Прадстаўнікі палка Каліноўскага распавялі пра сваё бачанне Беларусі без Лукашэнкі


Вадзім Кабанчук і палітычны прадстаўнік палка Каліноўскага Зміцер Шчыгельскі прысвяцілі апошнія тыдні сустрэчам з палітыкамі, журналістамі ды актывістамі ва Украіне, Польшчы, Літве. Сярод іншага, Кабанчук і Шчыгельскі сустрэліся з беларускаю дыяспарай у Беластоку. Асноўны мэсідж – полк Каліноўскага выходзіць на палітычнае поле.

Вадзім Кабанчук
Намеснік камандзіра Палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук падчас прэс-канферэнцыі ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Вадзім Кабанчук: рыхтуем вызвольны паход на Менск

«Палітычны субʼекты ствараецца не самім палком, а з даручэння палка. Каб потым не гаварылі, што байцы ЗСУ займаюцца палітыкай. Але маштабы і задачы, якія стаяць перад намі, вымагаюць стварэння палітычнага субʼекту, менавіта з прысутнасцю ва Украіне як ключавой дзяржаве, якая будзе ўплываць на хаду падзеяў у рэгіёне. Менавіта з перамогай Украіны мы звязваем умовы для вызвалення Беларусі», – сказаў Вадзім Кабаначук.

І заявіў, што паўстае ўтварэнне з працоўнай назвай Рады бяспекі. «У нас ёсць прэтэнзія на дзяржаўны орган кіравання ў пераходны перыяд. Мы прагназуем, што перамены ў Беларусі будуць звязаныя з перамогай Украіны, як я казаў вышэй. Магчыма, з разгромам расейскіх і беларускіх войскаў, калі Беларусь уступіць у наземную аперацыю. Значыць, дзяржава з першых гадзінаў мусіць быць кіраванаю, і мы гатовыя выканаць гэта. Мы рыхтуемся да вызвольнага паходу на Менск», – адзначыў Кабанчук.

Таксама намеснік камандзіра палка Каліноўскага назваў тых, хто фінансуе фармаванне. «Большасць сродкаў на забеспячэнне нашага палка ідзе ад беларускіх дыяспараў. ЗСУ, часткаю якіх мы зʼяўляемся, забяспечвае нас, напрыклад, зброяй», – адзначыў Кабанчук.

Зміцер Шчыгельскі: варта вярнуцца да парламенцкай рэспублікі, каб зноў не было дыктатуры

Шчыгельскі распавёў, што неабходна зрабіць у першыя шэсць месяцаў пасля падзення рэжыму Лукашэнкі, каб правесці свабодныя і дэмакратычныя выбары.

«Каб правесці выбары, трэба адбудаваць сродкі масавай інфармацыі, судовую сістэму, якой зараз няма зусім. І судовую сістэму не з тых, хто выносіў палітычныя прысуды, а сапраўдную судовую сістэму – незалежную. І гэта важна яшчэ таму, што на любых выбарах, як бы яны ні праходзілі, будуць тыя, хто не задаволены. І адзіны спосаб у такім разе – ісці ў суд і там даказваць. Таксама мы будзем вымушаныя правесці рэформу сістэмы выбараў. Праводзіць выбары пры старой выбарчай сістэме – дрэнная ідэя, да таго ж прыйдзецца замяніць да 80 % людзей.

Таксама ў гэты час трэба будзе неяк кіраваць краінай: каб не было злачыннасці, каб у кране была вада, каб працавала каналізацыя, адукацыя, сістэма аховы здароўя, фінансавая сістэма, працавалі прадпрыемствы. Мы лічым, што паводле аптымістычных прагнозаў для правядзення выбараў спатрэбіцца шэсць месяцаў. Мы лічым, што мы мусім вярнуцца да парламенцкай рэспублікі і правесці парламенцкія выбары, а не прэзідэнцкія. Бо калі паводле дзейнай Канстытуцыі заставацца прэзідэнцкай рэспублікай, гэта вялікая спакуса стварэння новай дыктатуры», – заявіў Зміцер Шчыгельскі.

Прэсавая канферэнцыя Зянона Пазьняка, Паўла Усава, Змітра Шчыгельскага з удзелам Вадзіма Кабанчука ў Беларускім доме ў Варшаве. 7 лютага 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Ён расказваў, хто будзе кіраваць краінай у пераходны час, і чаму важна, каб усё было падрыхтавана.

Кіраваць краінаю будзе часовы ўрад. Вы можаце абазваць яго хунтай, бо любы часовы ўрад можа быць хунтай. Ёсць такія варыянты: або краінай будзе кіраваць Качанава, або ёй не будзе кіраваць ніхто і будзе сапраўдны бардак, або гэта будзе рабіць Рада бяспекі, кажуць прадстаўнікі палка Каліноўскага.

Таксама Шчыгельскі анансаваў стварэнне беларускага цэнтру ў Кіеве.

«Шмат працы зроблена, і ёсць падставы гаварыць аб тым, што ў Кіеве будзе створаны інфармацыйна-аналітычны цэнтр. Ёсць дамоўленасці з украінскімі экспертамі, з грамадзянскай супольнасцю пра супольную працу. Чаму я лічу гэта стратэгічна неабходным? Сацыялогія паказвае, што 60 % украінцаў успрымаюць беларусаў як ворагаў, давайце глядзець праўдзе ў вочы. Мы можам расказваць, што мы не рэжым і г. д. Але па вялікім рахунку ўкраінцам усё роўна. Рана ці позна вайна скончыцца, і нам прыйдзецца будаваць адносіны з украінцамі. Калі не можам змяніць стаўленне ўкраінцаў да беларусаў, і калі мы не зменім гэтага трэнду на варожасць, адносіны паміж украінцамі і беларусамі могуць стаць такія, як паміж габрэямі і палестынцамі, і гэта вельмі дрэна, таму вельмі важна рабіць працу, каб такога не было», – адзначыў Шчыгельскі.

Прадстаўнікі палка Каліўскага плануюць наведаць іншыя супольнасці беларускай дыяспары ў Польшчы і ў Літве.

АС belsat.eu

Стужка навінаў