Без «чырвоных лініяў». Як вайна паступова дабіраецца да Масквы


Раніцай 30 траўня Маскву і Падмаскоўе атакавалі да трох дзясяткаў беспілотнікаў. Гэта не першы прылёт дронаў у расейскую сталіцу, але адназначна самы масавы з пачатку вайны. Belsat.eu распавядае, што вядома пра гэтую аперацыю і якой магла быць яе мэта.

Што адбылося ў Маскве

Раніцай 30 траўня ў расейскіх Telegram-каналах сталі з’яўляцца фота і відэа з месцаў палёту і падзення беспілотнікаў у Маскве і Падмаскоўі. Агулам, паводле звестак выдання Shot, ва ўдары ўдзельнічалі 32 дроны: 19 былі збітыя ў Падмаскоўі, астатнія даляцелі да Масквы.

Міністэрства абароны РФ сцвярджае, што Маскву атакавалі восем беспілотнікаў самалётнага тыпу: пяць з іх былі знішчаныя з выкарыстаннем ЗРК «Панцыр-С», а тры пад уздзеяннем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы «страцілі кіраванне і адхіліліся ад вызначаных мэтаў». Што гэта маглі быць за мэты – не ўдакладняецца.

Як заявіў мэр Масквы Сяргей Сабянін, тры шматпавярховыя жылыя дамы ў сталіцы атрымалі «нязначныя пашкоджанні». Мяркуючы з фота- і відэа з месца падзеяў, пашкоджанні сапраўды нязначныя: трошкі абпалены або прадзіраўлены фасад, выбітыя вокны.

Загінулых няма, і сур’ёзных раненняў ніхто не атрымаў. Два чалавекі, паводле Сабяніна, звярнуліся па медычную дапамогу, аднак шпіталізацыя ім не спатрэбілася. Калі арыентавацца на расказы відавочцаў і кадры з месцаў падзеяў, дроны былі начыненыя маламагутнымі зарадамі.

Выданне Shot сцвярджае, што дроны, якія заляцелі ў дом на Ленінскім праспекце і ў дом на вуліцы Прафсаюзнай, нібыта неслі кумулятыўныя зарады КЗ-6, аднак яны чамусьці не спрацавалі. КЗ-6 – гэта стандартны снарад савецкага часу, які выкарыстоўваецца для прабіцця дзірак у сценах і падмурках ды ў іншых падрыўных працах. Паводле тэхнічных характарыстыкаў маса выбуховых рэчываў КЗ-6 – каля 1,8 кг.

Які зарад нёс трэці дрон, што трапіў у жылы дом на вуліцы Атласава, – выданне не ўдакладняе.

Псіхалагічная атака

Падзеі ў расейскай сталіцы абсалютна немагчыма параўноўваць з тымі хвалямі паветранага тэрору, які рэгулярна перажывае Кіеў і іншыя ўкраінскія гарады.

Толькі ў ноч на 30 траўня Кіеў атакаваў 31 дрон-камікадзэ «Shahed-136», кожны з якіх здольныя несці да 40–50 кілаграмаў выбухоўкі. 29 дронаў былі знішчаныя ўкраінскімі сіламі СПА, астатнія пашкодзілі 16 аб’ектаў. Як вынік, адзін чалавек загінуў, 13 атрымалі раненні. Дастаткова паглядзець на кадры вынікаў атакі дронаў у Маскве і ў Кіеве, каб зразумець розніцу ў наступствах дзеянняў двух бакоў.

Наогул у траўні інтэнсіўнасць паветранага тэрору супраць Украіны значна вырасла: за месяц Кіеў перажыў 16 атак, прычым удар з выкарыстаннем дронаў-камікадзэ ў ноч на 28 траўня быў найбуйнейшы з пачатку вайны. Таму масаваная атака дронаў на Маскву выглядае дэманстратыўным адказам Украіны на цяперашнюю хвалю паветранага тэрору.

Чыста з ваеннага гледзішча ў гэтай акцыі наўрад ці быў сэнс. Мяркуючы з характару атакі на Маскву, аперацыя мела выключна сімвалічны характар: яе мэтай было не знішчэнне канкрэтных аб’ектаў, а псіхалагічная атака – прадэманстраваць масквічам, што вайна можа прыйсці ў іхны дом.

Telegram-канал «Можем объяснить» стварыў мапу месцаў збіцця дронаў і на падставе гэтага выказаў здагадку, што псіхалагічная аперацыя была накіраваная найперш на атачэнне Уладзіміра Пуціна.

Мапа атакі дронаў на Маскву, 30 траўня.
Фота: mozhemobyasnit / Telegram

Рэч у тым, што ў эпіцэнтры атакі дронаў аказаліся прэстыжныя паўднёва-заходнія мікрараёны Масквы, Рублёўская шаша і яе ваколіцы. У гэтых раёнах жывуць прадстаўнікі пуцінскай эліты, высокапастаўленыя чыноўнікі і алігархі. Адзін з дронаў упаў менш чым за 10 км ад рэзідэнцыі Пуціна ў Нова-Агарова.

На вельмі цікавую геаграфію прылётаў звярнула ўвагу і выданне «Вёрстка».

«Беспілотнікі былі заўважаныя, у прыватнасці, у раёнах Рублёўскай і Іллінскай шашы, дзе размешчаныя дамы прадстаўнікоў эліты і дзяржаўныя рэзідэнцыі», – канстатуюць журналісты.

Аднак менавіта гэтыя раёны, мяркуючы з усяго, расейскія сілы СПА прыкрываюць дастаткова надзейна.

Папярэджанне Буданава

Пакуль што ўлады Украіны не ўзялі на сябе адказнасці за атаку дронаў на Маскву. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк адзначыў, што «мы з задавальненнем глядзім – і прагназуем павелічэнне колькасці нападаў», аднак, «вядома ж, простага дачынення да гэтага не маем».

У Паветраных сілах ЗСУ каментаваць сітуацыю наогул адмовіліся.

Аднак насамрэч датычнасць Украіны да атакі на Маскву можна лічыць «сакрэтам Палішынэля». Удзень 29 траўня, пасля таго як па Кіеве быў нанесены чарговы ракетны ўдар, кіраўнік ГУР Кірыла Буданаў паабяцаў неўзабаве адказаць на масаваныя абстрэлы.

«Усе тыя, хто спрабаваў нас запалохаць, марачы, што гэта прынясе нейкі эфект, вы вельмі хутка пра гэта пашкадуеце. Наш адказ не прымусіць сябе чакаць. Хутка ўсё пабачыце», – прыгразіў ён.

Аналітыка
Навошта ладзіўся прарыў у Белгародскую вобласць і ці можа сітуацыя паўтарыцца ў Беларусі?
2023.05.23 19:13

Як далёка б’юць украінскія беспілотнікі

Той факт, што ўкраінскія беспілотнікі здольныя даляцець да Масквы, наўрад ці можа кагосьці здзівіць на шаснаццатым месяцы вайны. Яшчэ ў снежні 2022 года ЗСУ з выкарыстаннем мадэрнізаваных савецкіх БПЛА Ту-141 «Стрыж» паспяхова атакавалі стратэгічны аэрадром у Энгельсе на адлегласці  700 км.

Адлегласць ад мяжы з Украінай да Масквы нават меншая – каля 500 км. У лютым і красавіку 2023 года фіксаваліся выпадкі, калі ў Падмаскоўі падалі дроны, якія былі начыненыя выбухоўкай. Тады сцвярджалася, што гэта былі дроны UJ-22 Airborne вытворчасці ўкраінскай кампаніі «Укрджет» (максімальны радыус дзеяння гэтых дронаў – 800 км). А зусім нядаўна, у ноч на 3 траўня, два дроны выбухнулі над купалам Сенацкага палацу Крамля, што ўлады РФ абвесцілі спробаю замаху на Уладзіміра Пуціна.

Вайсковы эксперт Ян Мацвееў мяркуе, што для атакі на Маскву зноў выкарыстоўваліся дроны UJ-22 Airborne. Кіраўнік «Цэнтру развіцця транспартных тэхналогіяў» Аляксей Рагозін абвяргае гэтыя звесткі. Ён заявіў, што для нападу былі выкарыстаныя раней не вядомыя беспілотнікі самалётнага тыпу з аэрадынамічнай схемай «качка». Паводле яго, такія дроны тэарэтычна могуць мець далёкасць палёту ад 400 да 1000 км. То бок яны цалкам маглі даляцець да Масквы з тэрыторыі Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты на прэзентацыі беспілотніка-выведніка UJ-22 Airborne, набытага ў межах праграмы «Армія дронаў» і падрыхтаванага да выпрабавальных палётаў. Кіеўская вобласць, Украіна. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Аднак, напрыклад, украінская даследчая суполка InformNapalm сцвярджае, што дроны нібыта прыляцелі з Маскоўскай вобласці.

Метадычка Крамля: усё ідзе паводле плану

Падобна на тое, што ўлады Расеі цудоўна разумелі: масаваныя атакі дронамі на Маскву раней ці паздней адбудуцца. Таму падзеі 30 траўня сюрпрызам для іх не сталі, і інфармацыйнага хаосу яны не дапусцілі. Рэакцыя расейскіх афіцыйных асобаў і прапагандыстаў аказалася на рэдкасць зладжаная і спакойная. Ніякай разгубленасці, істэрыкі наконт «чырвоных лініяў», заклікаў нанесці ядравы ўдар па Украіне або весці вайну «па-сапраўднаму» цяпер у інфармацыйнай прасторы няма. Наадварот, галоўны мэсідж мусіць супакойваць: усё ідзе паводле плану, сілы СПА адпрацавалі паспяхова, хвалявацца няма падставаў.

Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў пахваліў працу расейскіх СПА і адзначыў, што атака на Маскву не зробіцца нагодаю для спецыяльных зваротаў Уладзіміра Пуціна. Дэпутаты Дзяржаўнай думы назвалі ўдар беспілотнікаў «тэрактам» і «актам застрашвання», але ў цэлым далі зразумець, што насельніцтву варта да гэтага ставіцца спакойна і прызвычайвацца да новай рэальнасці. «Несумненна, дыверсійна-тэрарыстычныя атакі Украіны будуць толькі нарастаць», – папярэдзіў дэпутат Аляксандр Хінштэйн.

«У нас вельмі вялікая краіна, і заўсёды знойдзецца шчыліна, дзе беспілотнік можа праляцець, абмінаючы раёны размяшчэння сродкаў супрацьпаветранай абароны», – заявіў кіраўнік камітэту Дзярждумы ў галіне абароны Андрэй Картаполаў.

Затое панікёраў, распаўсюднікаў чутак і тых, хто здымае палёты беспілотнікаў, расейскія ўлады адразу паабяцалі пераследаваць у крымінальным парадку.

У другой палове дня Пуцін усё ж каротка пракаментаваў падзеі ў Маскве: ён заявіў, што Украіна спрабуе запалохаць грамадзянаў Расеі, і гэта нібыта «прыкмета тэрарыстычнай дзейнасці». Але сістэма СПА, паводле яго, спрацавала «здавальняюча».

Наважыўся зламаць прапагандысцкі шаблон толькі заснавальнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, які чарговы раз абмацюкаў расейскіх генералаў і абвінаваціў іх у тым, што яны прапусцілі ўкраінскія дроны да Масквы. Ён падкрэсліў, што цяпер Расея тэхналагічна на гады адстае ад сваіх праціўнікаў і нічога не робіць, каб тое выправіць.

Аналітыка
Прыгожын распачаў вывад наймітаў з Бахмуту. Што далей будзе з ім і ПВК Вагнэра?
2023.05.25 19:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў