Навошта Вугоршчыне Лукашэнка? Бо гэта ёй нічога не каштуе, тлумачыць Фрыдман


Міністр замежных справаў Вугоршчыны 26 кастрычніка зноў наведаў Беларусь – і гэтым разам ужо сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Чаго Вугоршчына, «нонканфарміст» Еўразвязу, хоча ад Беларусі (або не ад Беларусі), расказвае «Белсату» гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Петэр Сіярта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам
Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2023 года.
Фота: Szijjártó Péter / Facebook

Аляксандр Лукашэнка 26 кастрычніка правёў перамовы з міністрам замежных справаў Вугоршчыны Петэрам Сіяртам, праз яго перадаў запрашэнне ў Беларусь прэм’ер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану.

Сіярта ў час гэтага візіту ў Менск таксама сустрэўся з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Алейнікам і выступіў на канферэнцыі «Еўразійская бяспека». Сёлета ён ужо бываў у Менску, але ў красавіку, імаверна, сустракаўся толькі з міністрам замежных справаў – пра сустрэчу з Лукашэнкам не расказвалі.

26 кастрычніка ў час сустрэчы з Лукашэнкам Сіярта тлумачыў, што прыехаў, бо «верыць у дыялог» і хоча, каб «па суседстве быў мір», а ў суседзяў (Вугоршчына не мяжуе з Беларуссю, але мяжуе з Украінай) ідзе вайна, у якой «паміраюць і вугорцы», а «перакрыццё каналаў зносінаў ёсць адмовай ад надзеі на мір». Амаль так жа ён тлумачыў мінулую сустрэчу.

Ды пакуль няма надзеяў на мірныя перамовы Расеі і Украіны, чаго напраўду хоча Вугоршчына ад Беларусі? Ці не «ад Беларусі», а візіт быў «дзеля Расеі» або «каб пазлаваць рэшту Еўропы»? «Белсат» спытаў пра гэта гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.

Стасункі з Лукашэнкам – «хай на ўсялякі выпадак будуць»?

Канешне, Вугоршчына можа мець нейкія эканамічныя інтарэсы, лічыць Фрыдман: гэта не самая вялікая краіна, насельніцтвам параўнальная з Беларуссю і з эканомікай, большай за беларускую толькі ў два з паловай разы паводле валавага ўнутранага прадукту. Але галоўная прычына зносінаў Вугоршчыны з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным рэжымам – дакладна не эканамічныя інтарэсы, упэўнены суразмоўца. Ад Менску не атрымаць таго, што можна атрымаць ад Масквы.

Ды й наўрад ці галоўны інтарэс Вугоршчыны чыста палітычны: паводле Фрыдмана, «гэта не тая сітуацыя, што Лукашэнка камусьці падабаецца».

Аляксандр Фрыдман. Скрыншот: Белсат

«Гэта разлік, – кажа Фрыдман. – Вугоршчына назапашвае пэўныя палітычныя кампетэнцыі. Яна сёння засталася фактычна адзінай краінай у Еўразвязе, якая падтрымлівае адносна добрыя стасункі з Масквой і Менскам, якая можа размаўляць і з Масквой, і з Менскам. А мы не ведаем, які можа быць міграцыйны крызіс, як можа распаўсюдзіцца вайна ва Украіне. Калі ўсё ж прыйдзецца з Лукашэнкам размаўляць, таксама як і з Пуціным, то адзіная краіна, якая сёння гэта можа зрабіць з прычыны сваіх добрых, лаяльных стасункаў, гэта Вугоршчына. І яны могуць выкарыстаць гэтую кампетэнцыю».

Вугоршчына ў патэнцыйных перамовах можа быць каналам абмену інфармацыяй, як пасярэднік, а тое можа і сама весці перамовы ад імя Еўразвязу, працягвае ён.

«Гэта той досвед, які Орбану, чалавеку прагматычнаму, вельмі важны: хай будзе, можа, будзе такі спрыяльны момант, што атрымаецца гэта прадаць, – кажа Фрыдман пра тое, як можа разважаць кіраўнік Вугоршчыны. – Напрыклад, атрымаць за гэта нейкія прэферэнцыі ад еўрапейцаў».

Да таго ж, такія сустрэчы Вугоршчыне «нічога не каштуюць», адзначае палітычны аглядальнік: «Рэпутацыя – гэта не пра Вугоршчыну, маральна-этычныя каштоўнасці – не пра гэты ўрад». Маўляў, прыехаў міністр – ну і прыехаў, гэта ж не Вугоршчыне трэба, а Лукашэнку, якому трэба «паказацца, трансляваць нейкія мэсэджы».

А навошта тады была сустрэча з Ціханоўскай?

Два гады таму той самы міністр замежных справаў Вугоршчыны Сіятра, які цяпер сустракаецца з Лукашэнкам, размаўляў са Святланай Ціханоўскай, апраўдваўся перад ёй за візіт свайго прэм’ера ў Беларусь, запэўніваў у падтрымцы Вугоршчынай беларусаў, запрашаў саму Ціханоўскую ў Вугоршчыну.

Петэр Сіярта і Святлана Ціханоўская
Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта і Святлана Ціханоўская на «Афінскім форуме дэмакратыі». Афіны, Грэцыя. 1 кастрычніка 2021 года. Скрыншот: Светлана Тихановская / Telegram

Гэта таксама «хай будзе на ўсялякі выпадак»?

Фрыдман згадвае: тады, у 2021 годзе, у Вугоршчыне, напэўна ж, бачылі, што ідзе агульная падтрымка дэмакратычнай Беларусі з еўрапейскага боку, і тады не было вядома, як у выніку зменіцца сітуацыя ў Беларусі – дык сапраўды, чаму не паспрабаваць, чым гэта пашкодзіць?

Ціханоўская ў выніку так і не прыехала ў Вугоршчыну. Фрыдман лічыць, што запрашэнне Ціханоўскай маглі адклікаць – звычайна ж калі Ціханоўскую запрашаюць, яна едзе.

А што, калі праз Беларусь у Еўразвяз пойдуць уцекачы з Газы?

На момант размовы, канстатуе Фрыдман, Беларусь як краіна для Еўразвязу нецікавая: нічога новага не адбываецца ва ўнутранай палітыцы, Еўропа не можа паўплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі, Лукашэнка не дае асаблівых нагодаў да новых санкцыяў, а вонкавая палітыка не выглядае так, што Лукашэнка будзе ўмешвацца ў вайну ва Украіне або асабліва дапамагаць Расеі.

Але ёсць сцэнар, які абмяркоўваецца на экспертным узроўні, расказвае аглядальнік. Тэарэтычна магчыма, што Расея можа арганізаваць трансфер уцекачоў з сектару Газа праз Егіпет у Беларусь, а з беларускай тэрыторыі стане нелегальнымі шляхамі закідваць гэтых людзей на тэрыторыю Еўразвязу.

Для Расеі «паўтарыць 2021 год» такім чынам – у любым выпадку «выйгрышная гісторыя», лічыць Фрыдман. Атрымаецца закінуць уцекачоў – будзе дэстабілізацыя ў Еўразвязе, не атрымаецца – будуць сцэны гвалту на мяжы, якія можна «прадаць» у арабскім свеце, а эмігранты будуць праблемай не Расеі, а Лукашэнкі.

Аналітыка
Як можа выглядаць перамога Ізраілю над «Хамасам» і што далей будзе з сектарам Газа?
2023.10.23 08:29

Пакуль нічога не сведчыць, што гэткі сцэнар будзе рэалізаваны, адзначае суразмоўца: не відаць лагістычнай падрыхтоўкі, а Егіпет наўрад ці пагадзіцца на такое, бо гэта будзе значыць рэзкае пагаршэнне адносінаў з Еўропай і ўвядзенне санкцыяў.

І нават калі такі сцэнар будзе рэалізаваны, то Лукашэнка ў гэтым будзе адыгрываць другасную ролю, але перамовы з ім могуць спатрэбіцца, рэзюмуе Фрыдман. Цяперашні ўрад Вугоршчыны рэзка антыміграцыйны, дык можа паспрабаваць праявіць сябе ў такім патэнцыйным крызісе.

Ці можа, Вугоршчына хацела паразмаўляць з Іранам?

Фрыдман звяртае ўвагу таксама на канферэнцыю «Еўразійская бяспека», у якой браў удзел Сіярта. Іран на гэтай канферэнцыі прадстаўляў намеснік міністра замежных справаў. Можа, спачатку планавалася, што прыедзе міністр замежных справаў Ірану, які цяпер раптоўна прыляцеў у Злучаныя Штаты і вядзе там нейкія таямнічыя перамовы?

Улічваючы шчыльныя адносіны Лукашэнкі з Іранам, можна было чакаць, што ў Беларусі будзе не намеснік міністра, а сам міністр замежных справаў Ірану. Фрыдман дапускае, што Сіярта разлічваў, што ў Менску можна будзе паразмаўляць з іранскім калегам – праявіць сябе яшчэ і так у вонкавай палітыцы, падвысіць вагу сваёй краіны.

«Трэба ўлічваць гэтую асаблівасць вугорскай палітыкі: гэта маленькая краіна, якая, аднак, з вельмі вялікімі амбіцыямі Орбана, якая дэкларуе сваю самастойнасць і якой трэба падкрэсліваць сваё адрозненне, – нагадвае Фрыдман. – З гэтага Орбан фактычна і жыве ўнутрыпалітычна: ён падкрэслівае, што ён вядзе правугорскую палітыку, не арыентуецца на Еўропу, крытыкуе яе і, у адрозненне ад еўрапейцаў, мае добрыя стасункі з Расеяй».

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 19:40

На дадатак да таго суразмоўца заўважае, што Сіярта ў Менску прымаюць на самым высокім узроўні – у іншых краінах яго прымаў бы максімум міністр замежных справаў. А ў Беларусі ён адзін з галоўных гасцей, нават «галоўны еўрапейскі госць» – і гэта падвышае вагу Вугоршчыны. Ад такога выйграе Орбан, а не Лукашэнка, мяркуе Фрыдман.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў