Польшча дазволіла Украіне прымяняць яе зброю для ўдараў па Расеі


Польшча дазволіла Украіне прымяняць зброю, якую яна пастаўляе, для ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі Расеі. Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка польскага Міністэрства абароны Цэзарый Томчык у эфіры Radio Zet.

Вайна ва Украіне
Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

«На польскую зброю, якую мы пастаўляем Украіне, няма такіх абмежаванняў», – сказаў ён.

Напярэдадні, 28 траўня, Цэзарый Томчык заявіў у Бруселі, што Украіна павінна мець права выкарыстоўваць заходнюю зброю для паразы цэляў у Расеі.

«Расея сёння робіць што хоча, а Украіну чамусьці абмяжоўваюць некаторыя краіны. Гэтаму трэба пакласці канец. Пазіцыя Польшчы зразумелая: ва Украіны павінна быць магчымасць ваяваць той зброяй, якую яна атрымлівае, ніякіх пярэчанняў з боку Польшчы не будзе», – сказаў тады ён.

28 траўня прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон таксама заявіў, што Украіне неабходна даць права «нейтралізаваць» ваенныя базы, з якіх па яе тэрыторыі запускаюцца расейскія ракеты. Пры гэтым, паводле яго, у ЗСУ не павінна быць права паражаць іншыя мэты на тэрыторыі Расеі.

Раней урад Вялікай Брытаніі таксама зняў забарону на выкарыстанне брытанскай зброі ўнутры Расеі.

«Ва Украіны ёсць на гэта права. Паколькі Расея наносіць удары па тэрыторыі Украіны, можна зразумець, чаму Украіна адчувае неабходнасць паклапаціцца аб сваёй абароне», – заявіў міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран падчас візіту ў Кіеў.

У Белым доме таксама абмяркоўваюць магчымасць аслабіць забарону ЗСУ біць амерыканскай зброяй па ваенных абʼектах на тэрыторыі Расеі. Як паведаміла The New York Times, дэбаты ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША пачаліся з ініцыятывы дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена пасля таго, як ён зʼездзіў у Кіеў.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг лічыць, што краіны – саюзнікі ў ваенным альянсе таксама павінны дазволіць Украіне выкарыстоўваць зброю для нанясення ўдараў па ваенных абʼектах у Расеі.

Hавiны
«Час прыйшоў»: генеральны сакратар NATO заклікаў дазволіць Украіне біць заходняй зброяй па РФ
2024.05.25 08:50

З крытыкай ідэй Стольтэнбэрга выступіла Італія. Так, прэм’ер-міністр краіны Джорджа Мэлёні пасля заявы генсека NATO заклікала іншыя краіны «быць вельмі асцярожнымі». А віцэ-прэмʼер Італіі Матэа Сальвіні заявіў, што аб зняцці забароны «не можа быць і гаворкі».

Як сцвярджае The Washington Post, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн гатовы перагледзець сваю пазіцыю ў сувязі з паспяховым наступам Расеі ва Украіне. Выданне адзначае, што верагодны дазвол Украіне біць амерыканскай зброяй па Расеі можа прывесці да эскалацыі канфлікту і абгрунтоўваецца «ўразлівасцю Украіны на полі бою».

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў