Як можа выглядаць перамога Ізраілю над «Хамасам» і што далей будзе з сектарам Газа?


Армія абароны Ізраілю рыхтуецца да маштабнай наземнай аперацыі ў сектары Газа, падчас якой плануецца цалкам знішчыць групоўку «Хамас». Аднак фізічнае знішчэнне тэрарыстаў ды іхнай інфраструктуры – толькі палова праблемы, якая стаіць перад Ізраілем. Куды больш важна зразумець, што рабіць з сектарам Газа далей, як не дапусціць з’яўлення новых тэрарыстаў. Не выключана, што адназначнага адказу на гэтае пытанне ў кіраўніцтва Ізраілю пакуль няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскі танк рухаецца ўздоўж мяжы з сектарам Газа. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: Gil Cohen Magen / AFP / Eats News

Наземная аперацыя як непазбежнасць

Неўзабаве пасля нападу тэрарыстаў на Ізраіль прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу заявіў, што плануе цалкам знішчыць «Хамас», і анансаваў наземную аперацыю ў сектары Газа. Яе пачатак чакаўся яшчэ ў канцы мінулага тыдня, але адклалі, імаверна, праз неабходнасць дыпламатычна падрыхтавацца да акцыі і дамовіцца ў гуманітарных пытаннях. Разам з тым пра скасаванне аперацыі гаворкі няма: уваход Цагалю ў сектар Газа выглядае непазбежным. А пакуль Ізраіль працягвае наносіць паветраныя ўдары па інфраструктуры «Хамасу» ды «Ісламскага джыхаду».

Ізраіль сабраў дзясяткі тысяч вайскоўцаў ля межаў сектару Газа, а ўсяго ў армію прызвалі каля 360 тысяч рэзервістаў. Міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт загадаў вайскоўцам Цагалю «арганізавацца і быць напагатове» напярэдадні чаканага пачатку сухаземнай аперацыі.

«Тыя, хто цяпер глядзяць на Газу здалёк, убачаць яе знутры. Я вам гэта абяцаю», – заявіў ён 19 кастрычніка падчас сустрэчы з жаўнерамі, дыслакаванымі ўздоўж мяжы з палестынскім анклавам.

Ізраільскіх жаўнераў на мяжы з сектарам Газа таксама наведаў прэм’ер Нэтаньягу: «Увесь Ізраіль падтрымлівае вас, і мы збіраемся нанесці магутны ўдар па нашых ворагах, каб дабіцца перамогі».

Агенцтва «Reuters» сцвярджае, што наземная аперацыя «не будзе мець аналагаў у жорсткасці і не будзе падобнаю да таго, што Ізраіль рабіў у сектары Газа раней». Выданне са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведамляе, што стратэгія Ізраілю – разбурыць інфраструктуру сектару Газа (нават коштам вялікіх ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва), выціснуць мясцовых жыхароў да мяжы з Егіптам (Цагаль заклікаў 1,1 млн чалавек эвакуявацца на поўдзень яшчэ тыдзень таму) і знішчыць сеткі падземных тунэляў «Хамасу».

Як перамагчы і што рабіць потым

Нягледзячы на каласальную перавагу Ізраілю над «Хамасам» у тэхніцы і ўзбраенні, знішчэнне групоўкі не простая задача. Вядома, што баевікі пабудавалі ў сектары Газа сапраўдны падземны горад тунэляў, уплецены ў жылую інфраструктуру, ён праходзіць пад дамамі мірных жыхароў. У такім умовах «Хамас» можа весці працяглую партызанскую вайну.

Галоўны рэдактар службы навінаў ізраільскага 9 каналу Дзмітрый Дубаў мяркуе, што разлічваць на «маленькую пераможную вайну» не варта – наземная аперацыя можа зацягнуцца.

«Сказаць, што мы хочам знішчыць «Хамас» – гэта выдатна. А як гэта будзе выглядаць? Трэба будзе абараняць сектар Газа ад тысяч і тысяч тэрарыстаў… Як прывесці да сітуацыі, калі ў сектары Газа не застанецца ніводнага тэрарыста, я, шчыра кажучы, не ведаю», – адзначыў Дубаў у эфіры праграмы «Вось так».

Вайсковы гісторык, выкладчык Тэль-Авіўскага ўніверсітэту Якаў Фалькоў у інтэрв’ю «Белсату» выказаў меркаванне, што маштабны ўвод ізраільскіх войскаў увогуле можа быць абмежаваны паўночнаю часткаю сектару Газа. Рэч у тым, што на поўдні пасля абвяшчэння эвакуацыі канцэнтруецца вялізарная колькасць цывільнага насельніцтва, і баявыя дзеянні ў гэтых умовах могуць прывесці да каласальных чалавечых ахвяраў, што непазбежна выкліча рэзка негатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасці.

«На поўдні відавочна будуць праводзіцца іншыя дзеянні, як увод сілаў спецыяльных аперацыяў, невялікіх выведных групаў і гэтак далей. Гэта значыць, без шырокамаштабнага ўводу войска ў паўднёвую частку сектару Газа», – упэўнены Фалькоў.

Аднак галоўная праблема заключаецца ў тым, што рабіць з сектарам Газа пасля вайны. Улады Ізраілю пакуль ніякіх планаў на гэты конт не абвяшчалі. Прадстаўнік Цагалю Даніель Гагары заявіў, што статус сектару Газа пасля ўварвання Ізраілю зробіцца «глабальным пытаннем» для міжнароднага абмеркавання: «Мы разгледзелі ўсе магчымыя варыянты».

Паводле «Reuters», у Ізраілю проста няма стратэгіі выхаду з цяперашняй сітуацыі, і прынамсі некаторых прадстаўнікоў адміністрацыі Байдэна гэта вельмі турбуе. «Ізраіль не мае фінальнага рашэння для Газы. Яго стратэгія складаецца ў тым, каб скінуць тысячы бомбаў, знішчыць усё і ўвайсці. Але што потым?» – адзначае крыніца ў службах бяспекі.

Якія ёсць варыянты

Гісторыя палестынска-ізраільскага канфлікту ведае некалькі варыянтаў існавання сектару Газа. Пасля арабска-ізральскай вайны 1948–1949 гадоў. Заходні бераг ракі Іярдан быў акупаваны Іярданіяй, а сектар Газа – арміяй Егіпту. Такое становішча захоўвалася да 1967 года, калі ў выніку Шасцідзённай вайны гэтыя тэрыторыі перайшлі пад кантроль Ізраілю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Намёты для ўнутрана перамешчаных асобаў, якія былі ўстаноўлены UNRWA (Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам і арганізоўвання працаў) у Хан-Юнісе на поўдні сектара Газа. 19 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mahmud Hams / AFP / East News

Мірная дамова Ізраілю і Егіпту 1979 года, а таксама палестынска-ізраільскія пагадненні 1993-га ў Осла стварылі падмурак для фармавання Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі і вываду ізраільскай арміі з сектару Газа. Гэтыя працэсы працякалі ў вельмі складаных умовах. У канцы XX стагоддзя і пачатку наступнага адбыліся дзве крывавыя палестынскія інтыфады (партызанскія войны, якія вяліся тэрарыстычнымі метадамі). Толькі ўлетку 2005 года ў межах плану аднабаковага размежавання ізраільскі ўрад пачаў прымусовую эвакуацыю сваіх грамадзянаў і вывад ізраільскіх войскаў з сектару Газа.

Палестынцы атрымалі магчымасць самастойна вызначыць свой далейшы лёс. У студзені 2006 года на першых дэмакратычных выбарах у заканадаўчыя органы сектару Газа адразу перамаглі радыкалы – ісламісцкая групоўка «Хамас». Пасля пачалася грамадзянскай вайна, у выніку якой Палестынская нацыянальная адміністрацыя, якую ўзначальваў лідар умеранага свецкага руху «Фатх» Махмуд Абас, цалкам страціла кантроль над сектарам Газа. З таго часу там пануе «Хамас».

«Хамас» з самога пачатку не прызнаваў ніякіх дамоўленасцяў і кампрамісаў з габрэямі: групоўка ставіць на мэце поўнае знішчэнне Ізраілю. «Хамас» прывучае жыхароў рэгіёну з дзяцінства ненавідзець габрэяў і прапагандуе ўзброеную тэрарыстычную барацьбу супраць Ізраілю. Атакі на тэрыторыю Ізраілю ладзіліся «Хамасам» рэгулярна, найбуйнейшаю з якіх стаўся напад 7 кастрычніка 2023 года.

Гэтак, за 85 гадоў суіснавання сектару Газа з дзяржавай Ізраіль яшчэ не было выпрацавана эфектыўнага і прымальнага для ўсіх спосабу кіравання гэтаю тэрыторыяй.

Новая працяглая акупацыя сектару Газа Ізраілем будзе непрымальнаю для міжнароднай супольнасці, у тым ліку для галоўнага саюзніка – ЗША. Пра гэта прэзідэнт Джо Байдэн заявіў 16 кастрычніка ў інтэрв’ю CBS.

«Радыкалы «Хамасу» не рэпрэзентуюць усяго палестынскага народу. І я думаю, будзе памылкаю з боку Ізраілю зноў акупаваць сектар Газа», – заявіў амерыканскі лідар, які пры гэтым не ставіць пад сумнеў неабходнасці разграміць «Хамас» у тым ліку пры дапамозе наземнай аперацыі.

У сцэнары акупацыі не зацікаўлены і Ізраіль, бо для такой невялікай краіны гэта будзе непасільная ноша. Каментуючы заяву Байдэна, ізраільскі амбасадар у ЗША Міхаэль Гэрцаг адзначыў, што ягоная краіна не мае намеру акупаваць сектар Газа і не хоча кіраваць жыццямі больш як двух мільёнаў палестынцаў.

У інтэрв’ю CBS Байдэн заявіў, што ў сектары Газа маюць кіраваць менавіта палестынскія ўлады. Паводле «Reuters», Вашынгтон прапануе ўцягнуць у будучыню кіраванне сектарам Газа палестынскую адміністрацыю, якая цяпер кантралюе Заходні бераг ракі Іярдан. Аднак у 2006–2007 гадах умераны «Фатх» не здолеў утрымаць улады ў сектары Газа. У амерыканцаў і цяпер «ёсць вялікія сумневы» ў тым, што палестынская адміністрацыя здольная кіраваць гэтаю тэрыторыяй. Пагатоў «Хамас» цягам 16 гадоў знішчаў любую палітычную альтэрнатыву ў сектары Газа ды актыўна прапагандаваў сярод насельніцтва радыкальныя ідэі.

«У мяне адчуванне такое, што [у Ізраілю] няма ніякага разумення таго, што рабіць з Газаю пасля перамогі.

Бо ясна, што нехта павінен кіраваць гэтаю тэрыторыяй. І ясна, што гэты нехта – гэта таксама «Хамас» сёння. «Хамас» не толькі ўзброеная групоўка, не толькі баевікі, але яшчэ і чыноўнікі, якія там застаюцца. Гэта таксама «Хамас» проста таму, што «Хамас» цалкам распаўсюдзіў свой уплыў на ўсю гэтую тэрыторыю. Усе мясцовыя ўлады – гэта «Хамас». Іх таксама забіваць? А хто будзе аднаўляць дамы, адбудоўваць інфраструктуру? Нам гэта абсалютна не трэба, мы не жадаем акупаваць сектару Газа – мы там не застанемся», – сцвярджае галоўны рэдактар службы навінаў ізраільскага 9 каналу Дзмітрый Дубаў.

Пры гэтым, калі проста пакінуць жыхароў сектару Газа самым сабе, там неўзабаве з’явіцца групоўка яшчэ больш радыкальная за «Хамас». «А значыць, неабходны нейкі кантроль, неабходны ўдзел нейкіх міжнародных інстытутаў», – разважае Дубаў.

Экс-прэмʼер Ізраілю Эгуд Барак раней заявіў, што ідэальным выхадам з сітуацыі сталася б патрабаванне з боку ААН і Лігі арабскіх дзяржаваў стварыць арабскую групу на чале з егіпецкімі, мараканскімі, саудаўскімі і бахрэйнскімі прадстаўнікамі для падтрымання парадку ў сектары тэрмінам да паўгода «з мэтаю далейшага правядзення там выбараў». Але палітык і сам прызнае, што гэтая задача можа аказацца невыканальнай. Арабскія краіны могуць проста не захацець браць на сябе такую адказнасць.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў