Лукашэнка выступае супраць Міжнароднага суда


Узяць і адмяніць. Аляксандр Лукашэнка ў Бішкеку фактычна запатрабаваў ад саўдзельнікаў СНД не прызнаваць рашэнні Міжнароднага крымінальнага суда. Сёння ў вышук абвяшчаюць нас, а заўтра вас – так ён акрэсліў небяспеку для прысутных на саміце кіраўнікоў Садружнасці незалежных дзяржаваў, маючы на ўвазе ордар на імя пакуль што толькі Уладзіміра Пуціна. Справа ў тым, што саюзнікі па СНД аказаліся не цалкам саюзнікамі і паспрабавалі адысці на палітычную дыстанцыю ад справы з вывазам украінскіх дзяцей у Расею і Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На саміце СНД у Бішкеку Аляксандр Лукашэнка ўсяляк стараўся ўтрымаць палітычную раўнавагу. Нагадаў кіраўнікам дзяржаваў, што Савецкага Саюзу ўсе баяліся, таму трэба яднацца, заклікаў не баяцца санкцыяў Захаду, але паскардзіўся, што еднасці няма. Бо ў сумесную заяву Садружнасці незалежных дзяржаваў аб фармаванні шматпалярнага свету не ўключылі фармулёўку аб палярызацыі Міжнароднага крымінальнага суда і іншых судовых установаў.

«Але нават такая мяккая фармулёўка была падтрыманая не ўсімі. Навошта нам гэтыя міжнародныя суды? Тым больш у нашых стасунках. Тым больш, мы разумеем, асабліва цяпер, навошта гэта робіцца», – скардзіўся Лукашэнка на саміце.

У каго што баліць, той пра тое і кажа, тлумачыць палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч:

«Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Лукашэнкі за гвалтоўны вываз дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Адносна Пуціна такі ордар ужо ёсць».

Ордар, выданы на Пуціна ў Гаазе, працуе амаль па ўсім свеце. Візіт у Кыргызстан – першы за сёлета для Пуціна, бо цяпер яго могуць арыштаваць на любым форуме ў любой краіне, якая прызнае Рымскі статут. Кіраўніка Расеі і ягоную падначаленую Марыю Львову-Бялову абвінавачваюць у ваенным злачынстве – незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з Украіны ў Расею, а гэта злачынства генацыд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародны крымінальны суд.
Фота: Greger Ravik / flickr.com

«Ёсць дакладна прапісаныя нормы Міжнароднага права: на акупаваных тэрыторыях нельга мяняць грамадзянства асобам, якія там засталіся. Асабліва гэта датычыцца дзяцей. Немагчыма вывозіць з акупаваных тэрыторыяў дзяцей па-за межы дзяржавы», – падкрэслівае намеснік кіраўніцы Аб‘яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое ўзначальвае Павел Латушка, яшчэ ў чэрвені перадало ў Офіс пракурора ў Гаазе матэрыялы пра датычнасць Лукашэнкі да ваенных злачынстваў Пуціна. Цяпер рыхтуецца новы пакет. У яго ўваходзіць інфармацыя пра вываз украінскіх дзяцей у Беларусь, сабраная канфідэнцыйна, і тое, што публікуюць самі ўдзельнікі дэпартацыі дзяцей на беларускім баку.

«Тут ты паслужыш сваёй Радзіме, свайму народу, свайму роднаму Марыупалю, сваёй Данецкай народнай рэспубліцы, сваёй вялікай Расеі ў саёй вялізнай, вялікай і шчаслівай Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі, уяўляеш? Лукашэнка і Пуцін, і мы разам, увесь наш шматнацыянальны народ, мы будуем саюзную айчыну ад Берасця і да Уладзівастока. І далей», – так у акупаваным Марыупалі Аляксей Талай, дырэктар Мясцовага дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая (Беларусь) размаўляў з украінскім хлопчыкам школьнага ўзросту ў прысутнасці генсека Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова.

Гэта новае відэа, але Фонд Аляксея Талая яшчэ да пачатку адкрытай расейска-ўкраінскай вайны незаконна вывозіў украінскіх дзяцей у беларускія лагеры. Там іх ідэалагічна апрацоўвалі, рабілі з маленькіх украінцаў будучых расейскіх грамадзянаў.

«Дзеянні, звязаныя з незаконным вывазам дзяцей, з‘яўляюцца ваеннымі злачынствамі. Гэта дакладна прапісана Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суда», – нагадвае Павел Латушка.

Цяпер гаворка ідзе пра тысячы ўкраінскіх дзяцей, якіх незаконна вывозяць з акупаванай часткі Украіны ў Беларусь. Гэта і сіроты, і дзеці жывых бацькоў, якіх проста ўзялі і забралі з сем’яў. Грошы вылучаюцца з бюджэту такой структуры, як Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі – міністры абодвух дзяржаваў пад наглядам былога расейскага амбасадара ў Менску.

«Падкрэсліваю, гэтае рашэнне ўзгодненае і падтрыманае прэзідэнтам Пуціным і прэзідэнтам Лукашэнкам», – так дзяржаўны сакратар так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі Дзмітрый Мезенцаў каментаваў вылучэнне грошай на перавозку больш за тысячы дзяцей з акупаванай часткі Данбасу ў Беларусь.

Але ў СНД Пуцін і Лукашэнка генацыдных саюзнікаў не знайшлі.

«Падобна, кагосьці гэта пакуль проста не закранула. Калісьці захочаце і вы дапамагчы дзецям, падарыць ім трохі дзяцінства, выратаваць ад бамбаванняў і выбухаў, а вас за гэта абвесцяць у міжнародны вышук», – гразіў калегам па СНД Лукашэнка.

Сама СНД цяпер перажывае крызіс. Кыргызстан і Таджыкістан ваююць між сабой на памежжы прыкладна раз на год. Малдова ў саміце не ўдзельнічае, ды працягвае дэнансаваць рашэнні СНД, бо Расея абстрэльвае Украіну праз яе тэрыторыю.

Кіраўнік Арменіі таксама не прыехаў, бо Масква аказалася нулявым саюзнікам падчас канфлікту з Азербайджанам.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»