Атакі дронаў і «дыверсанты» пад Бранскам. Вайна паступова пераходзіць на тэрыторыю РФ?


Канец лютага – пачатак сакавіка адзначыўся ў Расеі серыяй інцыдэнтаў з удзелам беспілотнікаў, а таксама ўзброеным рэйдам у Бранскай вобласці. Гэта не першы выпадак, калі вайна ва Украіне непасрэдна прыходзіць на тэрыторыю РФ, аднак інтэнсіўнасць цяперашніх падзеяў звяртае на сябе ўвагу. Ці можна казаць пра з’яўленне тэндэнцыі, якая будзе толькі нарастаць?

У раёне Данбасу ваенныя тэхнікі правяраюць пасля прызямлення кампаненты самалёта-разведчыка, 28 лютага 2023 г.
Фота: Marco Cordone / Zuma Press / Forum

Што адбывалася ў 2022 годзе

Першыя сігналы, што расейская агрэсія вернецца бумерангам на тэрыторыю РФ, можна было заўважыць ужо на начальным этапе поўнамаштабнай вайны. 1 красавіка 2022 года два ўкраінскіх верталёта Мі-24 на нізкай вышыні ўвайшлі ў паветраную прастору Расеі і атакавалі нафтабазу «Роснафты» ў Белгарадзе – пацярпелых не было, але пажар ахапіў восем рэзервуараў з палівам.

Дыверсіі і абстрэлы ў памежных раёнах перыядычна адбываліся ўвесь год. Як падлічыла выданне «Новая газета Европа» на падставе афіцыйных звестак, з пачатку вайны прыфрантавыя рэгіёны Расеі падвергліся абстрэлам не менш за 350 разоў. Прычым інтэнсіўнасць пачынаючы з восені толькі нарастала.

Мэтанакіраваных абстрэлаў цывільных аб’ектаў на тэрыторыі РФ няма: цэллю ўкраінцаў з’яўляюцца пазіцыі вайскоўцаў і аб’екты інфраструктуры, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння арміі. Аднак паселішча, што знаходзяцца побач, часам таксама трапляюць пад раздачу. Агулам ад абстрэлаў за 11 месяцаў канфлікту ў РФ пацярпелі 168 мірных жыхароў, 36 з іх загінулі (у асноўным у Белгародскай вобласці).

«Калі раней снарады даляталі толькі да невялікіх вёсак каля мяжы, то цяпер украінскае войска ўсё часцей «дацягваецца» да буйных населеных пунктаў і вайсковых абʼектаў у глыбіні краіны», – робіць выснову ў сваім расследаванні «Новая газета Европа».

5 снежня Украіна правяла беспрэцэдэнтную аперацыю супраць базаў стратэгічнай авіяцыі РФ у Энгельсе і Дзягілеве, у 500-700 км ад лініі фронту (падрабязней пра гэта – тут). У выніку атакі ўкраінскіх беспілотнікаў як мінімум два стратэгічных бамбавіка атрымалі пашкоджанні, а частка авіяцыі была перабазаваная на іншыя аэрадромы. Неўзабаве пасля гэтага ў Маскве на дахах адміністратыўных будынкаў пачалі размяшчаць зенітныя комплексы «Панцыр-С1».

Атака 28 лютага

У канцы лютага – пачатку сакавіка адбылася новая серыя вайсковых інцыдэнтаў на тэрыторыі РФ.

28 лютага тры дрона ўпалі ў Белгарадзе, адзін – у Суражскім раёне Бранскай вобласці. У Туапсэ на нафтабазе «Роснафты» адбылося два выбуху і распачаўся пажар – медыі пісалі пра беспілотнікі, начыненыя выбухоўкай. «Невысветлены лятальны апарат» таксама ўпаў у Адыгее, каля пасёлку Новый ў Гіагінскім раёне (90 км ад Краснадару). Паводле Мінабароны РФ, дроны збіліся з траекторыі праз працу сілаў радыёэлектроннай барацьбы.

У той жа дзень, 28 лютага, дрон упаў у Падмаскоўі побач са станцыяй «Газпраму» – медыі са спасылкай на ФСБ паведамлялі, што беспілотнік быў начынены выбухоўкай C-4. А над Санкт-Пецярбургам праз «неапазнаны аб’ект» часова была закрыта паветраная прастора.

Ва ўсіх гэтых выпадках пацярпелых не было. Незалежныя журналісты назвалі падзеі 28 лютага «адной з найбуйнейшых падобных нападаў у тыле расейскага войска».

Афіцыйны Кіеў не прызнаў сваёй датычнасці да гэтых атакаў беспілотнікаў. «Паслухайце, ідзе вайна, адкуль мы ведаем, хто адкуль лётае? Гэта не наша тэрыторыя, мы ж не бачым, хто ў іх там пакасціць», – заявіў сакратар РНБА Аляксей Данілаў. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк падкрэсліў, што «Украіна не наносіць удараў па тэрыторыі РФ». У Крамлі ў сваю чаргу адзначылі, што гэтым заявам не вераць.

Увечары 2 сакавіка выбухі чулі жыхары падмаскоўнай Каломны. ТАСС сцвярджае, што гэта, імаверна, у паветры выбухнуў беспілотнік. Пра разбурэнні і пацярпелых нічога не паведамлялася. Таксама пра магчымае падзенне беспілотніка 2 сакавіка паведамлялі ў Тульскай вобласці.

Баявы рэйд у Бранскай вобласці

Аднак найбольшы рэзананс набыла страляніна ў Бранскай вобласці. Днём 2 сакавіка расейскія ўлады заявілі, што памежны Клімавіцкі раён пранікла «ўкраінская дыверсійна-разведвальная група», якая нібыта абстраляла цывільны аўтамабіль у вёсцы Любечане. Паводле афіцыйнай версіі, у выніку загінуў кіроўца і было паранена 10-гадовае дзіця. Потым мясцовы губернатар заявіў пра яшчэ аднаго застрэленага цывільнага. Таксама паведамлялася аб зʼяўленні дыверсантаў у вёсцы Сушаны (20 км ад Любечанаў). У ФСБ заявілі, што «выціснулі» праціўніка на тэрыторыю Украіны, дзе па ім нанеслі «масіраваны артылерыйскі ўдар». Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін назваў тое, што адбылося, тэрактам.  

Ілюстрацыйны здымак. Украінскія вайскоўцы перасоўваюцца каля лініі фронту.
Фота: LISI NIESNER / Reuters / Forum

Паведамленні медыяў аб інцыдэнце ў Бранскай вобласці былі вельмі супярэчлівымі і часам проста непраўдападобнымі. Таму дагэтуль не зусім зразумела, што канкрэтна адбылося ў Любечанах і Сушанах, хто былі гэтыя «дыверсанты» і якая ў іх магла быць мэта (заўважым, што ў Клімавіцкім раёне размешчана вайсковая база). Афіцыйная версія выклікае шмат пытанняў.

Масква адназначна ўсклала адказнасць за тое, што адбылося на Украіну. Кіеў катэгарычна абвяргае гэтыя абвінавачванні. Міхаіл Падаляк назваў паведамленні аб «украінскіх дыверсантах» «класічнай правакацыяй». 

Адказнасць за тое, што адбылося ў Бранскай вобласці ўзяў на сябе «Расейскі добраахвотніцкі корпус», які складаецца з расейцаў, якія са зброяй у руках ваююць на баку Украіны. У тэлеграм-канале «РДК» неўзабаве пасля заявы Пуціна зʼявілася відэа з двума байцамі ў камуфляжы, якія пазіруюць на фоне будынку з таблічкай «Любечанскі фельчарска-акушэрскі пункт». Адзін з іх кажа, што добраахвотніцкі корпус перайшоў дзяржаўную мяжу, яны «не ваююць з цывільнымі», а грамадзянаў РФ заклікаюць «уздымаць бунт і змагацца» супраць пуцінскага рэжыму. Потым з’явілася яшчэ адно відэа, дзе байцы ў камуфляжы падкрэсліваюць, што яны не ДРГ, а «вызваленчая армія», якая прыйшла на родную зямлю.

Выданне «Важные истории» ўзяла каментар у аднаго з удзельнікаў рэйда, які сцвярджаў, што на тэрыторыю Расеі зайшлі каля 45 чалавек, запісалі відэа і «зрабілі засаду на дзве БМП». «Дзяцей пацярпелых я не бачыў. Але быў адзін пацярпелы памежнік», – дадаў ён.

Незалежныя медыі пазналі на выкладзенымі ў сеціва відэа Дзяніса Капусціна, які вядомы сваімі ўльтраправымі поглядамі – на Захадзе яго нават называлі «адным з самых небяспечных неанацыстаў». Пры гэтым не выключана, што ён раней быў звязаны з расейскімі спецслужбамі. У 2019 годзе высокапастаўлены супрацоўнік нямецкай разведкі распавёў Der Spiegel, што Капусцін «мабыць, бліжэй да расейскай улады, чым мы на дадзены момант можам даказаць». Але пацверджанняў гэтай версіі няма.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што падзеі ў Бранскай вобласці – гэта ўнутраная праблема Расеі.

«Тое, што мы сёння маглі ўбачыць – гэта рэальныя грамадзяне РФ, якія вырашылі змагацца з Пуціным. Гэта таксама праблема РФ і частка расейцаў маюць права яе вырашаць», – падкрэсліў ён.

Сакратар РНБА Аляксей Данілаў у жартлівай манеры назваў рэйд у Бранскай вобласці праявай «руху расейскіх антыфашыстаў-апалчэнцаў» і нагадаў, што вайсковую тэхніку можна «спакойна набыць у маскоўскіх ваенторгах». Гэта была відавочны намёк на практыку 2014-2015 гг, калі Расея вяла вайну супраць Украіны пад выглядам мясцовых «апалчэнцаў».

Што будзе далей

Ці варта чакаць, што колькасць ваенных інцыдэнтаў на тэрыторыі Расеі будзе ўзрастаць? Хутчэй за ўсё, так. Аналіз, праведзены выданнем «Новая газета Еўропа» паказвае ўстойлівы рост абстрэлаў цягам першых 11 месяцаў вайны. Атакі беспілотнікаў становяцца ўсё больш дзёрзкімі і праводзяцца на ўсё больш аддаленыя адлегласці. То бок тэндэнцыя цяпер выглядае даволі відавочна.

Пры гэтым украінскае кіраўніцтва адкрыта кажа, што не выключае далейшых удараў па вайсковых аб’ектах па тэрыторыі РФ. Намеснік начальніка ГУР Вадзім Скібіцкі нядаўна заявіў выданню Berliner Morgenpost, што ЗСУ перад вясеннім контрнаступленнем, магчыма, будзе знішчаць склады зброі і тэхнікі на расейскай тэрыторыі – напрыклад, вакол гораду Белгарад.

Ілюстрацыйны здымак. Максім, пілот беспілотніка ва ўкраінскай арміі. Данецкая вобласць, Украіна. 14 лютага 2023 г.
Фота: Adrien Vautier / Zuma Press / Forum

Такога кшталту аперацыі, акрамя чыста ваенных мэтаў, маюць яшчэ і важнае палітычнае значэнне. Няздольнасць Крамля абараніць сваю тэрыторыю ад абстрэлаў і атакаў беспілотнікаў наносяць удар па аўтарытэту пуцінскага рэжыму, прымушае людзей паставіць пад сумнеў прапагандысцкі тэзіс аб «непераможнасці Расеі» і задумацца аб сур’ёзнасці сітуацыі. Кожны такі інцыдэнт выклікае хвалю абурэння мілітарысцкіх Z-каналаў, якія пачынаюць вінаваціць расейскае кіраўніцтва ў неэфектыўнасці і некампетэнтнасці. Усё гэта можа прывесці да росту ўнутранага напружання ў РФ, у чым Украіна, безумоўна, зацікаўлена.

Разам з тым, прынамсі ў бліжэйшай будучыні, вайна будзе закранаць тэрыторыю Расеі толькі ў нязначнай ступені, выключна кропкава. Гэта звязана як з палітычнымі, так і чыста ваеннымі прычынамі.

У ЗСУ не хапае рэсурсаў для нанясення масіраваных удараў углыб тэрыторыі Расеі. Бліскучая атака ў Энгельсе і Дзягілеве, імаверна, праводзіліся мадэрнізаванай версіяй старых савецкіх беспілотнікаў, якія не выпускаюць з канца 80-х. Такі крэатыў з боку ўкраінскіх вайскоўцаў можа забяспечыць поспех шэрагу аперацыяў, але не створыць масавую вытворчасць і не заменіць высокадакладныя ракеты. Захад у сваю чаргу не спяшаецца пастаўляць Украіне дальнабойную зброю або пастаўляе з канкрэтнай умовай – не выкарыстоўваць на тэрыторыі РФ. Саюзнікі лічаць, што перанос вайны на тэрыторыю агрэсара можа справакаваць непрадказальную рэакцыю Крамля і прывесці да некантралюемай эскалацыі. Напрыклад, калі Злучаныя Штаты пагадзілася перадаць ЗСУ ракеты GLSDB, якія маюць дальнасць 150 км, то міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаваў быў вымушана публічна паабяцаць не абстрэльваць гэтымі ракетамі Расею.

Тое ж самае тычацца і наземных аперацыяў. Дыверсійныя рэйды на расейскую тэрыторыю цалкам магчымыя, аднак спробы правесці буйныя вайсковыя аперацыі, напэўна, сутыкнуцца з незадаволенасцю Захаду, што адаб’ецца на пастаўках зброі. Таму фэйкі расейскіх медыяў наконт падрыхтоўкі наступлення Украіны ў Белгародскай ці Курскай вобласці цяпер не маюць пад сабой ніякіх падставаў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў