«Захад – ён розны». Вугоршчына ўсё больш адхіляецца ад курсу ЕЗ адносна Пуціна і Лукашэнкі


Улады Вугоршчыны ў чарговы раз выступілі з крытыкай Еўразвязу, параўнаўшы яго з СССР, а ў Бруселі далі на гэта рэзкі адказ, нагадаўшы ўраду Віктара Орбана, што ў ЕЗ іх ніхто сілай не трымае. Гэтая публічная сварка адбылася на фоне паглыблення супярэчнасцяў Вугоршчыны і ЕЗ наконт палітыкі ў дачыненні Расеі і Беларусі. Belsat.eu распавядае пра асаблівасці цяперашняй палітыкі афіцыйнага Будапэшту.

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан выступае з прамовай падчас святкавання 67-й гадавіны Венгерскага паўстання 1956 года ў Вэспрэме, Вугоршчына. 23 кастрычніка 2023 года.
Фота: Pool / Reuters / Forum

Скандал за скандалам

На прамове 23 кастрычніка ў гадавіну антысавецкага паўстання 1956 года прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан абвінаваціў ЕЗ у імкненні «пазбавіць Вугоршчыну яе ідэнтычнасці шляхам праз навязванне мадэлі ліберальнай дэмакратыі». Ён заявіў, што ЕЗ нагадвае сваімі метадамі Савецкі саюз.

«На шчасце, тое, што калісьці было трагедыяй, цяпер у лепшым выпадку ператварылася ў камедыю. Брусель – гэта не Масква. Масква была трагедыяй. Брусель – гэта проста дрэнная сучасная пародыя», – падкрэсліў ён.

Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль рэзка пракаментаваў заяву Орбана:

«Я не бачу ніякага падабенства між савецкай акупацыяй Будапэшту і таго, што адбывалася ў Бэрлемоне [штаб-кватэры Еўракамісіі. – Заўв. «Белсату»]. Я не бачыў шмат танкаў у Бэрлемоне, я не бачыў ніякай зброі. У любым выпадку ніякая структура не абавязвае Вугоршчыну быць сябрам Еўразвязу. Гэта свабодны выбар».

Орбану не прывыкаць аказвацца ў цэнтры скандалу праз дзіўныя ўчынкі і выказванні. Напрыклад, улетку 2022 году ён выступіў з жорсткімі антыміграцыйнымі заявамі, адзначыўшы, што выступае супраць «змешвання рас» – то бок, супраць таго, каб еўрапейцы жылі побач з нееўрапейцамі. Тады нават некаторыя паплечнікі Орбана абурыліся і назвалі ягоныя выказванні «нацысцкімі». А ў канцы 2022 году палітык з’явіўся на публіцы ў шаліку з выявай мапы «Вялікай Вугоршчыны», якая ўключае ў сябе частку тэрыторыяў сучаснай Украіны і Румыніі. Бухарэст і Кіеў пасля гэтага выступілі з нотамі пратэсту.

Цяпер Орбан выступіў з жорсткай крытыкай ЕЗ праз тыдзень пасля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Пекіне, на якой ён адзначыў, што «Вугоршчына ніколі не хацеў супрацьстаяць Расеі». Гэта была першая сустрэча Пуціна з лідарам краіны ЕЗ пасля таго, як Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт расейскага прэзідэнта. Раней у адміністрацыі Орбана заяўлялі, што не будуць арыштоўваць расейскага лідара, калі той прыедзе ў Вугоршчыну.

Сустрэча ў Пекіне выклікала рэзка негатыўную рэакцыю з боку заходніх палітыкаў і дыпламатаў. Амбасадары краін-сябраў NATO і Швецыі з гэтай нагоды сабраліся на адмысловае паседжанне. Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Каллас назвала фотаздымкі з поціскам рукі Орбана і Пуціна «вельмі непрыемнымі». Прэзідэнт Чэхіі Петр Павэл адзначыў, што Пуціну патрэбныя такія сустрэчы, каб «разбурыць адзінства еўрапейскіх краінаў і ўсяго дэмакратычнага свету». Амбасадар ЗША ў Будапэшце Дэвід Прэсман заўважыў, што «у той час як Расея наносіць удары па ўкраінскім цывільным насельніцтве, Вугоршчына моліць аб бізнес-пагадненнях».

Ад крытыка Расеі да сяброўства

Пра асаблівыя стасункі Орбана з Пуціным добра вядома, аднак далёка не ўсе ведаюць, што так было не заўсёды.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін паціскае руку прэм’ер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану падчас сустрэчы напярэдадні форуму «Пояс і шлях» у Пекіне, Кітай. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Sputnik / Reuters / Forum

Аўтарытэтны вугорскі палітолаг Андраш Рац раней зазначаў, што паміж 1988 і 2009 годам Орбан быў ледзь не самым антырасейскім палітыкам Цэнтральнай Еўропы. Ён жорстка крытыкаваў СССР і Расею. Рашэнне тагачасных вугорскіх уладаў падтрымаць праект «Паўднёвы паток» называў здрадай, а іншыя ўрады ЕЗ – «пуцінскімі марыянеткамі». Орбан выступаў супраць таго, каб «Газпрам» набыў акцыі вугорскіх хімічных кампаніяў і выступаў за абмежаванне расейскага эканамічнага ўплыву ў краіне. «Маладое пакаленне, якое нас падтрымлівае, не павінна дапусціць, каб Вугоршчына стала самым вясёлым баракам «Газпрама», – казаў ён у 2007-м. Ён таксама адназначна асуджаў агрэсію Расеі супраць Грузіі ў 2008 годзе, заклікаў заняць прынцыповую пазіцыю па гэтым пытанні, што кантраставала з вельмі стрыманай палітыкай ЕЗ таго часу.

Аднак у лістападзе 2009 года Віктар Орбан (на той момант яго партыя «Фідэс» знаходзілася ў апазіцыі) прыехаў у Санкт-Пецярбург на зʼезд «Адзінай Расеі» і асабіста пазнаёміўся з Уладзімірам Пуціным, пасля чаго яго стаўленне да Крамля рэзка змянілася. У 2010 годзе партыя Орбана перамагла на выбарах, ён стаў прэм’ер-міністрам і абвесціў палітыку «адкрыцця Усходу».

З таго часу вугорскі палітык перастаў крытыкаваць Маскву і паступова пераўтварыўся ў галоўнага саюзніка Пуціна ў Еўропе. Расейскі эканамічны ўплыў яго больш не турбаваў, ён наадварот актывізаваў развіццё двухбаковых эканамічных стасункаў. У 2014-м, ужо пасля анексіі Крыма, Орбан аддаў расейскім фірмам буйны кантракт на мадэрнізацыю і пашырэнне вугорскай АЭС «Пакш» – гэтую здзелку лаялі за непразрыстасць умоваў. Пытанні выклікалі і іншыя падазроныя энергетычныя дамовы з РФ.

З чым быў звязаны такі рэзкі паварот у стаўленне Орбана да Крамля ў 2009 годзе дакладна не вядома. Па версіі выдання The Insider, у Пуціна мог з’явіцца кампрамат на вугорскага прэм’ера: нейкая відэазапіс, які даказваў, што ў сярэдзіне 90-х Орбан нібыта меў карупцыйныя сувязі з расейскім крымінальным аўтарытэтам Сямёна Магілевіча (Магілевіча ў 2008-м затрымлівалі ў Маскве, але ў 2009-м адпусцілі). Па іншай версіі, Орбан проста зразумеў сваю выгаду ад сяброўства з Пуціным – як фінансавую (у тым ліку асабіста для сябе і свайго атачэння), так і палітычную (козыр у стасунках з Бруселем).

Кампраміс за кошт Украіны

«Расея не збіраецца нападаць на Украіну, гэта ведае кожны дурань», – казаў Орбан за некалькі тыдняў да поўнамаштабнага ўварвання.

Імаверна, ён сапраўды не верыў, што да гэтага дойдзе. Аднак на сяброўства з Пуціным гэта ніяк не паўплывала.

Пасля пачатку вялікай вайны лаяльнасць Орбана Крамлю стала выглядаць усё больш правакацыйна. Фармальна Вугоршчына асудзіла расейскую агрэсію і як адна з краінаў Еўразвязу ўвяла санкцыі супраць РФ. Аднак пры гэтым Орбан стараецца максімальна дыстанцыянавацца ад палітыкі Захаду ў дачыненні расейска-украінскай вайны. Ён спрабуе блакаваць санкцыі супраць Расеі (часам паспяхова), дамагаецца для Вугоршчыны пэўных выключэнняў і кампенсацыяў ад Бруселю.

«Нам шкада Украіну, мы салідарныя з ёй, але мы будзем яе падтрымліваць толькі да таго часу, пакуль інтарэсы Вугоршчыны не пацерпяць», – сказаў ён у адным з выступаў у парламенце.

Вугорскі прэм’ер імкнецца абмежаваць дапамогу Украіне з боку Захаду, негатыўна ставіцца да ідэі далучэння ўкраінцаў да ЕЗ і NATO. Часам ён выступае з крытыкай Кіева нібыта праз парушэнне правоў этнічных вугорцаў ва Украіне.

Hавiны
Віктар Орбан: Вугорцы больш не дадуць грошай Украіне
2023.06.30 18:48

Орбан спрабуе выставіць сябе міратворцам, які нібыта хоча проста спыніць вайну шляхам кампрамісу паміж бакамі канфлікту. Аднак па факце ён з разу ў раз агучвае наратывы, выгадныя Крамлю. Тыя кампрамісы, якія вугорскі прэм’ер прапануе, мусяць адбывацца выключна за кошт тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.

У жніўні 2023 году ён заклікаў Захад заключыць здзелку з Пуціным: спыніць вайсковую падтрымку Украіны, гарантаваць, што Кіеў не прымуць NATO і адмовіцца ад патрабавання вярнуць анексаваны Крым. Паводле яго, гэта адзінае магчымае выйсці з сітуацыі, бо Украіна нібыта ніколі не здолее перамагчы ў вайне, а з Расеяй трэба выбудоўваць «новую архітэктуру бяспекі».

Афіцыйны Кіеў традыцыйна вельмі рэзка каментуе такія заявы вугорскага прэм’ера.

Таварыш Лукашэнкі

Асобную лінію ўрад Орбана праводзіць і ў дачыненні афіцыйнага Менску. З аднаго боку Вугоршчына, як сябра Еўразвязу, падтрымлівае санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Прычым у адрозненні ад санкцыяў супраць Расеі, вугорцы ніколі не атрымлівалі ад Бруселю права на нейкія выключэнні з гэтай санкцыйнай палітыкі. Гандлёвы абарот Вугоршчыны і Беларусі праз санкцыі абваліўся больш чым на траціну.

З іншага боку, Вугоршчына тармазіць увядзенне новых абмежаванняў або дамагаецца скарачэння новых санкцыйных пакетаў.

Ніводная з краінаў ЕЗ не падтрымлівае з Менскам такіх дыпламатычных кантактаў, як Вугоршчына. У лютым 2023 году Беларусь наведаў міністр замежных справаў Петэр Сіярта – ён стаў першым чыноўнікам такога ўзроўню з краінаў Еўразвязу, які вырашыўся прыехаць у Менск пасля 2020 году. Сіярта правёў перамовы са сваім беларускім калегам Сяргеем Алейнікам і міністрам эканомікі Аляксандрам Чарвяковым. Але сустрэчы з Лукашэнкам пры гэтым не адбылося (прынамсі публічнай), што, напэўна, было не выпадкова: імаверна, на той момант у Будапэшце палічылі, што перамовы з самаабвешчаным кіраўніком Беларусі будуць занадта скандальным крокам.

Каментар
«Пыл у вочы і бессэнсоўнае выдаткаванне грошай». Эксперт аб візіце кіраўніка МЗС Вугоршчыны ў Менск
2023.02.14 14:32

У красавіку Алейнік наведаў беларуска-вугорскі эканамічны форум у Будапэшце, дзе адзначыў гатовасць Будапэшту да дыялогу, які «ніколі не спыняўся». Сіярта ў сваю чаргу заявіў, што «санкцыі ні да чаго не прыводзяць».

У верасні 2023 году новая амбасадарка Вугоршчыны Зіта Ілона Бенчык перадала Лукашэнку давяральную грамату, ад чаго пасля выбараў 2020 году паслядоўна ўхіляліся дыпламаты краінаў ЕЗ. Рашэнне ўраду Орбану не было скаардынавана з іншымі чальцамі Еўразвязу: у цэлым узровень дыпламатычнай прысутнасці еўрапейскіх краінаў у Беларусі працягвае падаць.

Амбасадарка Вугоршчыны Зіта Ілона Бенчык і Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Уручэнне давяральнай граматы вугорскай дыпламаткай шмат хто ўспрыняў як дэ-факта прызнанне легітымнасці рэжыму Лукашэнкі насуперак афіцыйнай лініі Бруселю. «Гэта сапраўды можа быць прыкметай ці сімвалам таго, што Вугоршчына, у адрозненні ад іншых краінаў, лічыць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам і гатовая развіваць з ім стасункі ў поўнай ступені. Нягледзячы ні на выбары 2020 году, ні на падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны», – канстатуе ў інтэрв’ю «Белсату» доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

«Вугоршчына – даўні і надзейны сябар Беларусі, адносіны з якім, прайшоўшы выпрабаванне часам, выбудоўваюцца на прагматычнай і ўзаемапаважлівай аснове», – заявіў Лукашэнкі на сустрэчы з дыпламатамі.

Словы пра тое, што Вугоршчына – «надзейны сябар», насамрэч гучыць парадаксальна, улічваючы, што ўсе краіны ЕЗ без выключэння афіцыйна прызнаныя ў Беларусі «несяброўскімі». А санкцыйную палітыку Захаду, у якой удзельнічае і Вугоршчына, Лукашэнка неаднойчы называў «гібрыднай вайной». Аднак зразумела, што ў Менску адхіленне Будапешту ад афіцыйнай лініі ЕЗ успрымаюць з вялікім задавальненнем.

«Захад – ён розны. Слухайце, Вугоршчына таксама на Захадзе. Так? Ну і што, яна такая, як іншыя?» – разважаў Лукашэнка падчас звароту да Нацыянальнага сходу ў сакавіку 2023 году.

Самога Орбана Лукашэнка ў 2020-м назваў «сваім таварышам», а Вугоршчыну – найбліжэйшым партнёрам Беларусі ў ЕЗ. Пры гэтым бачыліся яны, імаверна, толькі двойчы: у ліпені 2020 году Орбан праводзіў перамовы з Лукашэнкам у Менску, а, імаверна, у 2016-м у прыватным парадку размаўлялі ў кулуарах форуму ў Стамбуле. Прынамсі пра гэтую сустрэчу потым згадваў сам Орбан, адзначыўшы, што ў яго засталіся ад той размовы «прыемныя ўспаміны».

Каментар
Чаму ўлады Вугоршчыны занялі дзіўную пазіцыю адносна вайны ва Украіне і рэжыму ў Беларусі?
2023.04.15 14:20

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў