Італія прызначыла новага амбасадара ў Беларусі? Дзіўны радок у лісце былога амбасадара


Напрыканцы свайго мандату амбасадар Італіі ў Беларусі напісаў ліст, у якім назваў імя новага амбасадара. Латушка пытае: Італія збіраецца прызнаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі? Вячорка заспакойвае: замест амбасадара будзе часовы павераны.

Мар’ё Джорджа Стэфана Бальдзі
Амбасадар Італіі ў Беларусі Мар’ё Джорджа Стэфана Бальдзі.
Фота: Ambminsk.esteri.it

Амбасадар Італіі ў Беларусі Мар’ё Джорджа Стэфана Бальдзі напісаў развітальны ліст, які амбасада Італіі апублікавала ў сацсетках. Ён пісаў, што пяць гадоў ягонай працы ў Беларусі былі вельмі напружаныя: згадаў пандэмію, «сур’ёзныя хваляванні» пасля выбараў-2020 і вайну ва Украіне, але адзначыў, што намагаўся «захаваць дзверы палітычнага дыялогу адчыненымі», прасоўваць гандаль між Італіяй і Беларуссю, італьянскія мову і культуру.

Сярод іншага ён напісаў, што «перадае эстафету новаму амбасадару» («Lascio ora il testimone al nuevo Ambasciatore»), і назваў імя наступніка: Тамаза П’етра Маркеджані. Такі італьянскі дыпламат сапраўды ёсць, ён з 2020 года быў Генеральным консулам Італіі ў Жэневе.

Тамаза П’етра Маркеджані
Генеральны консул Італіі ў Жэневе Тамаза П’етра Маркеджані.
Фота: Consolato Generale d’Italia Ginevra / Facebook

Іншыя крыніцы аб новым амбасадары не паведамлялі. Сам Маркеджані ў сацсетцы «LinkedIn» на момант публікацыі не пазначыў новае месца працы – усё яшчэ працуе ў Жэневе. Маркеджані па-ранейшаму значыцца на сваёй пасадзе на сайце консульства ў Жэневе, а Бальзді – на сваёй пасадзе на амбасадзе ў Менску.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў X (былым Twitter) звярнуў увагу на ліст Бальдзі і спытаў:

«Урад Італіі плануе прызнаць дыктатара Лукашэнку?»

Справа ў тым, што для прызначэння амбасадара трэба зацвердзіць кандыдатуру ў кіраўніка дзяржавы, у якую высылаюць амбасадара, і ўручыць даверчыя лісты кіраўніку дзяржавы. Гэта азначае адназначнае прызнанне атрымальніка даверчага ліста кіраўніком дзяржавы, таму шэраг краінаў не высылае ў Беларусь новых амбасадараў. Польшча ж нават не прызначала новага амбасадара, а назвала былога амбасадара спецыяльным прадстаўніком у кааперацыі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі – фактычна, экс-амбасадар захаваў старую працу пад новай назвай.

Абноўлена. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка піша, што Маркеджані прыбудзе ў Беларусь у статусе часовага паверанага і не будзе ўручаць даверчыя лісты Лукашэнку. Вячорка заяўляе, што такая была дамоўленасць дэмакратычных сілаў з міністэрствам замежных справаў Італіі, з якім «мы ў пастаянным кантакце».

Hавiны
Амбасадарка Швецыі з’ехала з Беларусі, напісала мілы развітальны ліст
2022.08.18 17:38

У 2022 годзе ў Італіі прайшлі выбары, па выніках якіх да ўлады прыйшла кааліцыя правых сілаў на чале з партыяй «Браты Італіі», якую ў розных крыніцах называюць права-папулісцкай ці ўльтраправай, нават неафашысцкай ці постфашысцкай, ды лідарка партыі кажа, што італьянскія правыя «пакінулі фашызм у гісторыі», то значыць, адвярнуліся ад яго.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў