Навошта ладзіўся прарыў у Белгародскую вобласць і ці можа сітуацыя паўтарыцца ў Беларусі?


Раніцай 22 траўня на тэрыторыю Грайваронскага раёну Белгародскай вобласці з тэрыторыі Украіны прарваўся дыверсійны атрад, у выніку чаго цягам дня адбываліся баі ў раёне паселішчаў Грайваран, Дронаўка, Глотава, Казінка і Гора-Падол. Агулам баявыя дзеянні ў рэгіёне ахапілі тэрыторыю 30 квадратных кіламетраў. Расейскія сілавікі не здолелі разбіць невялікі дыверсійны атрад цягам 22 траўня і толькі ў другой палове дня 23 сакавіка абвесцілі пра сваю перамогу. Belsat.eu тлумачыць, хто стаіць за гэтай аперацыяй, навошта гэта Украіне і якія наступствы могуць мець падзеі ў Белгародскай вобласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Легион «Свобода России» / Telegram

Хто правеў аперацыю

Адказнасць за рэйд у Белгародскай вобласці ўзялі на сябе «Расейскі добраахвотніцкі корпус» (РДК) і легіён «Свабодная Расея», якія ваююць на баку Украіны. РДК складаецца пераважна з расейскіх палітэмігрантаў, якія прытрымліваюцца правакансерватыўных і традыцыяналісцкіх поглядаў.

Дакладная колькасць фармаванняў не вядомая, але са словаў саміх байцоў – у РДК і Легіён уваходзіць у кожны пара соцень чалавек. Праўда, непасрэдна ў прарыве ў Белгародскую вобласць, найхутчэй, удзельнічала нашмат менш добраахвотнікаў.

Раней, 2 сакавіка, РДК ужо адзначыўся дыверсійным рэйдам у Бранскую вобласць, але тады расейскія сілавікі даволі хутка прымусілі добраахвотнікаў адступіць.

Фармальна ўлады Украіны адмаўляюць сваю датычнасць да рэйду ў Белгародскую вобласць (як раней адмаўлялі датычнасць да рэйду на Браншчыну). Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк заявіў, што «Украіна з цікавасцю назірае за падзеямі і вывучае сітуацыю, але не мае да яе непасрэднага дачынення». Ён падкрэсліў, што падзеі ў Белгародскай вобласці – праява партызанскага руху ў Расеі, а «танкі прадаюцца ў любым расейскім ваенгандлі».

Прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў назваў мэтай аперацыі «стварэнне паласы бяспекі для абароны цывільных украінцаў» і вітаў дзеянні расейскіх добраахвотнікаў. Пры гэтым у каментары CNN Юсаў адзначыў, што расейцы, якія перайшлі мяжу, «частка сілаў абароны Украіны», але «дзейнічаюць самастойна».

Сур’ёзна ставіцца да такіх тлумачэнняў вельмі цяжка. Магчыма, атрад, што зладзіў рэйд у Белгародскую вобласць, сапраўды складаецца выключна з грамадзянаў РФ. Аднак РДК і легіён «Свабода Расеі» знаходзяцца на службе Украіне, яны цалкам узброеныя Украінай і прарываліся ў РФ з украінскай тэрыторыі. Таму пра самастойнасць расейскіх добраахвотнікаў казаць тут не выпадае. Камандзір батальёну «Азоў-Днепр» Радзівон Кудрашоў у інтэрв’ю Radio NV патлумачыў, што РДК ёсць «пад поўным кантролем генерала Буданава [кіраўнік ГУР] і кіруецца ягонымі загадамі».

Што датычыць словаў пра «танкі з ваенгандлю» – то гэта відавочны тролінг, намёк на практыку 2014–2015 гадоў, калі Расея вяла вайну супраць Украіны пад выглядам мясцовых «апалчэнцаў». То бок украінскі бок каментуе сітуацыю такім чынам, каб усе дэ-факта разумелі, хто гэта робіць. Але дэ-юрэ афіцыйны Кіеў ні ў чым не прызнаецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Легион «Свобода России» / Telegram

Чаму ўлады Украіны абралі менавіта такую лінію паводзінаў у інфармацыйным полі? Прычынаў, імаверна, дзве. З аднаго боку, версія з самастойным партызанскім рухам можа быць больш карыснай з гледзішча дэстабілізацыі сітуацыі ў Расеі і распальвання антыпуцінскага супраціву. З іншага боку, Кіеў хоча пазбегнуць негатыўнай рэакцыі грамадскасці на Захадзе, бо саюзнікі афіцыйна не падтрымліваюць правядзення аперацыяў на тэрыторыі РФ.

Навошта гэта Украіне?

Легіён «Свабоду Расеі» і РДК у сваіх паведамленнях заяўляюць, што займаюцца вызваленнем Белгародскай вобласці і што краіна «саспела для пераменаў». Аднак насамрэч пра кантроль над расейскай тэрыторыяй не можа ісці гаворкі. Атрад добраахвотнікаў, што прарваўся ў Белгародскую вобласць, занадта маленькі для такіх маштабных задачаў, а разлічваць на паўстанне ў самой Расеі цяпер не выпадае. Выцісканне РДК і Легіёну з расейскай тэрыторыі было пытаннем часу. Таму ніякага штурму Белгараду або стварэння «Белгародскай народнай рэспублікі» не магло быць нават у тэорыі.

Задачы аперацыі ў Белгародскай вобласці былі іншыя.

Па-першае, гэты рэйд мае вялізарнае палітычнае і маральна-псіхалагічнае значэнне. Расейскія ўлады не проста не здолелі спыніць дыверсантаў на мяжы (хоць на будаванне лініі абароны ў Белгародскай вобласці было выдаткавана 10 млрд рублёў), але цягам двух дзён не маглі разбіць невялічкі атрад і аднавіць кантроль над уласнай тэрыторыяй. Такія аперацыі наносяць разбуральны ўдар па аўтарытэце Пуціна, дэманструюць неэфектыўнасць і некампетэнтнасць ягонага рэжыму. Усё гэта можа прывесці да росту панічных настрояў, разгубленасці і ўнутранай напружанасці ў РФ, у чым Украіна, безумоўна, зацікаўленая.

Па-другое, такія аперацыя закліканая адцягваць увагу і рэзервы расейцаў ад іншых участкаў фронту, дзе можа быць нанесены галоўны ўдар падчас контрнаступу ЗСУ.

Самае цікавае, што падобная тактыка ўкраінцаў наўрад ці магла быць сюрпрызам для расейскага камандавання. У мілітарысцкіх Z-каналах ужо некалькі тыдняў абмяркоўваецца, што ЗСУ ў межах падрыхтоўчай фазы контрнаступу будзе ладзіць удары дзеля адцягвання ўвагі ў памежных раёнах і нават спрабаваць захапіць некаторыя расейскія паселішчы. Аднак улады чамусьці ўсё роўна аказаліся да гэтага не гатовыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Легион «Свобода России» / Telegram

Імаверна, украінскае камандаванне разлічвае на тое, што цяпер расейцы будуць вымушаныя вылучыць больш сілаў на ахову памежных тэрыторыяў у Белгародскай, Курскай і Бранскай вобласцях, каб не дапусціць новых разбуральных рэйдаў з боку Украіны. Паводле звестак крыніцаў РБК-Украіна, расейскае камандаванне цяпер прымае рашэнне аб перакідванні ў Белгародскую вобласць 3-й мотастралковай дывізіі з раёну Макееўкі (Данбас).

Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) канстатуе, што ў выпадку паўтарэння паспяховых прарываў праз расейскую мяжу «на парадак дня ўстае непазбежнае стварэнне па гэтай мяжы суцэльнага фронту, які давядзецца запаўняць аднекуль узятымі агульнавайсковымі часткамі і злучэннямі УС РФ».

Якія наступствы гэта будзе мець для РФ і Украіны

Брытанская выведка ў чарговым аглядзе адзначае, што Расея амаль напэўна будзе выкарыстоўваць апошнія падзеі для падтрымання афіцыйнай версіі аб тым, што яна нібыта ёсць ахвярай у цяперашнім канфлікце. Хутчэй за ўсё, так і будзе. Аднак наўрад ці падзеі ў Белгародскай вобласці здольныя выклікаць патрыятычны ўсплёск, мабілізаваць грамадства або справакаваць Крэмль на радыкальныя крокі.

Папярэднія 15 месяцаў вайны паказалі, што большасць расейцаў мала цікавіць тое, што адбываецца на ўскраінах іхнай дзяржавы. Паводле афіцыйных звестак, толькі за першыя 11 месяцаў канфлікту ад абстрэлаў пацярпелі 168 мірных жыхароў памежных тэрыторыяў РФ, 36 з іх загінулі (у асноўным якраз у Белгародскай вобласці). Пры гэтым няма падставаў казаць, што гэтыя абстрэлы (як і розныя дыверсіі і атакі беспілотнікаў у глыбіні расейскай тэрыторыі) прывялі да росту ваяўнічых настрояў у грамадстве.

Крэмль у сваю чаргу хутчэй схільны замяць ганебны для сябе эпізод, замест таго, каб будаваць на ім вялікую прапагандысцкую кампанію. Ніякіх надзвычайных паседжанняў Савету бяспекі Пуцін не склікаў і з надзвычайнымі заявамі не выступаў. За два дні ўся рэакцыя расейскага кіраўніцтва, фактычна, звялася да выказвання «глыбокай занепакоенасці», што выглядае вельмі недарэчна.

Разам з тым, цікава, ці будуць мець наступствы апошнія падзеі для стасункаў Украіны і яе саюзнікаў, якія вельмі асцярожна ставяцца да аперацыяў на тэрыторыі РФ. Першая рэакцыя Вашынгтону на падзеі ў Белгародскай вобласці паказвае, што сам факт рэйду быў сустрэты з паразуменнем. Паводле прадстаўніка Дзярждэпартаменту Мэт’ю Мілера, ЗША «выразна далі зразумець украінцам», што «не заахвочваюць» ўдараў па тэрыторыі Расеі, аднак Украіна мае права вырашаць, якім чынам яна хоча праводзіць ваенныя аперацыі. «Агрэсарам у гэтай вайне ёсць Расея», – нагадаў ён.

Аднак у гэтай гісторыі ёсць і больш далікатны момант – магчымае выкарыстанне заходняй зброі. Расейскі бок сцвярджае, што падчас баёў у Белгародскай вобласці нібыта быў захоплены амерыканскі БТР «MaxxPro», на якім перасоўваліся байцы РДК і Легіёну. Пакуль пацверджання інфармацыі з незалежных крыніцаў няма. Аднак калі гэта не фэйк, то гэта непрыемная навіна для Кіева. Вядома, што галоўнай умовай перадачы Украіне новых відаў заходняга ўзбраення быў абавязак не выкарыстоўваць яго на тэрыторыі РФ. Калі высветліцца, што рэйд у Белгародскую вобласць праводзіўся на амерыканскай тэхніцы, то на Захадзе праціўнікі паставак новага ўзбраення атрымаюць дадатковы козыр.

Ці можа Украіна правесці аналагічны рэйд у памежных раёнах Беларусі?

Рэжым Лукашэнкі пабудаваў на гэтым гіпатэтычным сцэнары цэлую прапагандысцкую кампанію. У кастрычніку 2022 года старшыня КДБ Іван Церцель палохаў беларусаў тым, што з тэрыторыі Украіны могуць зайсці 100–300 «баевікоў», якія нібыта захопяць райцэнтр і будуць выкарыстоўваць яго як плацдарм для далейшага наступу ў Беларусі. Гэты сюжэт быў адлюстраваны ў вучэннях, якія МУС арганізавала ў Ельцы, недалёка ад мяжы з Украінай. Міністэрства абароны Беларусі ў кастрычніку заявіла, што для перадухілення прарыву дыверсантаў пад ахову былі ўзятыя масты, пераезды, чыгуначныя пуці, абсталяваныя пазіцыі для стральбы са стралковай зброі і вайсковай тэхнікі. Блокпасты вайскоўцаў былі выстаўленыя ў памежных раёнах Гомельшчыны і Берасцейшчыны.

Умацоўваць мяжу рэжым Лукашэнкі працягвае і цяпер. У траўні 2023 года з’явілася інфармацыя, што за 20 км ад мяжы з Украінай пачалі ўсталёўваць супрацьтанкавыя ўмацаванні – так званыя «зубы цмока» (якія, праўда, зусім не дапамаглі ў Белгародскай вобласці). Такім чынам, улады Беларусі вельмі сур’ёзна ставіліся да пагрозы такіх рэйдаў яшчэ задоўга да падзеяў 22–23 траўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэкрут палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Цыліндр».
Фота: Белсат

Прычым тэарэтычна падставаў для хвалявання ў рэжыму Лукашэнкі нават больш, чым у Пуціна. РДК і Легіён усё ж застаюцца даволі маргінальнай з’явай у палітычным сэнсе: расейская апазіцыя (за выключэннем экс-дэпутата Іллі Панамарова) адхрышчваецца ад гэтых фармаванняў, а самі добраахвотнікі маюць даволі спрэчную рэпутацыю прыхільнікаў ультраправых поглядаў. Вельмі цяжка ўявіць, каб у сённяшніх умовах «РДК» і Легіён сапраўды сталі рухавіком пераменаў у РФ і аб’ядналі вакол сябе грамадства (нават тую частку, што ў апазіцыі да Крамля).

Полк Каліноўскага – іншая рэч. Каліноўцы маюць легітымнасць ў вачах і беларускіх палітыкаў, і шараговых прыхільнікаў пераменаў, – шмат хто з іх успрымае добраахвотнікаў як сапраўдных герояў Беларусі. Таму беларускія добраахвотнікі (адрозна ад расейскіх) могуць разлічваць на падтрыманне насельніцтва ў выпадку «вызваленчага паходу».

Аднак гэта выключна гіпатэтычныя развагі: цяпер для такіх аперацыяў няма ні палітычных, ні ваенных перадумоваў. Украіна не хоча справакаваць афіцыйны Менску на ўступленне ў вайну, а самі каліноўцы патрэбныя на фронце супраць Расеі. Таму сцэнар з рэйдам у памежныя раёны Беларусі можа быць зрэалізаваны толькі ў тым выпадку, калі Лукашэнка сам вырашыць адкрыць «другі фронт» або прынамсі зноў даць беларускую тэрыторыю для расейскага наступу на Кіеў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў