Што гэта было? Разбіраем асноўныя версіі атакі дронаў на Крэмль


Хто стаяў за атакаў дронаў на Крэмль дагэтуль застаецца адкрытым пытаннем. І Украіна, і Расея маглі быць зацікаўлены ў гэтых падзеях. Belsat.eu аналізуе матывацыю бакоў і ацэньвае праўдападобнасць асноўных версіяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знак «Зона забаронена беспілотнікам» знаходзіцца недалёка ад Крамля. Мэр Масквы абвясціў аб забароне на несанкцыянаваныя палёты беспілотнікаў над расейскай сталіцай. Масква, Расея. 3 траўня 2023 года.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Масква заяўляе, што атаку на Сенацкі палац у ночы на 3 траўня арганізавала Украіна, прычым гэта быў спланаваны замах на Уладзіміра Пуціна. Прэс-служба Крамля адзначыла ў звязку з гэтым, што «пакідае за сабой права прыняць меры ў адказ там і тады, дзе і калі палічыць патрэбным». Расейскія дэпутаты і прапагандысты ў сваю чаргу заклікалі нанесці ўдары па Кіеву, знішчыць украінскае кіраўніцтва і наогул весці цяпер вайну «па-сапраўднаму».

Украінскае кіраўніцтва адмаўляе сваю датычнасць да атакі на Крэмль. Да гэтых заяваў таксама варта ставіцца крытычна. З палітычных меркаванняў афіцыйны Кіеў звычайна не бярэ на сябе адказнасць за аперацыі на расейскай тэрыторыі, хаця часам гэта больш падобна на «сакрэт Палішынэля». Аднак у адрозненні, напрыклад, ад атакаў на вайсковыя аэрадромы ў Энгельсе і Дзягілеве цяпер сапраўды існуюць сумневы ў тым, што за атакай стаялі менавіта ўкраінцы.

Аналітыка
«Самая дзёрзкая атака»: што азначае ўдар па аэрадромах у Энгельсе і Дзягілеве
2022.12.06 16:28

Ці магла Украіна зладзіць атаку на Крэмль

Атака на Крэмль з’яўляецца абсалютна беспрэцэдэнтным выпадкам для гэтай вайны. Усё-ткі Масква мае магутную сістэму супрацьпаветранай абароны, якую падчас вайны толькі дадаткова ўзмацнілі. Некаторым цяжка паверыць, што расейскія СПА могуць быць настолькі неэфектыўнымі. Аднак насамрэч нічога фантастычнага ў гэтым няма.

Чыста тэхнічна Украіна сапраўды здольная запусціць дроны на Крэмль. Адлегласць ад Масквы да мяжы з Украінай па прамой – каля 500 км. У лютым і красавіку 2023-га фіксаваліся выпадкі, калі ў Падмаскоўі падалі дроны, якія былі начынены выбухоўкай. Тады сцвярджалася, што гэта былі дроны UJ-22 Airborne вытворчасці ўкраінскай кампаніі «Укрджет» (максімальны радыус дзеяння гэтых дронаў – 800 км). А ў снежні 2022-га ЗСУ з выкарыстаннем мадэрнізаваных савецкіх БПЛА ТУ-141 «Стрыж» паспяхова атакавалі стратэгічны аэрадром у Энгельсе на адлегласці ў 700 км, што стала яскравым сведчаннем дзіравасці расейскай сістэмы СПА. Правал на маскоўскім кірунку таксама не выглядае чымсьці нерэальным, калі ўспомніць гісторыю: у 1987 годзе, падчас Халоднай вайны, 18-гадовы нямецкі пілот-аматар Матыяс Руст наогул пасадзіў свой самалёт пад сценамі Крамля.

Нельга таксама выключаць, што дроны цяпер запускалі не з лініі фронта, а непасрэдна з расейскай тэрыторыі, з невялікай адлегласці. У такім выпадку галоўную віну за правал варта ўскласці на спецслужбы. Цікава, што, паводле выдання Baza, дроны заўважылі нібыта яшчэ ў Падмаскоўі, але ніхто на гэта не адрэагаваў. «Сілавікі сталі дакладваць аб БПЛА наверх, але з-за позняга часу і майскіх святаў належнай маментальнай рэакцыі не было», – распавяла крыніца выдання.

Замах або дэманстрацыя

Калі ўявіць, што за атакай сапраўды стаіць Украіна, то навошта гэта была зроблена?

Версія з замахам на Пуціна выглядае абсалютна непраўдападобна. Прэзідэнта РФ у той момант у Сенацкім палацы не было і не павінна было быць. Паводле расейскіх медыяў, Пуцін наогул рэдка бывае ў Крамлі – у асноўным толькі на афіцыйных мерапрыемствах і толькі днём. Працуе ён звычайна ў сваёй загараднай рэзідэнцыі Нова-Агарова. Натуральна ўкраінскія спецслужбы не маглі гэтага не ведаць. Таму заявы пра замах – гэта проста прапагандысцкі трук расейскага кіраўніцтва.

Больш імаверна, што атака дронаў разглядалася Украінай выключна як сімвалічная акцыя. Менавіта ў Сенацкім палацы Пуцін 21 лютага 2022 году правёў гістарычнае паседжанне Савету Бяспекі, якое дэ-факта дало старт поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны. Атака на палац мусіла падкрэсліць: Крэмль прайграе, вайна вяртаецца туды, адкуль прыйшла, і ніхто ў Расеі не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Такія аперацыі наносяць разбуральны ўдар па аўтарытэту Пуціна, дэманструюць неэфектыўнасць і некампетэнтнасць ягонага рэжыму. Усё гэта можа прывесці да росту разгубленасці і ўнутранага напружання ў РФ, у чым Украіна, безумоўна, зацікаўлена. Асабліва напярэдадні вялікага контрнаступлення.

Каментар
Прадстаўнік палка Каліноўскага: Атака дронамі Крамля – гэта правакацыя Масквы
2023.05.04 00:01

Інсцэнаванне экзістэнцыяльнай пагрозы

Аднак шмат хто не верыць у тое, што за атакай на Крэмль сапраўды стаіць Украіна.

Напрыклад, амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што Расея сама інсцэнавала атаку дронаў 3 траўня.

«Імгненная, паслядоўная і скаардынаваная рэакцыя Крамлю на інцыдэнт сведчыць пра тое, што напад быў знутры падрыхтаваны такім чынам, каб яго імаверныя палітычныя наступствы перавешвалі здзіўленне», – гаворыцца ў справаздачы.

На думку аналітыкаў, гэта магло спатрэбіцца, каб «прадставіць вайну сваёй унутранай аўдыторыі як штосьці экзістэнцыйнае», стварыць такім чынам умовы для больш шырокай мабілізацыі насельніцтва. Акрамя таго, гэтую атаку Масква можа выкарыстаць, каб абмежаваць святкаванне 9 траўня.

Каментар
Дзмітрый Балкунец: Інцыдэнт з дронамі – інсцэніроўка Крамля
2023.05.04 19:35

У афіцыйнай версіі сапраўды ёсць белыя плямы, якія выклікаюць падазрэнні. Па-першае, рэакцыя Крамля сапраўды выглядае дзіўнавата. Дроны выбухнулі над купалам Сенацкага палацу ў 2:27 і 2:43 адпаведна. А афіцыйная заява ўладаў РФ на гэты конт з’явілася толькі каля 14:30 – то бок прайшло амаль 12 гадзінаў.

Па-другое, у сеціве (прынамсі на дадзены момант) ёсць толькі відэа дронаў каля Сенацкага палацу. Аднак да Крамля дроны мусіў яшчэ даляцець. Масква – мегаполіс з мільёнамі жыхароў і вялізарнай колькасцю камераў відэаназірання. Сведчанняў палёту дрону мусіла застацца вельмі шмат. Чаму ў сеціве не з’явілася ніводнага такога запісу – не зразумела.

Непераканаўчы casus belli

Аднак ёсць вялікія сумневы ў тым, што атака дронаў на крамлёўскі палац здольная выклікаць патрыятычны ўсплёск і мабілізаваць расейскае грамадства. Выбухі і дыверсіі на расейскай тэрыторыі з пачатку вайны адбываюцца рэгулярна. Паводле афіцыйных дадзеных, толькі за першыя 11 месяцаў канфлікту аб абстрэлаў пацярпелі 168 мірных жыхароў памежных тэрыторыяў РФ, 36 з іх загінулі (у асноўным у Белгародскай вобласці). У сакавіку 2023 году меў месца баявы рэйд у Бранскую вобласць з украінскай тэрыторыі, у выніку чаго падчас страляніны загінулі двое цывільных. Калі рэальныя смерці на гэтай вайне не здольныя мабілізаваць грамадства, то чаму іх да гэтага павінны падштурхнуць выбухі ў Крамлі, ад якіх ніхто не пацярпеў?

Прычым журналісты выдання «Агентство» заўважылі дзіўную асаблівасць: ў эфіры галоўных федэральных тэлеканалаў гледачам не прадэманстравалі кадры атакі дронаў, замяніўшы іх панарамнымі здымкамі Крамля. Гэтая дэталь можа сведчыць пра тое, што ўлады хочуць хутчэй замяць ганебны для сябе эпізод, чым будаваць на ім вялікую прапагандысцкую кампанію.

Для апраўдання масіраванага бамбавання Украіны інсцэнаваць замах на Пуціна не было патрэбы – Расея і раней не шкадавала ні мірнае насельніцтва, ні цывільную інфраструктуру. Прастора для эскалацыі ў Масквы насамрэч вельмі абмежаваная. Па сутнасці, Расея можа павысіць стаўкі толькі за кошт выкарыстання тактычнай ядравай зброі, але ў цяперашняй сітуацыі, асабліва з улікам пазіцыі Кітая, Пуцін наўрад ці на гэта вырашыцца. Як мінімум, яму для гэтага спатрэбіцца больш сур’ёзнае апраўданне.

Аналітыка
Сі больш не «дарагі сябар» Пуціна? Што азначаюць нечаканыя вынікі галасавання ў ААН
2023.05.03 07:00

Спроба пасварыць саюзнікаў

Калі ўсё ж зыходзіць з таго, што гэта была інсцэніроўка, то больш праўдападобна, што яе мэтай было не апраўданне эскалацыі і не ўнутраная мабілізацыя, а спроба нанесці ўдар па міжнароднай рэпутацыі афіцыйнага Кіева.

Магчыма, Расея хоча згуляць на страху краінаў Захаду перад некантралюемым разрастаннем канфлікту. Вядома, што саюзнікі Украіны баяцца справакаваць Крэмль на далейшую эскалацыю і таму схільныя праяўляць асцярожнасць у пытаннях паставак новых відаў зброі і тэхнікі, асабліва наступальнай. У прыватнасці, ЗША не хочуць даваць Украіне ракеты вялікай далёкасці, бо апасаюцца, што ЗСУ пачнуць наносіць удары ўглыб расейскай тэрыторыі. Магчыма, абвінавачваючы Украіну ў спробе замаху на Пуціна, Масква разлічвае пасеяць недавер паміж саюзнікамі і пераканаць заходніх лідараў, што Зяленскі нібыта з’яўляецца непрадказальным партнёрам, які можа ўцягнуць іх у вайну.

Праўда, Расея будзе спрабаваць пасеяць недавер паміж саюзнікамі ў любым выпадку – незалежна ад таго, хто рэальна стаіць за выбухамі ў Крамлі.

У кантэксце гэтай версіі цікава, што праз содні, 4 траўня, прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў абвінаваціў у датычнасці да атакі на Крэмль не толькі Украіну, але і ЗША. «Мы добра ведаем, што рашэнні аб такіх дзеяннях, аб такіх тэрактах, прымаюцца не ў Кіеве, а менавіта ў Вашынгтоне. А Кіеў ужо выконвае тое, што яму кажуць рабіць», – заявіў ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Dmitri Lovetsky / AP Photo / East News

Каардынатар па стратэгічных камунікацыях Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі зняпраўдзіў гэтыя абвінавачванні, назваўшы іх «недарэчнымі». Аднак разам з тым падкрэсліў: «Вядома, мы не дыктуем ім [украінцам] умовы, на якіх яны павінны абараняцца ці праводзіць аперацыі. Аднак мы дакладна давалі ім зразумець публічна і ў прыватным парадку, што мы не заахвочваем і не дазваляем ім наносіць удары [па мэтах] за межамі Украіны».

Варта адзначыць, што, з пункту гледжання міжнароднага права, спроба забойства кіраўніка дзяржавы, напад на яго афіцыйнае або жылое памяшканне – гэта сур’ёзнае злачынства, якое краіны-чальцы ААН абавязаны перадухіляць. Адпаведную норму можна знайсці ў Канвенцыі ААН 1973 году аб прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць асобаў, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай. Таму Расея можа скарыстацца выдуманым замахам на Пуціна, каб абвінаваціць Украіну і яе саюзнікаў ў парушэнні міжнароднага права.

Праўда, эфектыўнасць гэтых захадаў будзе невялікая, улічваючы рэпутацыю расейскага рэжыма. Прама цяпер намеснік сакратара Савету бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў заклікае да «фізічнага знішчэння» кіраўніцтва Украіны – то бок як раз да парушэння Канвенцыі ААН 1973 году. Акрамя таго, раней сусветныя медыі шмат пісалі пра тое, што ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскія сілавікі атрымалі заданне забіць або захапіць у палон Уладзіміра Зяленскага. З улікам гэтага, рыторыка Масквы не будзе выглядаць пераканаўча на міжнароднай арэне.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў