Лукашэнка абвясціў сябе «заўзятым прыхільнікам захавання ЕЗ» і назваў вайну ва Украіне не патрэбнай Беларусі


Аляксандр Лукашэнка абвясціў сябе «заўзятым прыхільнікам захавання ЕЗ» і назваў прэм’ер-міністра Вугоршчыны «нашым добрым сябрам». Ён заявіў пра гэта на сустрэчы з кіраўніком МЗС Вугоршчыны Петэрам Сіярта, перадае БелТА.

Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта.
Фота: belta.by

«Мне прыемна з вамі сустракацца», – такімі словамі Аляксандр Лукашэнка распачаў перамовы ў Менску з міністрам замежных справаў Вугоршчыны Петэрам Сіярта.

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі назваў вугорскага прэм’ер-міністра Віктара Орбана «нашым добрым сябрам» і абвясціў сябе «заўзятым прыхільнікам захавання Еўрапейскага Звязу».

«Не таму, што я вельмі люблю Еўрапейскі Звяз, а таму, што ЕЗ разам з ЗША, Кітаем, Расеяй, у нейкай ступені Індыяй ёсць моцнымі апорамі існавання нашай планеты. Калі гэтую апору вырваць з-пад гэтай сістэмы, будзе вельмі кепска для ўсіх», – заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што выступае за захаванне ЕЗ, нягледзячы на «цяперашнюю турбулентнасць у ЕЗ і санкцыі, якія Еўразвяз ухваляе супраць нас». «Мы людзі не злапомныя», – сцвярджае ўзурпатар.

Лукашэнка таксама закрануў тэму вайны ва Украіне і заявіў, што ягоная пазіцыя «прыкладна такая ж, як Вугоршчыны»: «Нам гэтая вайна не патрэбная, як і вам. Мы суседзі. Гэта ў нашым доме ідзе вайна».

Ён упэўнены, што спыненне вайны залежыць не ад Расеі, а ў шмат чым – ад ЕЗ. «Хоць я разумею, што ціск з-за акіяну ажыццяўляецца моцны. Але абсалютна перакананы, што, калі б еўрапейцы захацелі, мы маглі б скончыць гэтую вайну і дамовіцца, зрабіць пэўныя высновы, каб гэтага больш не адбылося», – сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён раскрытыкаваў ЗША за дапамогу Украіне зброяй:

«Тое, што амерыканцы пастаўляюць ракеты ATACMS украінцам – яны мусяць разумець, што яны ажыццяўляюць эскалацыю ў гэтай вайне. Расея ніколі з гэтым не змірыцца, дый мы ў тым ліку. Таму нам трэба ўсяляк гэтаму процістаяць, калі мы не хочам зноў апынуцца ў гэтым гарачым катле не супрацьдзеяння, а жудаснай смяротнай вайны».

Абноўлена
Кіраўнік МЗС Вугоршчыны прыляцеў у Менск на канферэнцыю і да Лукашэнкі
2023.10.26 12:16

Сіярта, у сваю чаргу, падзякаваў за сустрэчу і заявіў, што «закрыццё каналаў стасункаў ёсць адмоваю ад спадзеваў на мір».

«У суседзяў ідзе вайна, за якую мы ніяк не адказваем, але мы плацім за яе. Мы хацелі б, каб гэтая вайна як мага хутчэй скончылася. Таму мы прыспешваем замірэнне і спыненне агню. Я шчыра спадзяюся, што хутчэй раней, чым пазней, зʼявіцца магчымасць для гэтага. Мы выдатна ведаем, што без дыялогу, без стасункаў гэта ніколі не стане магчымым», – сказаў дыпламат.

Праз яго Лукашэнка перадаў запрашэнне Орбану наведаць Беларусь.

Аналітыка
«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі
2023.10.25 19:40

СК belsat.eu

Стужка навінаў