-10» і «Арлан-30». У адрозненні ад «Байрактар», гэты дрон не можа атакаваць наземныя цэлі – «Арлан» разлічаны толькі на разведку і цэлеўказанне. Гэтыя беспілотнікі перадаюцца артылерыйскім падраздзяленням для карэктавання агню.

«Арланы» адносна танныя і малагабарытныя дроны, калі параўноўваць іх з «Байрактарамі». Лік «Байрактараў» ва Украіне ішоў на дзясяткі, а Расея на пачатак поўнамаштабнага ўварвання мела каля 1500 «Арланаў-10». Праўда, збіваюць іх таксама масава.

Дроны-камікадзэ: ад савецкіх распрацовак да іранскіх «шахедаў»

Расея захоўвае перавагу над Украінай у дронах-камікадзэ. «Ланцэт-1» і «Ланцэт-3» з тэлевізійным навядзеннем сталі вельмі актыўна выкарыстоўвацца агрэсарам з канца 2022 года. Гэта недарагая і вельмі эфектыўная зброя, разлічаная на ўдары перш за ўсё па артылерыі і сістэмах СПА. «Ланцэт» нясе да 3 кг выбухоўкі і мае далёкасць да 70 км. Эксперты сцвярджаюць, што «Ланцэт» часцяком выкарыстоўваюць разам з «Арланам»: дрон-разведчык наводзіць на цэль, а баражыруючы снарад яе знішчае. Z-каналы рэгулярна выкладаюць відэа разбуранай «Ланцэтамі» украінскай тэхнікі. Украінскія ўлады прызнаюць, што гэта «някепская зброя» і ЗСУ мае патрэбу ў адпаведных сродках барацьбы.

Іранскія дроны-камікадзэ «Shahed 131/136» (у Расеі іх называюць «Герань») выконваюць прынцыпова іншыя задачы. Калі «Ланцэт» разлічаны на выкарыстанне непасрэдна на фронце, то пры дапамозе «шахедаў» Расея атакуе аб’екты інфраструктуры ў глыбіні тэрыторыі Украіны. «Shahed 136» можа несці да 40 кг выбухоўкі і біць па цэлях на адлегласці да 1000 км (афіцыйна – нават да 2000). «Шахеды» лётаюць толькі па загадзя вызначаных каардынатах, яны не надта дакладныя і надзейныя. Аднак гэтыя мінусы кампенсуюцца за кошт таннасці і масавасці дронаў.

Аналітыка
Хрэнін у Іране: ці сапраўды ў Беларусі хочуць наладзіць вытворчасць «Shahed»?
2023.08.01 19:49

Масавае выкарыстанне «Shahed 131/136» распачалося восенню 2022 года і стала сур’ёзным выклікам для Украіны. Дроны было цяжка выявіць і перахапіць. «Шахеды» знясільвалі ўкраінскія СПА, прымушалі іх траціць дарагія ракеты, а таксама раскрываць пазіцыі зенітных комплексаў.

Украінцы даволі хутка навучыліся эфектыўна супрацьстаяць «шахедам». Цяпер украінскія сілы СПА часам знішчаюць 100% запушчаных дронаў-камікадзэ, прычым вайскоўцы стараюцца рабіць гэта больш таннымі сродкамі. Аднак у Паветраных сілах ЗСУ прызнаюцца, што іранскія беспілотнікі ўсё роўна застаюцца для Украіны «галаўным болем». Усяго за час вайны Расея запусціла па ўкраінскіх гарадах больш як 1960 «Shahed 131/136».

Аналітыка
Без «чырвоных лініяў». Як вайна паступова дабіраецца да Масквы
2023.05.30 18:05

Украіна такім арсеналам дронаў-камікадзэ не валодае. Для атакаў углыбіню расейскай тэрыторыі ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўваюць беспілотнікі, якія фармальна баражыруючымі боепрыпасамі не з’яўляюцца. Напрыклад, у снежні 2022 года ЗСУ з выкарыстаннем мадэрнізаваных савецкіх разведвальных БПЛА Ту-141 «Стрыж» паспяхова атакавалі стратэгічны аэрадром у Энгельсе на адлегласці 700 км. Для атакаў на Маскву і Падмаскоўе ў першай палове 2023 года, імаверна, выкарыстоўваліся шматмэтавыя ўкраінскія беспілотнікі UJ-22 Airborne – яны таксама не ствараліся як дроны-камікадзэ.

30 ліпеня Маскву, магчыма, атакавалі новыя ўкраінскія БПЛА «Бабёр». Эксперты параўноўваюць іх з «шахедамі», аднак наўрад ці можна разлічваць, што выкарыстанне такіх дронаў стане масавай з’явай.

Што тычацца франтавых дронаў-камікадзэ, то ЗСУ атрымалі ад Злучаных Штатаў баражыруючыя боепрыпасы Switchblade-300 і Phoenix Chost, а ад Польшчы – Warmate. Аднак далёкасць палёту і магутнасць зараду ў іх меней, чым у «Ланцэта». Напрыклад, баявая частка Switchblade-300 эквівалентная ручной гранаце, а далёкасць палёту – усяго да 10 км.

Дроны-камікадзэ Switchblade-600 з’яўляюцца больш магутнай зброяй: лётаюць на адлегласць у 80 км і здольныя знішчаць бранятэхніку. Але звестак пра іх выкарыстанне на фронце вельмі мала. Імаверна, ЗСУ пакуль атрымала невялікую партыю гэтых баражыруючых боепрыпасаў.

Квадракоптары-бамбавікі і FPV-камікадзэ

Аднак найбольш масава на фронце выкарыстоўваюцца звычайныя квадракоптары, у тым ліку цалкам цывільныя.

Аператар беспілотніка з 24-й асобнай механізаванай брыгады трымае беспілотнік падчас выпрабаванняў новай вайсковай тэхнікі, у тым ліку беспілотнікаў FPV, на палігоне ў Данецкай вобласці, Украіна. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Wojciech Grzedzinski / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Часцяком грошы на дроны збіраюць пры дапамозе валанцёраў і краўдфандынгавых кампаніяў. Напрыклад, ва Украіне быў запушчаны праект «Армія дронаў», у рамках якога на платформе UNITED24 збіраюць грошы на беспілотнікі для арміі – у красавіку 2023-га сума ахвяраванняў перавысіла $108 млн. Каб стымуляваць вытворчасць дронаў улады таксама спрасцілі правілы ўвозу ў краіну неабходных камплектуючых і вызвалілі вытворцаў беспілотнікаў ад выплаты мытных збораў.

Квадракоптары становяцца «вачамі» вайскоўцаў на фронце: дазваляюць ім аператыўна праводзіць выведку мясцовасці і пазіцыяў ворагу, наводзіць на цэлі артылерыю і мінамёты. Калі раней аэравыведка праводзілася толькі на ўзроўні буйных злучэнняў, то цяпер, пры масавым распаўсюдзе дронаў, нават самыя дробныя падраздзяленні могуць гэта сябе дазволіць.

Малыя беспілотнікі часам пераўтвараюцца ў імправізаваныя бамбавікі: да квадракоптару прымацоўваюць гранату, ён завісае над цэллю і скідвае смяротны груз на жаўнераў праціўніка.

Вясной-летам 2023 года ў вайне дронаў з’явіўся новы трэнд: актыўнае выкарыстанне FPV-дронаў – то бок беспілотнікаў, якія аснашчаны функцыяй «бачанне ад першай асобы». FPV-дронам аператар кіруе з дапамогай джойсціка і гарнітуры віртуальнай рэальнасці. У параўнанні са звычайнымі квадракоптэрамі гэтыя апараты не могуць завісаць у паветры, але яны больш хуткія і манеўрэныя – здольныя залятаць нават у люкі танкаў. Пры гэтым FPV-дроны вельмі танныя: могуць каштаваць па $300-350. Цяпер абодва бакі іх выкарыстоўваюць у якасці дробных дронаў-камікадзэ.

Расейская армія да новай тэндэнцыі прыстасавалася хутчэй. У ліпені сузаснавальнік дабрачыннага фонду «Хвыля91» Аляксандр Якавенка заявіў, што адносна FPV-дронаў у Украіны цяпер на фронце «вялікі крызіс». «У ворага іх больш, і мы павінны з гэтым працаваць», – падкрэсліў ён. Намеснік міністра абароны па пытаннях лічбавай трансфармацыі Украіны Віталь Дэйнега таксама прызнаў, што FPV-дроны з расейскага боку ляцяць «нашмат часцей, чым з нашага».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў