Атака на Белгародчыну. Падсумоўваем вядомае на раніцу 23 траўня


Ранкам 22 траўня дыверсійна-выведныя групы ў складзе байцоў Расейскага добраахвотніцкага корпусу і легіёну «Свобода России» перайшлі ўкраінска-расейскую мяжу і атакавалі КПП «Грайваран» у Белгародскай вобласці, пасля чаго баявыя дзеянні перамясціліся на суседнія населеныя пункты РФ. «Белсат» у храналагічным парадку падсумаваў вынікі баёў у Расеі станам на раніцу 23 траўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Легион «Свобода России» / Telegram

Напярэдадні атакі тэлеграм-канал «Русский Добровольческий Корпус» выклаў кароткія відэа са сваймі вайскоўцамі на фоне табліцаў з назвамі памежных населеных пунктаў Белгародскай вобласці РФ. У сваю чаргу легіён «Свобода России» апублікаваў зварот да жыхароў Расеі, у якім заявіў пра сваё вяртанне на тэрыторыю краіны.

Пасля 11-й гадзіны раніцы 22 траўня з’явіліся паведамленні пра знішчэнне памежнага пункту ў Белгародскай вобласці. Пазней высветлілася, што гаворка ідзе пра КПП «Грайваран» у аднайменным раёне.

Адразу пасля абстрэлу на памежны пераход зайшла калона тэхнікі ў складзе двух танкаў, аднаго БТР і дзевяці браняваных машынаў. Пасля захопу КПП калона высунулася далей углыб тэрыторыі Расеі.

Мясцовы губернатар Вячаслаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале напісаў пра абстрэлы гораду Грайваран і суседніх населеных пунктаў, але атакі на КПП не ўзгадаў.

Адразу пасля гэтага тэлеграм-канал «SHOT» напісаў пра баі з украінскай ДВГ у памежнай вёсцы Дронаўка ў Белгародскай вобласці. Пазней высветлілася, што звесткі пра атаку на гэты населены пункт былі інфармацыйным укідам. Імаверна, гэта было зроблена для адцягвання ўвагі расейцаў ад месца рэальнага ўдару.

Бліжэй да 14-й гадзіны легіён «Свобода России» заявіў пра захоп сяла Казінка ў Грайваронскім раёне (сяло месціцца каля памежнага пераходу). Таксама ў легіёне заявілі пра ўваходжанне перадавых атрадаў у сам райцэнтр.

Толькі а 14:20 Вячаслаў Гладкоў заявіў пра дыверсійна-выведныя групы ЗСУ на тэрыторыі Грайваронскага раёну. Паводле губернатара, Узброеныя сілы РФ разам з памежнай службай прымалі неабходныя захады для ліквідацыі праціўніка.

Праз гадзіну ў легіёне «Свобода России» паведамілі пра захоп яшчэ аднаго сяла – Гара-Падол – і пачатак штурму гораду Грайваран.

Агулам на той момант пад кантролем дыверсантаў былі населеныя пункты Казінка, Глотава і Гара-Падол (усе тры паселішчы размешчаныя шчыльна адно да аднаго па дарозе ад КПП «Грайваран» да аднайменнага райцэнтру).

Пасля 16-й гадзіны тэлеграм-канал «Baza» паведаміў, што мясцовыя ўлады запусцілі ў рэгіёне план «Эдэльвейс», які прадугледжвае збор усяго асабовага складу МУС «для спынення злачынстваў тэрарыстычнага характару».

Праз дзве гадзіны губернатар Гладкоў напісаў пра ўвядзенне ў Белгародскай вобласці рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі.

Пазней Гладкоў паведаміў, што большая частка насельніцтва атакаваных вёсак і гораду Грайваран пакінула тэрыторыю баявых дзеянняў.

А 18:30 тэлеграм-канал «Baza» напісаў, што ДВГ адкінутая ад гораду Грайваран, баі перамясціліся ў сёлы Казінка і Глотава.

А 01:30 ночы 23 траўня тэлеграм-канал «Рыбарь» напісаў, што баі ў абодвух населеных пунктах працягваюцца. Адначасова з гэтым крыніца адзначыла засяроджанне сілаў ЗСУ ў памежных населеных пунктах Харкаўскай вобласці Украіны.

Станам на вечар 22 траўня прарасейскія крыніцы заявілі пра ліквідацыю 39 дыверсантаў і ўзяцце ў палон яшчэ пяцёх. Таксама было вядома пра восем пацярпелых сярод цывільнага насельніцтва, загінулых няма.

Ранкам 23 траўня губернатар Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што баі на тэрыторыі Грайваронскага раёну працягваюцца.

ТМ belsat.eu

Стужка навінаў