Кватэру айцішніка арыштавалі пасля акцыі за мяжой. Там жыве яго маці


Сілавікі пачалі накладваць арышт на ўласнасць некаторых рэлакантаў, якія з’явіліся на замежных акцыях. Пра як мінімум адну гісторыю распавядае партал dev.by.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Мітынг салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі адбыўся на Катэдральнай плошчы Вільні з нагоды Дня палітвязня. Вільня, Літва. 21 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«З краіны я з’ехаў некалькі гадоў таму, – распавёў айцішнік. – У Беларусі ў мяне засталася кватэра, якой я ўласнік, там цяпер жыве мая мама.

З канца красавіка амаль кожны дзень у кватэру пачаў нехта прыходзіць і стукаць у дзверы. Ні званка ў дамафон, ні званка ў дзверы. Мама (яна прапісаная ў кватэры) прынцыпова нікому не адчыняла і да дзвярэй не падыходзіла. Праз два тыдні ў дзверы ўжо не стукалі. Яе адразу вынеслі, вырашыўшы, відаць, што ў кватэры нікога няма.

Аказалася, гэта былі працаўнікі КДБ. Іхны прыход быў звязаны з маім удзелам у «экстрэмісцкай дзейнасці». Я быў пару разоў на замежных акцыях, бачыў людзей, якія вялі здымкі, меркаваў, што гэта маглі быць як і мясцовыя спецслужбы, так і засланцы з Беларусі. Такім чынам зацікавіліся і маім знаёмым, які апошні раз быў на Дні Волі год таму.

Працаўнікі КДБ правялі ператрус у кватэры, але нічога значнага ў межах крымінальнай справы не знайшлі.

Кватэру арыштавалі, апісалі маёмасць, у прыватнасці, тэлевізар, хатні кінатэатр, кампʼютар, пральную машыну.

Усю апісаную маёмасць перадалі маме на адказнае захоўванне. Я так разумею, гэтай маёмасцю нельга распараджацца. Іншых падрабязнасцяў не ведаю, бо з маці ўзялі падпіску аб невыдаванні.

Маці працягвае жыць у кватэры, яе нікуды не выгналі, ды і выгнаць асабліва няма куды, законы ў Беларусі, здаецца, пакуль такога не дазваляюць. (…)

Я спехам зʼязджаў з краіны і не паспеў зрабіў гендаверанасць. Пазней атрымалася зрабіць праз пасольства, але нават тады не думаў прадаваць кватэру, усё на нешта спадзяваўся. А ў мінулым годзе мяне сталі шукаць, не ведалі, у якую краіну зʼехаў (я не перасякаў сухапутную мяжу праз афіцыйныя пункты пропуску). У выніку страціў момант.

Думаю, павінен адбыцца суд, на якім павінен быць агучаны «разлік» стратаў, якія панесла дзяржава ад майго ўдзелу ў пары мітынгаў за мяжой. І потым забяруць кватэру. Магчыма, год-паўтара невядомасці ў нас ёсць.

Паўплываць на сітуацыю я ніяк не магу. Нават калі я вярнуся ў Беларусь, арышту з кватэры не здымуць. Затое будзе магчымасць яшчэ мяне і пасадзіць», – рэзюмаваў суразмоўца.

Што кажуць юрысты

Калі на маёмасць уласніка, які падазраваны або абвінавачаны ў крымінальнай справе, наклалі арышт, гэта не азначае, што пазней арышту не могуць зняць, адзначае адвакат Антон Гашынскі:

«Калі ўласнік і/або ягоныя сям’я, сваякі пастаянна пражываюць у кватэры, і для іх гэта адзінае жытло, то на такую нерухомасць не могуць накласці арышту ў мэтах забеспячэння кампенсацыі шкоды, нанесенай злачынствам.

То бок на практыцы нерухомасць могуць арыштаваць, але пасля арышт мае быць зняты, бо гэта адзінае жытло для тых, хто пражывае ў ім. Але для гэтага блізкім або сваякам спатрэбіцца ўстанавіць факт пастаяннага пражывання і адзінага жытла».

Што рабіць

«Як толькі накладваецца арышт на маёмасць, гэтае рашэнне неабходна абскардзіць у судзе, альбо пісаць зварот у органы, якія наклалі арышт, з просьбай растлумачыць падставы і прычыны накладання арышту. Пасля атрымання адказу рашэнне аб накладанні арышту можна абскардзіць па лініі пракуратуры або Следчага камітэту, калі ён наклаў арышт.

У органаў у дадзеным выпадку простая логіка. Спачатку ўсё арыштаваць, а потым заявіць пра тое, што накладзены арышт на маёмасць на пэўную суму, што дастаткова для шматразовага пакрыцця шкоды. Але пазней суд мае прыняць рашэнне аб вызваленні маёмасці з-пад арышту.

Таксама сваякоў не могуць выселіць з кватэры і даць ім іншае жытло. Напрыклад, калі ў кватэры, якая належыць падазраванаму, жыве ягоная мама або жонка і для іх гэта адзінае жытло. Сваякоў таксама не могуць прымусіць пакрыць шкоду, нібыта нанесеную ўласнікам нерухомасці, у якой яны пражываюць».

Не толькі ўласнікі

«Паводле закону арышт могуць накласці не толькі на маёмасць падазраванага і абвінавачанага. Арыштаваць таксама могуць маёмасць трэціх асобаў, каб праверыць, ці сапраўды яна ім належыць, хто карыстаецца маёмасцю, хто аплачвае ўтрыманне маёмасці.

І калі будзе ўстаноўлена, што маёмасць фактычна не належыць абвінавачанаму, падазраванаму, то суд таксама мае зняць арышт пры вынясенні канчатковага прысуду.

У такіх сітуацыях важна, каб сваякі ў выпадку арышту сваёй маёмасці заяўлялі хадайніцтва аб зняцці арышту судом. Суд разумее, што калі арыштавалі чужую маёмасць, то ўласнікі будуць адстойваць свае правы. А калі ніхто не звяртаецца ў суд ані са скаргай, ані з хадайніцтвам, гэта можа ўскладніць для ўласнікаў працэс адстойвання сваіх правоў».

У цяперашніх умовах уласнікам арыштаванай нерухомасці не варта спадзявацца на закон, перакананы юрыст Міхаіл Кірылюк:

«Агаворка «на законных падставах» была б рэлевантная, калі б да гэтых падставаў прыглядаліся. Але Беларусь у рэйтынгу вяршэнства права World Justice Project цяпер бліжэй да канца сярод больш як 140 краінаў. Таму закон наўрад ці дапаможа сваяку «ворага народу».

Арышты маёмасці беларусаў, якія з’ехалі, – гэта спосаб палітычнага пераследу і запалохвання, каб людзі баяліся выказваць свае палітычныя погляды, нават пакінуўшы краіну. Таму далей усё будзе залежаць не ад закону. Цяпер спатрэбілася запалохаць, яны арыштавалі маёмасць. Заўтра-паслязаўтра пачнуцца перамовы з ЕЗ – арышты, можа быць, здымуць.

Сваякі могуць абскардзіць кожнае дзеянне ўладаў, але складана сказаць, наколькі гэта будзе вынікова. А што ўрэшце адбудзецца з арыштаванымі кватэрамі беларусаў, мы даведаемся толькі на практыцы.

Вынясенне рашэння можа заняць ад некалькіх месяцаў да паўгода і даўжэй. Усё будзе залежаць ад загрузкі судовых выканаўцаў. Калі будзе сігнал зверху, што справа прыярытэтная, усё будзе хутчэй, калі не, то разгляд справаў можа цягнуцца доўга.

Але ў будучыні гэта мае быць падставай для выплаты ўласнікам кампенсацыі ад службовых асобаў».

З чаго ўсё пачалося

У сакавіку 2024 года Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу на прадстаўнікоў аб’яднанняў беларусаў за мяжой – «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа». Іх абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім.

Тады ў СК заявілі, што сілавікі маюць інфармацыю пра больш як сто прадстаўнікоў «радыкальных дыяспараў». Таксама нібыта былі ўстаноўленыя «больш за 30 аб’ектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам» на тэрыторыі Беларусі.

«Следчымі будуць прынятыя ўсе, без выключэння, меры, накіраваныя на прыцягненне вінаватых да адказнасці і кампенсацыі імі шкоды, у тым ліку ў рамках працэдуры спецыяльнай вытворчасці», – заявілі ў СК.

У сярэдзіне траўня СК заявіў, што дадаў у спіс падазраваных у справе «беларусаў замежжа» яшчэ 104 прозвішчы, – гэта людзі, якія бралі ўдзел у святкаванні Дня Волі 25 сакавіка 2024 года за мяжой. У прыватнасці, у вулічных акцыях на тэрыторыі Варшавы, Вільні, Вроцлава, Беластоку, Бруселю, Батумі, Прагі, Каліфорніі, Філадэльфіі і г. д.

Іх прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім, а таксама аб дыскрэдытацыі Беларусі. «Спіс пастаянна папаўняецца», – заявілі ў СК.

Уключаных у спіс таксама прыстрашылі арыштам маёмасці і спецвытворчасцю з кампенсацыяй стратаў.

У Беларусі ўжо прайшоў шэраг такіх спецыяльных вытворчасцяў супраць людзей, якія зʼехалі з краіны. У асуджаных такім чынам могуць канфіскоўваць маёмасць. Пад спецвытворчасць у Беларусі трапілі, напрыклад, прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна, журналіст і аналітык радыё «Свабода» Юрый Дракахруст, палітыкі Вераніка Цапкала і Вольга Карач, а таксама шэраг экспертаў, актывістаў, палітыкаў, праваабаронцаў.

Hавiны
«Знайшлі брата і прыйшлі да яго». Што вядома пра ператрусы ў беларусаў, якія з’ехалі за мяжу?
2024.05.18 19:44

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў