«Самая дзёрзкая атака»: што азначае ўдар па аэрадромах у Энгельсе і Дзягілеве


5 снежня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі расейскія аэрадромы ў Саратаўскай і Разанскай вобласцях. Падзея беспрэцэдэнтная: упершыню мішэнню ЗСУ сталася база стратэгічнай авіяцыі РФ, і ўпершыню гаворка пра настолькі глыбокі тыл. Belsat.eu разбіраўся, што адбылося ў Энгельсе і Дзягілеве ды якія наступствы гэта будзе мець.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стратэгічныя бамбавік Ту-95.
Фота: Olga Sokolova / Russian Look / Forum

Раніцаю 5 снежня стала вядома пра выбухі на базе стратэгічнай авіяцыі ў горадзе Энгельс у Саратаўскай вобласці і ў Дзягілеве Разанскай вобласці. Пазней у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што аэрадромы былі атакаваныя ўкраінскімі беспілотнікамі на малой вышыні. Два стратэгічныя бамбавікі Ту-95 атрымалі пашкоджанні. Трое расейскіх вайскоўцаў загінулі, чацвёра атрымалі раненні. Паведамлялі, што на базе ў Дзягілеве выбухнуў бензавоз.

Афіцыйны Кіеў не ўзяў на сябе адказнасці за інцыдэнты на расейскіх аэрадромах. Але прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў каментавалі гэтыя здарэнні з непрыхаваным сарказмам, які не пакідае сумневаў у тым, што за атакаю стаялі ЗСУ.

«Калі вельмі часта запускаць нешта ў паветраную прастору іншых краінаў, рана ці позна невядомыя лятальныя абʼекты вернуцца да месца вылету», – напісаў у Twitter дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк.

Выданне «The New York Times» са спасылкаю на высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка адзначыла, што Украіна 5 снежня «ажыццявіла сваю самую дзёрзкую атаку на расейскую тэрыторыю за дзевяць месяцаў вайны».

Значэнне атакі 5 снежня

Атакі на Энгельс і Дзягілева маюць каласальнае ваенна-палітычнае значэнне. Энгельс – галоўная база стратэгічнай авіяцыі РФ, гэта частка расейскай ядравай «трыяды». Там базуюцца 121-ы і 184-ы цяжкія бамбавальныя авіяпалкі з самалётамі Ту-95 і Ту-160, яны рэгулярна наносілі ракетныя ўдары па Украіне. Дзягілева таксама выкарыстоўваўся для перадыслакацыі стратэгічнай авіяцыі.

Пры гэтым абедзве базы размешчаныя ў глыбокім тыле: Разанская і Саратаўская вобласці нават не мяжуюць з Украінай. Энгельс месціцца за 700 км ад лініі фронту, Дзягілева – за 500 км. 

Усё гэта выглядае як дэманстрацыя ваеннай слабасці Расеі. Атрымліваецца, што некаторыя элементы расейскага «ядравага шчыта» ўдалечыні ад фронту аказаліся ўразлівыя для ўкраінскіх беспілотнікаў – прычым беспілотнікаў, як сцвярджаюць у Маскве, яшчэ савецкай вытворчасці. Брытанская выведка назвала гэта адным з найбольш стратэгічна значных расейскіх правалаў у ахове вайсковых абʼектаў з пачатку вайны ва Украіне.

«Гэтыя выбухі прыцягнулі ўвагу да праблемы недастатковай супрацьпаветранай абароны стратэгічна важных абʼектаў у расейскім тыле. Колькасць комплексаў супрацьпаветранай абароны не бясконцая, расейскія вайскоўцы ўжо вывозілі іх з Сірыі і перакідвалі з іншых участкаў мяжы. Робіцца відавочна, што эфектыўна закрыць неба над усімі стратэгічна важнымі абʼектамі не атрымліваецца», – адзначаюць у аглядзе аналітыкаў «Conflict Intelligence Team».

Але гаворка не толькі пра сімвалічнае значэнне падзеяў 5 снежня. Паводле амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), Украіна такім чынам прадэманстравала здольнасць наносіць удары па расейскіх тылах і, магчыма, здолее цяпер сарваць расейскую кампанію бамбавання ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Авіябаза ў Энгельсе.
Фота: ІА «Версия-Саратов»

Пакуль даволі цяжка дакладна ацаніць маштабы матэрыяльна-тэхнічных стратаў у выніку ўкраінскай атакі 5 снежня, аднак яны наўрад ці былі крытычныя для Расеі. Самі па сабе гэтыя выбухі не маглі прывесці да поўнага знішчэння авіябазаў і ўсіх самалётаў на іх: некалькі беспілотнікаў проста не валодалі дастатковым баявым ладункам для гэтага. Але Расея цяпер мусіць улічваць, што гэтыя аэрадромы зноў могуць стаць мішэнню ЗСУ. Імаверна, гэта прымусіць расейскае камандаванне разгрупаваць сваю стратэгічную авіяцыю па запасных аэрадромах, што ў перспектыве створыць ім дадатковыя цяжкасці пры вядзенні вайны ва Украіне.

«Яны павінны думаць, дзе ім цяпер базавацца, калі ёсць такая пагроза. Яны адчувалі сябе бяспечна на аддаленых аэрадромах. Думалі, што адплата ў выглядзе «бавоўны» не прыйдзе. Але яна прыходзіць, і ўсё часцей», – заявіў прадстаўнік камандавання Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат у каментары LIGA.net.

Пры гэтым сілаў супрацьпаветранай абароны ў Расеі недастаткова, каб цалкам закрыць неба на ўсіх кірунках.

«Гэта сурʼёзная праблема для расейскага Міністэрства абароны, з якою трэба нешта рабіць. Усе варыянты для Расеі дрэнныя. Пакідаць уразлівымі ўсе гэтыя базы ці частку супрацьпаветранай абароны зняць з фронту і вывезці ў тыл», – падкрэсліў кіраўнік «Conflict Intelligence Team» Руслан Левіеў.

Даведка
Мапа атакі дронаў па расейскіх вайсковых абʼектах. Крыніца: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Галоўны рэдактар «Defense Express», вайсковы эксперт Алег Каткоў лічыць, што ўкраінскія атакі 5 снежня паводле важнасці можна параўнаць са знішчэннем крэйсера «Масква» або ўдарам па Севастопальскай бухце: «Гэта сэрца стратэгічнай авіяцыі РФ. Падобных авіябазаў у Расеі не так шмат. Тое, што там здарылася, вельмі важна».

Выбухі ў Энгельсе і Дзягілеве таксама выклікалі хвалю абурэння з боку мілітарысцкіх Z-каналаў: яны крытыкуюць вайсковае кіраўніцтва за няздольнасць абараніць стратэгічна важныя аэрадромы. Некаторыя ваенныя карэспандэнты пісалі, што гэтыя атакі даюць Расеі падставы выкарыстаць ядравую зброю.

Міністэрства абароны РФ пастаралася змякчыць эфект ад свайго правалу. Там падкрэслівалі, што ўкраінскія беспілотнікі нібыта былі паспяхова знішчаныя сіламі паветранай абароны, а смерці вайскоўцаў і пашкоджанні самалётаў сталіся вынікам падзення абломкаў.

Чым ударыла Украіна?

Афіцыйна ЗСУ не маюць узбраення, здольнага біць на адлегласць 500–700 км. Існуюць дзве асноўныя версіі, што гэта магло быць.

Паводле першай, ЗСУ выкарысталі новая распрацоўку «Украбаронпраму» – боепрыпас, што баражуе, або дрон-камікадзэ. Ва «Украбаронпраме» раней заяўлялі пра выпрабаванні засакрэчанага беспілотніка з дальнасцю палёту да 1000 км, здольнага несці 75-кілаграмовую боегалоўку. Пасля выбухаў у Энгельсе і Дзягілеве на выкарыстанне новай украінскай распрацоўкі намякнуў кіраўнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталій Кім.

Нямецкі OSINT-аналітык «Tendar» апублікаваў мапу, на якой паказаў, куды тэарэтычна можа даляцець дрон з радыусам 1000 км. Крыніца: Tendar / Twitter

Калі новыя ўкраінскія беспілотнікі сапраўды маюць радыус дзеяння 1000 км, то гэта стане фактарам, які можа істотна паўплываць на характар баявых дзеянняў. У тым ліку такі дрон цалкам пакрывае ўсю тэрыторыю Беларусі, што асабліва важна з улікам пагрозы з’яўлення беларускага фронту.

Аналітыка
Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?
2022.12.05 17:49

Паводле другой версіі, ЗСУ нанеслі ўдар мадэрнізаваным савецкім БПЛА ТУ-141 «Стрыж». Яго распрацавалі ў 1970-х гадах як выведны беспілотнік. Але тэарэтычна ён можа выкарыстоўвацца і як ракета: ён здольны несці да 150 кг грузаў і лётаць на адлегласць да 1000 км. Менавіта пра выкарыстанне беспілотнікаў савецкай вытворчасці кажа расейскі бок. З гэтым пагаджаецца ўкраінскае спецыялізаванае выданне «Defense Express».

Паводле «The New York Times», дапамагалі скіраваць беспілотнікі на цэлі ўкраінскія спецназаўцы каля расейскіх базаў. Але самі дроны запускаліся з тэрыторыі Украіны.

Пакуль невядома, ці валодае ЗСУ дастатковымі рэсурсамі, каб рэгулярна наносіць удары ўглыб расейскай тэрыторыі на сотні кіламетраў. Але гэта дакладна была не апошняя атака. На наступны дзень пасля атакі Энгельса і Дзягілева, 6 снежня, стала вядома пра выбухі на аэрадроме ў Курскай вобласці. Губернатар Раман Старавойт заявіў, што ў выніку атакі беспілотнікаў загарэўся нафтаназапашвальнік. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. 

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў