У Кіеўскім нацыянальным універсітэце закрылі праграму вывучэння беларускай мовы


Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі забараніў выкарыстоўваць расейскія крыніцы ў навучальным працэсе і закрыў праграмы вывучэння расейскай, беларускай моваў і фарсі. Пра гэта паведаміў рэктар універсітэту Уладзімір Бугроў.

Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі.
Фота: smapse.ru

«У нас у Інстытуце філалогіі вывучалася расейская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, фарсі (персідская). У мінулым годзе мы гэтыя праграмы закрылі. Але гэта эмацыйны крок», – адзначыў Уладзімір Бугроў.

На думку рэктара, у школе не трэба вывучаць расейскую мову і літаратуру, акрамя нейкіх твораў, якія б мусілі разглядацца ў курсе літаратураў свету. Але пры гэтым ён падкрэсліў, што гэта як на медычным аддзяленні або на біялагічным факультэце ўніверсітэту вывучаюць вірусы, так сама ва ўніверсітэце павінна вывучацца расейская літаратура пад назіраннем выкладчыка-даследчыка, а таксама мае праводзіцца крытычны аналіз.

Таксама рэктар адзначыў, што гістарычныя крыніцы на расейскай мове выкарыстоўваюцца – роўна гэтак жа, «як на турэцкай ці іншай» мовах.

Нагадаем, што на пачатку 2023 года ў Кіева-Магілянскай акадэміі была ўведзеная забарона на выкарыстанне расейскай мовы ў камунікацыі. Таксама ў Кіеве была цалкам выключаная з вучэбных праграмаў дзіцячых садкоў і школаў расейская мова.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў