Кіраўнік МЗС Вугоршчыны прыляцеў у Менск на канферэнцыю і да Лукашэнкі


Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта прыляцеў у Менск другі раз за год, перадае БелТА. Мэта цяперашняга візіту – канферэнцыя «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, што трансфармуецца», а таксама сустрэча з Лукашэнкам.

Кіраўнік МЗС Вугоршчыны Петэр Сіярта на канферэнцыі ў Менску. 26 кастрычніка 2023 года.
Фота: belarusdiplomacy / Telegram

Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта прыляцеў у Менск і пачаў візіт з сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Алейнікам. Што яны абмяркоўвалі і аб чым дамовіліся, не паведамляецца.

Кіраўнікі МЗС Вугоршчыны і Беларусі Петэр Сіярта і Сяргей Алейнік на сустрэчы ў Менску. 26 кастрычніка 2023 года.
Фота: БелТА

Сіярта ўзяў удзел у канферэнцыі «высокага ўзроўню», што называецца «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, што трансфармуецца». Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, на форум запрошаныя «больш за 300 гасцей з больш за 30 краінаў».

Вугорскага міністра пасадзілі ў залі паміж кіраўнікамі МЗС Беларусі і Расеі Сяргеем Алейнікам і Сяргеем Лаўровым.

«Вугоршчыне дакладна пашчасціць. Жаданне загаданае паміж дзвюма Сяргеямі», – паведаміў Telegram-канал «Глас МИДа», які звязваюць з прэс-сакратаром міністэрства Анатолем Глазам.

На канферэнцыі Сіярта прызнаў, што праз прыезд туды можа зазнаць «сур’ёзную крытыку ў некаторых частках Еўропы».

«Я перакананы ў тым, што дыялог – гэта важная рэч. Перакананы ў тым, што падтрымоўваць каналы камунікацыі вельмі важна. Менавіта з гэтай прычыны я з радасцю прыняў гэтае запрашэнне», – цытуе дыпламата БелТА.

Вугорскі міністр таксама заявіў, што ЕЗ «сутыкнуўся з сур’ёзнымі выклікамі, звязанымі з бяспекаю і рэзкім падзеннем эканамічнай канкурэнтаздольнасці».

«Мы, вугорцы, – сябры Еўразвязу і члены NATO. Мы зацікаўленыя ў тым, каб Еўропа была моцнаю і бяспечнаю. Аднак, каб Еўропа зноў была моцнаю і бяспечнаю, неабходны дзве рэчы. Першая – гэта мір, і другое – гэта сувязь. Еўрапейскія народы, у тым ліку вугорцы, ужо заплацілі вялікую цану за вайну ва Украіне, нягледзячы на ​​тое, што мы не нясем за яе ніякай адказнасці».

Потым Сіярта паехаў на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў канал «Пул первого».

Hавiны
У Еўразвязе ніхто не трымае. Бурэль жорстка адказаў прэм’еру Вугоршчыны
2023.10.25 10:29

Раней, 1 кастрычніка 2021 года, міністр замежных справаў Вугоршчыны сустрэўся з абранай прэзідэнткаю Святланай Ціханоўскай. Яны ўзялі ўдзел у дэбатах у Афінах. Тады Сіярта тлумачыў візіт прэм’ер-міністра Віктара Орбана да Лукашэнкі ў разгар рэпрэсіяў «прагматычнымі стасункамі», але казаў, што «усё змянілася», і Будапэшт падтрымаў усе санкцыі ЕЗ. Міністр таксама запрасіў Ціханоўскую з афіцыйным візітам у Вугоршчыну, пісаў Telegram-канал абранай прэзідэнткі.

Дэбаты міністра замежных справаў Вугоршчыны Петэра Сіярты з абранай прэзідэнткаю Беларусі Святланай Ціханоўскай на Афінскім дэмакратычным форуме, Грэцыя. 1 кастрычніка 2021 года.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

Між тым сёння ў Бруселі распачынаецца двухдзённы саміт кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў Еўразвязу. DW піша, што адна з тэмаў перамоваў – новы пакет санкцыяў супраць Расеі. Чакаецца дыскусія пра эмбарга на алмазы і алюміній, а таксама пра новыя абмежаванні ў дачыненні тавараў падвойнага прызначэння.

Імаверна, у цэнтры ўвагі саміту будзе прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан, вядомы прыхільным стаўленнем да Крамля. Днямі палітык параўнаў савецкую акупацыю ягонай краіны з цяперашнім сяброўствам у ЕЗ. У адказ вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль заявіў, што Вугоршчыну ніхто не трымае ў гэтым аб’яднанні.

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 19:40

СК belsat.eu

Стужка навінаў