На Крымскім мосце быў чутны выбух. Загінулі два чалавекі, спынены рух аўтамабіляў


На Крымскім мосце каля 145-й апоры з боку Краснадарскага краю ноччу 17 ліпеня адбылося надзвычайнае здарэнне, у выніку якога быў спынены рух, паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік анексаванага Крыму Сяргей Аксёнаў.

Крымскі мост. Крыніца: wikipedia.org

УНІАН са спасылкай на мясцовыя тэлеграм-каналы піша, што быў чутны выбух, і ў выніку абрынуўся пралёт мосту, а таксама перастала працаваць асвятленне.

Рух транспарту па мосце цалкам спынены, на пад’ездзе да яго ўтварыўся шматкіламетровы корак. Паводле тэлеграм-каналу Baza, адзін пралёт разбураны, яшчэ адзін – пашкоджаны.

Сяргей Аксёнаў абвяргае інфармацыю пра абрынанне пралёту:

«Самі канструкцыі пралётаў знаходзяцца на сваіх апорах. У Мінтрансе не пацвердзілі інфармацыі, якая раней з’явілася ў СМІ, аб пашкоджанні апораў. Абследаванне стану мосту працягваецца. У сувязі з закрыццём руху па Крымскім мосце для кіроўцаў даступны рух па наземным аўтадарожным маршруце па новых рэгіёнах».

Паводле Аксёнава, рух на мосце плануюць аднавіць ужо а 9-й гадзіне раніцы.

Крымскі мост пасля надзвычайнага здарэння. 17 ліпеня 2023 года.
Фота: Baza / Telegram
Крымскі мост пасля надзвычайнага здарэння. 17 ліпеня 2023 года.
Фота: Baza / Telegram

Тэлеграм-канал аператыўнага штабу Краснадарскага краю паведаміў, што на мосце пацярпела няпоўнагадовае дзіця:

«Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Краснадарскага краю, падчас надзвычайнага здарэння на Крымскім мосце пацярпела няпоўнагадовае дзіця. Папярэдні дыягназ – закрытая чэрапна-мазгавая траўма, стан сярэдняй ступені цяжкасці».

Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў распавёўў, што загінулі мужчына і жанчына з Белгародскай вобласці, іхная няпоўнагадовая дачка пацярпела.

Паводле УНІАН, прычынай здарэння магла стаць атака ЗСУ, здзейсненая ў пачатку чацвёртай гадзіны раніцы, бо якраз у гэты час мясцовыя жыхары чулі выбухі. ЗСУ, у сваю чаргу, заяўляюць, што пашкоджане Крымскага мосту можа быць расейскай правакацыяй.

«Характэрным з’яўляецца тое, што пры такім сканцэнтраванні карабельнай групоўкі ў гэтым раёне і агульным напружанні на фоне пытання аб працягу «збожжавай угоды» стварэнне падобных правакацыяў, пра якія вельмі гучна адразу рапартаюць акупацыйныя ўлады Крыму, ёсць тыповым спосабам вырашэння пытанняў краіны-агрэсара», – пракаментавала здарэнне на Крымскім мосце спікерка аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумэнюк.

«РБК-Україна» са спасылкай на ўласны крыніцы паведамляе, што Крымскі мост быў атакаваны надводнымі дронамі, і што гэта была спецаперацыі СБУ і Ваенна-марскіх сілаў Украіны.

«Мост атакавалі з дапамогай надводных дронаў. Дайсці да мосту было складана, але ўрэшце гэта атрымалася зрабіць», – распавяла крыніца ўкраінскага медыя.

Тым часам Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны не стала каментаваць здарэння.

«Цяпер увесь свет бачыць шматкіламетровы коркі і парушэнне маставых канструкцыяў. Што датычыць дадатковых каментароў, прычынаў гэтага мы не каментуем. Можна толькі працытаваць словы кіраўніка ГУВ МАУ Кірыла Буданава пра тое, што «Крымскі мост – канструкцыя там залішняя», – сказаў прадстаўнік ГУВ Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.

Летась, 8 кастрычніка, на Крымскім мосце раніцай адбыўся выбух. Былі разбураныя тры пралёты аўтамабільнай часткі мосту, а таксама загарэўся цягнік з цыстэрнамі на чыгуначнай частцы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў