Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа


Вугоршчына – дзіўная краіна. Фармальна яна ў афіцыйным спісе «недружалюбных» рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, але паводзіць сябе як сябра. У ангельскай мове для такога нават прыдумалі слова «frienemy» – гэта як «сябвораг». Хто яшчэ Лукашэнку сябра? «Белсат» прыдумаў крытэры, па якіх можна гэта праверыць.

Хто Лукашэнку сябра, а хто не
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Інфаграфіка: Белсат

Ніжэй тлумачым, на якой падставе залічылі дзяржавы ў «сябры» і «не сябры» рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Не сябры

Хто не сябра жыхарам Драздоў, высветліць няцяжка: пра гэта ёсць пастанова Савету міністраў са спісам «замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асобаў». У гэтым спісе дзяржавы Еўразвязу, Злучанае Каралеўства, Злучаныя Штаты і яшчэ дзесяць краінаў.

Вугоршчына, хоць і ўваходзіць у «варожы» Еўразвяз, нібыта сябруе з Лукашэнкам: ужо другі раз за год Менск наведаў міністр замежных справаў, якога Лукашэнка назваў «нашым добрым сябрам». Ды й у тым «варожым» Еўразвязе Вугоршчыну ніхто не трымае.

Адметна, што ў гэтым спісе няма Украіны, хоць рэжым Лукашэнкі выступае суагрэсарам у расейскай вайне ва Украіне. Лукашэнка пры тым выпускае віншаванні і спачуванні «народу Украіны», хоць у віншаванні іншым «сяброўскім» дзяржавам згадвае кіраўнікоў дзяржавы. І ў кіраўніцтве Украіны стаўленне да Беларусі і Лукашэнкі неадназначнае: маўляў, добра, што Лукашэнка яшчэ не ўвёў ва Украіну свае войскі, санкцыі супраць асабіста яго можна не ўводзіць, але раз з Беларусі ляцелі расейскія ракеты, дык трэба пазбаўляцца ад вывучэння беларускай мовы, прыбіраць помнік беларусам, якія загінулі за Украіну, і чыніць перашкоды беларусам, якія хочуць Украіне дапамагаць… Ды раз Палата прадстаўнікоў нядаўна пабачыла «недружалюбныя дзеянні Украіны», смела залічваем Украіну ў «недружалюбныя».

Меркаванні
9 узаемных прэтэнзіяў украінцаў і беларусаў – знайдзі сваю
2023.07.19 14:33

Дзіўная сітуацыя і з Сербіяй. Да канца 2019 года здавалася, што ўлады Сербіі сябруюць з Лукашэнкам – таго нават слухалі ў сербскім парламенце і казалі, што ён ледзь не плакаў, калі прэзідэнт Сербіі не прыйшоў на адкрыццё Еўрапейскіх гульняў у Менску… А потым Сербія ўзяла і далучылася да санкцыяў Еўразвязу. Лукашэнка сказаў падзяляць просты народ Сербіі, які яму сябра, і палітыку Сербіі, якую ён апісаў фразай «на трох крэслах усядзець».

Цяжка вызначыць адносіны і з іншымі краінамі. Здавалася б, Лукашэнка і не супраць сябраваць з Грузіяй, ды апошні візіт Лукашэнкі ў Грузію быў не ў Тбілісі ці Батумі, а ў непрызнаную Абхазію. І з Малдовай складана: з мінулым прэзідэнтам Лукашэнка катаўся на трактары, а дзейная прэзідэнтка Малдовы прымае ў госці выбраную прэзідэнтку Беларусі Святлану Ціханоўскую

Дык хто сябра

Дакладна, што галоўны сябра рэжыму Лукашэнкі – рэжым Уладзіміра Пуціна. За бягучы год Лукашэнка сем разоў ездзіў да Пуціна, безліч разоў ладзіў сустрэчы з расейскімі чыноўнікамі і кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў (летась сустракаўся нават з расейскім філосафам-фашыстам) і безліч разоў называў Расею «старэйшым братам». Некаторыя аналітыкі кажуць, што лукашэнкаўскі рэжым трымаецца перш за ўсё дзякуючы апоры на Маскву.

А астатнія? Лукашэнка-та гатовы назваць сябрам нават таго, каго лічаць людажэрам у простым сэнсе слова. Ды вунь з Кітаем у яго нібыта «ўсепагоднае партнёрства», а на важны форум у Пекін не запрашаюць.

Аналітыка
Тупік на Шаўковым шляху? Беларуска-кітайскі «Вялікі камень» спыняецца ў сваім развіцці
2023.08.18 08:00

Добрым крытэрам маглі б быць аб’ёмы вонкавага гандлю: з кім больш гандлюем ва ўмовах санкцыяў, з тымі і сябруем. Але ў Беларусі даўно не публікуюць дэталізаваную статыстыку вонкавага гандлю. Апошні раз з разбіўкай па краінах яе публікавалі за 2021 год (PDF). Тады ў лідарах паводле аб’ёмаў гандлю былі Азербайджан, Бразілія, ЗША, Індыя, Італія, Казахстан, Кітай, Латвія, Літва, Нідэрланды, Нямеччына, Польшча, Расея, Турэччына, Украіна, Францыя, Швейцарыя і Швецыя. Больш за палову гэтых краінаў цяпер увялі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а з Украінай гандаль амаль спыніўся праз вайну. Цяпер хіба вядома, што каля 70 % вонкавага гандлю Беларусі ідзе з дзяржавамі Шанхайскай арганізацыі супрацы.

Глядзім, з прадстаўнікамі якіх дзяржаваў Лукашэнка асабіста сустракаўся пасля выбараў 2020 года: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Бразілія, В’етнам, Венесуэла, Вугоршчына, Зімбабвэ, Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Турэччына, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея. Яшчэ была сустрэча з прадстаўніком Ватыкану, але тое быў Апостальскі нунцый у Брытаніі, толькі былы нунцый у Беларусі.

Агляд
Новы нафтавы «схематоз»? У Беларусь прыляцеў кіраўнік МЗС Венесуэлы
2023.10.16 21:46

А вось куды пасля выбараў-2020 ездзіў Лукашэнка: ААЭ, Азербайджан, Зімбабвэ, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан. Спіс нядоўгі, а гэта ж яшчэ не выдалі ордар на арышт, як на Пуціна.

Пры прызначэнні амбасадараў прынята даваць кіраўніку дзяржавы даверчыя лісты, што лічыцца прыкметай прызнання легітымнасці кіраўніка дзяржавы. Пасля выбараў-2020 даверчыя лісты Лукашэнку давалі прадстаўнікі аж 63 дзяржаваў. Можна лічыць, што Лукашэнку несумнеўна прызнаюць ААЭ, Азербайджан, Ангола, Аргентына, Арменія, Бангладэш, Бэнін, Боснія і Герцагавіна, Бразілія, В’етнам, Ватыкан, Венесуэла, Вугоршчына, Гана, Дамініканская Рэспубліка, Егіпет, Зімбабвэ, Ізраіль, Інданезія, Індыя, Ірак, Іран, Іярданія, Казахстан, Калумбія, Камбоджа, Кітай, Куба, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальтыйскі ордэн (гэта не тое самае, што Мальта, а ці дзяржава гэта, спрэчнае пытанне), Манголія, Марока, Маўрытанія, Мексіка, Намібія, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Палестына (часткова прызнаная дзяржава), Панама, Паўднёвая Афрыка, Паўднёвая Карэя, Паўночная Карэя, Расея, Руанда, Саудаўская Аравія, Сірыя, Судан, Сьера-Леонэ, Таджыкістан, Тайланд, Туніс, Турэччына, Уганда, Філіпіны, Чад, Швейцарыя, Шры-Ланка, Эквадор, Экватарыяльная Гвінея, Японія.

Абноўлена
Італія прызначыла новага амбасадара ў Беларусі? Дзіўны радок у лісце былога амбасадара
2023.10.17 11:31

І пакуль рэжым Лукашэнкі скарачае дыпламатычную прысутнасць, пасля выбараў-2020 новыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі з’явіліся ў Грузіі, Зімбабвэ, Індыі, Калумбіі і Кітаі (дакладней, Гон-Конгу).

Некаторыя краіны таксама не прызнаюць рэпрэсіяў у Беларусі, што можна лічыць прыязным да Лукашэнкі крокам. Супраць рэзалюцыяў не гэтую тэму Рады правоў чалавека Арганізацыі аб’яднаных нацыяў з 2020 года галасавалі Арменія, Балівія, Венесуэла, Індыя, Казахстан, Кітай, Куба, Расея, Філіпіны, Эрытрэя.

Такім чынам, маем шэсць «дружалюбных дзеянняў»: вонкавы гандаль (меркаваны, бо надзейных звестак няма), новыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы, візіты Лукашэнкі, сустрэчы Лукашэнкі, даверчыя лісты Лукашэнку і галасаванні супраць рэзалюцыяў па рэпрэсіях.

Калі дзяржава рабіла з 2020 года тры такія дзеянні, заносім у «блізкія сябры», калі два – проста ў «сябры», калі хаця б адно – у «дакладна не ворагі».

Аналітыка
Беларуская спецдакладчыца ААН, што адмывае дыктатуры ад санкцыяў. Хто такая Алена Доўгань
2023.09.20 07:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў