Танкі замест ATACMS? Якая зброя патрэбная Украіне – і чым дапамогуць ЗША


Падчас візіту Уладзіміра Зяленскага ў Злучаныя Штаты Амерыкі было абвешчана пра вылучэнне Украіне новага пакету ваеннай дапамогі, які ўключае ў сябе сістэму супрацьпаветранай абароны «Patriot». Але «Patriot» – не адзінае ўзбраенне, якое афіцыйны Кіеў разлічвае атрымаць ад ЗША. Belsat.eu распавядае, чаго Украіна чакае ад сваіх саюзнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:  Sean M. Worrell / U.S. Air Force / ABACAPRESS.COM / East News

21 снежня Дзярждэпартамент ЗША абвесціў пра вылучэнне  Украіне новага пакету ваеннай дапамогі на суму $ 1,85 млрд. Туды ўключаныя боепрыпасы для РСЗА HIMARS, гаўбіц і мінамётаў, бронемашыны «Cougar», супрацьлакацыйныя ракеты HARM, высокадакладныя авіяцыйныя боепрыпасы JDAM, гранатамёты і стралковая зброя, тактычныя сістэмы сувязі, бронекамізэлькі ды іншае. Але галоўным складнікам новага пакету ваеннай дапамогі, безумоўна, сталі сістэмы супрацьпаветранай абароны «Patriot». 

Украінцам перададуць адну батарэю – гэта мінімальна магчымая адзінка. Батарэя ўключае ў сябе радар, станцыю кіравання, электрагенератар і транспартныя сродкі падтрымання. У кожнай батарэі – ад 4 да 8 пускавых установак, у кожнай устаноўцы ад 4 да 16 ракетаў (у залежнасці ад мадыфікацыі).  

«Patriot» лічыцца адной з самых сучасных і эфектыўных сістэмаў супрацьпаветранай абароны ў свеце. Гэта найбольш дарагое ўзбраенне, якое ЗША перадаюць Украіне з пачатку вайны: кошт адной ракеты можа дасягаць 1 млн долараў, а ўсёй сістэмы – 1 млрд. Афіцыйны Кіеў ужо некалькі месяцаў публічна прасіў у ЗША паставіць «Patriot». Хоць перадача такіх комплексаў звязаная з вялікімі матэрыяльна-тэхнічнымі цяжкасцямі, расейская кампанія масаваных ракетных удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны падштурхнула амерыканцаў да таго, каб усё-ткі пайсці на гэты крок.

Адна батарэя «Patriot», вядома, не здолее закрыць усяго неба над Украінай. Але гэта важны крок на шляху стварэння глыбокай супрацьпаветранай абароны ва Украіне. Раней украінцы атрымалі ад сваіх заходніх саюзнікаў СПА малой і сярэдняй далёкасці: нямецкія IRIS-T і амерыканска-нарвежскія NASAMS. Цяпер дайшла чарга і да дальнабойных СПА. Галоўнае адрозненне «Patriot» ад іншых сістэмаў у тым, што ён здольны знішчаць балістычныя ракеты праціўніка – дасюль у ЗСУ такіх тэхнічных магчымасцяў не было.

Праўда, ва Украіну «Patriot» трапіць не адразу. Спачатку ўкраінскія вайскоўцы будуць вучыцца карыстацца новай тэхнікай на вайсковай базе ЗША ў Нямеччыне. Імаверна, заступіць на баявое дзяжурства ва Украіне яны здолеюць не раней за люты або сакавік 2023 года.

Што яшчэ прасіла Украіна

Пры ўсёй важнасці сістэмаў «Patriot» – гэта не тое ўзбраенне, якое можа пераламіць ход вайны. Каб вызваліць уласную тэрыторыю, Украіна мае патрэбу ў наступальнай зброі.

Паводле выдання «Politico», украінская дэлегацыя планавала дамовіцца ў Вашынгтоне аб пастаўках ракетаў ATACMS, дронаў «Gray Eagle» і «Reaper». Украінскія ўлады дэ-факта не хавалі, што падчас сустрэчы з прэзідэнтам Джо Байдэнам Зяленскі будзе аб гэтым прасіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тактычная ракетная сістэма ATACMS падчас вайсковых вучэнняў у Паўднёвай Карэі.
Фота: Defenсe Ministry / Zuma Press / Forum

«Gray Eagle» і «Reaper» – магутныя ўдарныя беспілотнікі, з найлепшых у свеце. Пытанне аб пастаўках гэтых дронаў абмяркоўваецца ўжо даўно, але дагэтуль не вырашана. Адна з ключавых перашкодаў – перасцярога, што ў рукі расейцаў могуць трапіць вельмі важныя тэхналогіі. Таму амерыканцы разважаюць над тым, каб перадаць Украіне мадыфікаваны варыянт «Gray Eagle» – без некаторых адчувальных тэхнічных кампанентаў.

ATACMS – гэта тактычная балістычная ракета класу «зямля – зямля», якая можа выкарыстоўвацца на сістэмах HIMARS. Яе максімальная далёкасць – 300 км. Пра сваю зацікаўленасць у ракетах ATACMS афіцыйны Кіеў казаў з лета. Але ў Вашынгтоне асцерагаюцца перадаваць украінцам такую дальнабойную зброю з палітычных меркаванняў: там лічаць, што гэта справакуе Расею на эскалацыю канфлікту.

Для сітуацыі на фронце наяўнасць такіх ракетаў можа мець надзвычай важнае значэнне. Чалец камітэту Вярхоўнай Рады ў галіне нацбяспекі, абароны і выведкі Ягор Чарноў у інтэрв’ю «Настоящему времени» адзначыў, што ATACMS – тое, што можа змяніць сітуацыю на фронце.

«Тады мы зможам знішчаць у дастаткова глыбокім тыле сілы праціўніка, склады і камандныя пункты ў радыусе 300 кіламетраў. Мы павінныя знішчаць перш за ўсё месцы пуску ракетаў або дронаў вось такімі дальнабойнымі ракетамі. Гэта можа неяк пасунуць баланс», – патлумачыў ён.

Выданне «Politico» са спасылкаю на свае крыніцы паведамляла напярэдадні перамоваў, што Белы дом пакуль не гатовы пайсці насустрач Украіне ў пытанні ракетаў ATACMS. Амерыканцы баяцца справакаваць Крэмль на далейшую эскалацыю і выкарыстанне тактычнай ядравай зброі супраць Украіны.

За два тыдні да візіту Зяленскага ў Дзярждэпартаменце ЗША, каментуючы ўкраінскія ўдары па аэрадроме ў Энгельсе, заявілі, што амерыканскі бок не перадае Украіне сродкаў, здольных наносіць удары за межамі яе тэрыторыі, і не заахвочвае такіх дзеянняў. Праўда, паводле крыніцаў аўтарытэтнага выдання «The Times», усё не настолькі адназначна: амерыканцы настойваюць толькі на тым, каб заходняя зброя не выкарыстоўвалася супраць цывільных аб’ектаў, каб не былі парушаныя законы вайны. Гэта адзінае абмежаванне, і ўкраінцы яго выконваюць. Такі падыход, на думку «The Times», магчыма, дазволіць амерыканцам усё ж пагадзіцца на перадачу Украіне дальнабойнай зброі. Але пакуль такога рашэння няма. 

Падобна, што прасунуцца ў пытанні паставак дальнабойнага ўзбраення Зяленскі падчас перамоваў з Байдэнам не здолеў. Украінскі прэзідэнт ніводнага разу не згадаў пра ATACMS у сваіх публічных заявах у ЗША, нават прамаўчаў падчас прэс-канферэнцыі, калі пытанне на гэты конт задалі журналісты. Адказаў у выніку Байдэн: ён патлумачыў, што некаторыя рашэнні могуць парушыць еднасць ЗША з іх еўрапейскімі саюзнікамі, а гэтага дапусціць нельга.

Стаўка на танкі, надзея на ATACMS

Разам з тым, адказваючы на пытанне пра ATACMS, Байдэн заявіў, што ЗША працуюць над тым, каб іншыя дзяржавы далі больш танкаў Украіне. Рэдактар украінскага выдання «Еўрапейская праўда» Сяргей Сідарэнка адзначыў у сваім артыкуле, прысвечаным візіту Зяленскага, што амерыканскі лідар фактычна выступіў у ролі «танкавага лабіста». Не выключана, што цяпер Злучаныя Штаты актывізуюць спробы пераканаць еўрапейскія краіны перадаць Украіне сваю бранятэхніку. У першую чаргу гэта мусіць датычыць нямецкіх танкаў «Leopard 2», якія могуць стаць першымі несавецкімі танкамі ў арсенале ЗСУ. 

Раней нямецкае выданне «Frankfurter Allgemeine Zeitung» паведаміла, што дарадца прэзідэнта ЗША Джэйк Саліван яшчэ ў кастрычніку заклікаў Нямеччыну паставіць «Leopard 2». «Нашыя партнёры чакаюць, што Нямеччына выканае свае абавязкі», – заявіла кіраўніца камітэту Бундэстагу ў абароне Мары-Агнэс Штрак-Цымэрман. Аднак пакуль Берлін ухіляецца ад гэтага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Танк «Leopard 2» падчас армейскіх вучэнняў на вайсковай базе ў Бэргене, Нямеччына.
Фота: Fabian Bimmer / Reuters / Forum

Для Украіны пытанне аб пастаўках танкаў застаецца ў спісе прыярытэтаў. Без магутных бранятанкавых частак перамагчы ў вайне будзе надзвычай складана. 

«Я ведаю, што магу перамагчы гэтага ворага. Але мне патрэбныя рэсурсы. Мне трэба 300 танкаў, 600–700 БМП, 500 гаўбіцаў. Тады, думаю, цалкам рэальна выйсці на рубяжы 23 лютага. Але я не магу зрабіць гэтага з дзвюма брыгадамі. Я атрымліваю тое, што атрымліваю, але менш, чым мне трэба», – заявіў нядаўна галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны ў інтэрв’ю The Economist.

Пры гэтым не варта думаць, што тэма паставак дальнабойнай зброі цалкам знятая з парадку дня. З самага пачатку вайны Захад паступова рассоўваў межы падтрымання Украіны. Спачатку ўкраінцы мелі ад саюзнікаў толькі лёгкую супрацьтанкавую зброю, пераносныя зенітна-ракетныя сістэмы і стралковую зброю. Гарматы, РСЗА і танкі Захад перадаваць не хацеў, бо баяўся справакаваць непрадказальную рэакцыю Крамля. Аднак з канца вясны ЗСУ сталі атрымліваць ад Захаду сучасныя віды артылерыі і мадэрнізаваную савецкую бранятэхніку. Масква была вымушаная з гэтым змірыцца, ніякай эскалацыі не адбылося.

Аналітыка
Эфект HIMARS. Як заходняя зброя змяняе вайну паміж Украінай і Расеяй
2022.08.05 12:28

Цяпер Захад пастаўляе Украіне сучасныя сістэмы СПА, што на пачатку вайны здавалася чымсьці нерэальным. Цалкам імаверна, што з часам Захад наважыцца пераступіць яшчэ адну чырвоную лінію і нарэшце перадасць Украіне дальнабойную зброю.

Такога аптымістычнага погляду прытрымліваюцца шмат якія прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў. «Пра «Patriot» нам казалі: ніколі, забудзьце, гэта не магчыма. Тым не менш, ён пастаўлены. Тое ж самае будзе і з ATACMS», – заявіў 22 снежня дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч.

«Проста паверце мне, што вельмі хутка мы атрымаем і «Пэтрыёты», і «Абрамсы», і «Леапарды», і ўсё астатняе. Такое аб’ектыўнае развіццё гэтай вайны. Гэта ўсё будзе на нашай тэрыторыі», – заявіў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк, хоць і не ўдакладніў, што значыць «вельмі хутка».

«Я думаю, што будзе перададзена ўсё, толькі пытанне – калі», – адзначыў дэпутат Вярхоўнай Рады Ягор Чарноў.

Сваю гатовасць і далей падтрымліваць Украіну ў ваенным плане адміністрацыя Байдэна дэманструе вельмі выразна. У бліжэйшы час чакаецца прыняцце Закону аб дадатковым забеспячэнні Украіны, які прадугледжвае выдзяленне $ 45 млрд у 2023 годзе. 28,4 млрд з іх датычаць ваеннай дапамогі, а 9 млрд пойдзе непасрэдна на забеспячэнне ўкраінскай арміі.

Аналітыка
Ці сапраўды ва Украіне загінулі 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў? Аналізуем лічбы вайны
2022.12.22 18:01

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў