Мінабароны РФ заявіла аб «разгроме» ўкраінскіх дыверсантаў у Белгародскай вобласці


Дыверсанты, якія ўварваліся 22 траўня ў Белгародскую вобласць, «заблакаваныя і разгромленыя», сцвярджае расейскае Міністэрства абароны. Паводле інфармацыі ведамства, было ліквідавана 70 «украінскіх нацыяналістаў», якія ўварваліся на тэрыторыю Расеі.

Расейскае вайсковае ведамства сцвярджае, што разграміць дыверсантаў падчас контртэрарыстычнай аперацыі ўдалося агнём артылерыі, ударамі авіяцыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў Заходняй вайсковай акругі.

«Рэшткі дыверсійна-разведвальнай групы ЗСУ адкінутыя на ўкраінскую тэрыторыю, дзе па іх працягвалася нанясенне агнявога паражэння да поўнага разгрому. Ліквідавана больш за 70 тэрарыстаў з Украіны, 4 баявыя бронемашыны і 5 пікапаў», – заяўляюць у Міністэрстве абароны Расеі.

Гэта першая заява ведамства аб тым, што адбылося ў Белгародскай вобласці, дзе з учарашняга дня ішлі баі.

Таксама некаторыя расейскія тэлеграм-каналы напісалі аб перакідванні ў найбліжэйшае да КПП «Грайварон» сяло Козінка ўкраінскіх памежнікаў, байцоў тэрытарыяльнай абароны і вайсковых падраздзяленняў.

Нагадаем, 22 траўня ўкраінскія дыверсанты здзейснілі атаку на Белгародскую вобласць, у выніку чаго кіраўнік рэгіёну Вячаслаў Гладкоў увёў рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Прадстаўнік ГУР Украіны Андрэй Юсаў пацвердзіў, што ў Белгародскую вобласць зайшлі байцы «Расейскага добраахвотніцкага корпусу» і легіёну «Свабода Расеі» (абедзве арганізацыі прызнаныя ў РФ тэрарыстычнымі і забароненыя).

Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу паводле шасці артыкулаў з нагоды «нападу на населеныя пункты Белгародскай вобласці».

Таксама з вечара 22 траўня з прыгранічных вёсак Козінка і Глотава Белгародскай вобласці, якія зазналі напад дыверсантаў, вывезлі каля 100 чалавек, паведаміў кіраўнік расейскага рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. Паводле яго, 12 чалавек былі параненыя.

Агляд
Атака на Белгародчыну. Падсумоўваем вядомае на раніцу 23 траўня
2023.05.23 11:38

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў