Еўрапейскі суд прызнаў законнымі санкцыі супраць «Белавія» і пакінуў іх у сіле


Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі ў Люксембургу разгледзеў пазоў авіякампаніі «Белавія» супраць Рады ЕЗ, у якім кампанія патрабавала зняць з яе санкцыі і называла іх беспадстаўнымі. Суд прызнаў санкцыйныя абмежаванні законнымі, пакінуў іх у сіле і пастанавіў, што беларускі авіяперавозчык павінен сплаціць судовыя выдаткі.

Самалёт Boeing 737-800 у парку «Белавія».
Фота: holiday.by

«Белавія» ў сваім пазове патрабавала адмяніць выканаўчае рашэнне Рады Еўразвязу датычна абмежавальных мераў да яе. Беларуская авіякампанія ў пазове пазначыла, што Рада Еўразвязу дапусціла «відавочную» памылку ў ацэнцы і не выканала стандарт даказвання, што, на меркаванне авіякампаніі, стала наступствам таго, што Рада ЕЗ абапіралася на некарэктныя з фактычнага гледзішча звесткі.

Авіякампанія падала Радзе падрабязную інфармацыю, якая, як сцвярджаецца, абвяргае звесткі, на падставе якіх яна была ўключаная ў санкцыйныя спісы. Таксама «Белавія» сцвярджала, што Еўрапейскі суд не прытрымліваўся стандарту даказвання, неабходнага для прыняцця індывідуальных санкцыяў.

«Белавія» трапіла ў санкцыйны спіс Еўразвязу ў снежні 2021 года. Рашэнне было абгрунтаванае тым, што пасля забароны беларускаму авіяперавозчыку палётаў у паветранай прасторы ЕЗ Лукашэнка дамовіўся з Пуціным аб адкрыцці новых маршрутаў. Таксама ў абгрунтаванні санкцыяў казалася пра забарону авіякампаніі сваім працаўнікам удзельнічаць у паслявыбарчых пратэстах. Рада ЕЗ звяртала ўвагу на тое, што «Белавія» спрыяе дастаўцы мігрантаў у Беларусь.

Агляд
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў
2024.03.13 16:54

Авіякампанія накіравала заяву ў суд Еўразвязу на пачатку сакавіка 2022 года, слуханні аб ёй адбыліся ў кастрычніку 2023 года.

«Белавія» заяўляла, што іншыя авіякампаніі таксама перавозілі ў Беларусь замежнікаў, якія потым спрабавалі нелегальна трапіць у Еўразвяз. Суд, аднак, палічыў гэты аргумент непераканаўчым, бо было даказана, што менавіта беларуская авіякампанія перавозіла мігрантаў з краінаў Блізкага Усходу, якія потым нелегальна пераходзілі праз мяжу Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.

Еўрапейскі суд адзначыў, што доказаў таго, што «Белавія» спрыяла рэжыму Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі, дастаткова, і адхіліў пазоў авіякампаніі і абавязаў яе кампенсаваць судовыя выдаткі.

Аб’ектыў
Першы беларускі самалёт будзе каштаваць каля 6 мільёнаў долараў
2024.05.27 20:39

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў